— Васі-іль! Ідзі снедаць!
Гэта кліча мяне з двара дзядзька Сцяпан. Я пакуль не спяшаюся — чакаю, калі сыдзе з дзядзькавага двара Дуня Кучараўка. Гэта яе мянушка — Кучараўка. Гэтая цётка з сінім носам кожнае раніцы абчэплівае свае чорныя валасы трубкамі-спружынкамі, каб яны кучаравіліся, чапляе на сінія вушы вялізныя ржавыя завушніцы і цэлы дзень прападае ў мястэчку, а вечарам ведае ўсё і кожнаму стрэчнаму шэпча на вуха: дзе хто ўчора быў, хто зваліўся з воза, хто з маладых хлопцаў сікаў ля царквы ці касцёла, а хто — ля дома культуры, хто аб’еўся грыбамі, хто і як цалаваўся пад мостам, каго пацук соннага ўхапіў за нос, і шмат чаго яшчэ... Тры гады назад, калі мне было дзесяць гадоў, Кучараўка перапыніла мяне ў завулку (жыла яна ў хаце за дзядзькам Восіпам, мужыком-інвалідам, ён не ўставаў з ложка, насупраць Матруны), злавіла мяне касцянымі пальцамі за плечы, прыцягнула да сваёй жоўтай падранай спадніцы, паклала шырокі бяззубы рот на маю шчаку, шмарганула, драпнула іржавай завушніцай па носе, — ну чыста Баба Яга, — і шэпча на вуха мне: ды так псыкае-бзыкае, што ў мяне заказытала ў вуху і я быў ірвануўся ад яе, але яна ўчапілася мне ў плечы, ловіць мае вуха слінявымі губамі, шэпча-казыча: «Радзіўся ты ў апрэлі, перад маем, вутрам, а ноччу той атам чорны ўзарваўся»... Я крычу ёй, галавой кручу: «Ведаю!» Ды зноў яе слінявыя губы ў мяне ля вуха: «А вот этаго ты не знаеш: не знаеш, што мамка твая радзіла цябе п’яная... выпаўзла вечарам з хаты на ганак, крычала... Пачуў Сцяпан, пабег, патэлефанаваў з канторы, прыйшла «скорая»... а татка твой ляжыць п’яны пад сталом...» Зноў крычу ёй і плачу: «Пусці!» Яна не выпускае мяне і ўжо не шэпча, а толькі шырока адкрывае рот. А з рота яе так невыносна-гадка смярдзіць! Я адварочваю, колькі можна, твар ад яе рота. Яна разумее маю гідлівасць і шэпча: «Эта ж я панюхала свякольнай самагонкі ў Іванчыкаў... вот паршывая самагонка... усім скажу». Тут мне зрабілася млосна, я нічога не бачыў з-за слёз, ікнуў раз, другі, нешта ўнутры ў мяне падымалася, ужо тое нешта ў горле, няма як дыхаць і тое нешта вось-вось выхляне з рота. Кучараўка зразумела і адштурхнула мяне ад сябе. Я ўпаў у пясок, і тут мяне званітавала... Калі мне стала лёгка, я падняў галаву ад зямлі: Баба-Яга, у падранай спадніцы, у брудных белых басаножках, адыходзіла ўсё далей ад мяне. Ля маёй рукі ляжаў ладны, з мой кулак, камень, я быў памкнуўся ўзяць яго, каб устаць і кінуць яго ў спіну Кучараўцы, але перадумаў — паціху ўстаў з зямлі, атрапаў з портак пясок, выцер рукавом вочы, пайшоў у свой двор...
Цяпер Кучараўка стаіць у двары дзядзькі Сцяпана, нешта расказвае яму, размахвае рукамі, дзядзька яе не слухае, сыпле курам зерне з рэшата, нешта гаворыць Дзіку. Нарэшце Кучараўка сышла з двара. Ускокваю на бераг, на ногі, жабы расплюшчылі вочы, сігаюць у траву, чарот і аер варухнуліся, стракозы з іх упалі ў ваду. Бягу, праз бульбу і між градаў, на дзядзькаў двор.
Паснедалі яечняй з салам, запілі казіным малаком. Дзядзька Восіп, з касой і поўным чорным пакетам, ужо чакаў нас ля сваіх веснічак. Не помню, каб ён калі пераступіў парог хаты дзядзькі Сцяпана ці хоць зайшоў на яго двор. Ды і дзядзька Сцяпан не хадзіў да суседа. Так, перакідваліся парай слоў праз плот, рэдка сыходзіліся ля майго калодзежа, а то Восіп глядзіць праз шыбіну свайго акна, пакуль Сцяпан зачэрпне сабе вады, тады і ён ідзе з вядром, кіўне пры стрэчы галавой на Сцяпанава: «Здароў, сусед!» Аднойчы дзядзька Сцяпан не вытрымаў — пры мне, у сваім двары, ціха вылаяўся, плюнуў, сказаў: «Пара б ужо і ачалавечыцца!» Але сёння мусова, ну проста мусова дзядзькі мае павінны сысціся. Можа, цэлы дзень, а можа, і два дні яны будуць побач. Іначай не можа быць, таму што лодка Сцяпанава, а дазіметр Восіпаў.
Мы выйшлі з хаты. Дзядзька Сцяпан замыкае дзверы. Я трымаю ў руцэ цяжкую палатняную торбу з харчамі, у торбе — сала, яйкі, маладыя, з грады, гуркі, тры боханы хлеба, бутэлька віна. Потым дзядзька адвязаў сабаку, той радасна скокнуў пярэднімі лапамі дзядзьку на грудзі, лізнуў яго ў шчаку. Дзядзька паказаў сабаку рукою за хлеў і яшчэ пальцам паказаў: маўляў далей і зноў сюды, — і малады рыжы Дзік кінуўся праз гарод і бульбу да чорнае казы ля рэчкі. Недалечка скуб траву і Восіпаў белы казёл. Дзік на слупку пацягнуў за канец вяроўчыны, вузел развязаўся, і сабака ўжо сцежкай вакол хаты Кучараўкі прыгнаў казу на дзядзькаў двор. Каза незадаволена мэкала, але слухалася, баялася, што Дзік возьме на зубы яе хвост, не ўкусіць, праўда, але добра сцісне ў зубах. Я стаўлю торбы сабе між ног, трымаю вяроўчыну з казой. Дзядзька Восіп скоса паглядвае сюды: ці скора мы?.. Дзядзька Сцяпан насыпаў курам зерня, паклаў у тазік з вадой скарынкі хлеба, падліў вады з вядра. «А дзе ж Пецька?» — пытаецца дзядзька ў Дзіка, ціха кукарэкае і паказвае рукой. Дзік зноў бяжыць, але ўжо ў завулак, і прыганяе ў двор Пецьку — той так бяжыць паперадзе сабакі, што ажно падлётвае. Пецька апошні раз падскоквае і падае між курэй, пачынае дзяўбці зерне. Дзядзька Восіп усё скоса паглядвае. Што яму? Ён даўно ўправіўся па гаспадарцы: завёў казла ў траву. больш нічога жывога ў яго няма. Была каза, але зімою, чорнай завейнай ноччу, укралі яе з хлява — хлеў быў на замку, дык разабралі чарапную страху і праз дзірку за вяроўчыну выцягнулі казу. Можа, яна і мэкала, дык жа за сценамі ўсю ноч гула завея. Але, каб нават і ўчуў што дзядзька Восіп, то ці выйшаў бы ратаваць казу? А казла не ўзялі — можа, той адбіваўся рагамі, усё-такі казёл.