Дзядзька Сцяпан кідае канец ланцуга з замком у лодку і кажа:
— А навошта мы сталі замыкаць дзверы, і веласіпеды, і лодкі?
Мне здаецца, што я ўсё разумею, усё бачу. Толькі не ўсё магу вытлумачыць. Так мне здаецца — і мне становіцца сорамна, што я ўсё разумею. Я такі, мусіць, урадзіўся насуперак таму, што мае тата і мама алкаголікі, баба Матруна кажа: гаркаголікі. I дата майго нараджэння — самая дурная на свеце часіна: 26 красавіка 1986 года. То, можа, я гэткі вырадак, што наперакор усяму ўсё, здаецца, разумею.
Так пранеслася ў маёй галаве, калі я стаяў над рэчкай і трымаў на вяроўчыне казу. Пецька скокнуў са спіны казла — пачуў вохканне курэй у двары і пабег туды праз гарод, дзеўбануўшы на бягу стручок гароху. Казёл стаіць і глядзіць на казу, і ў вачах яго, здаецца, бліснула сляза. Дзік упёрся пярэднімі лапамі ў лавачку на карме лодкі. Дзядзька Сцяпан сядае побач з Дзікам, бярэ ў рукі шост. Дзядзька Восіп на лаўцы, пасярод лодкі, запраўляе вёслы ва ўключыны. Я валаку казу з берага ў перадок лодкі, яна ўпіраецца нагамі, мэкае, наставіла на мяне рожкі, але мне ўдаецца падхапіць казу пад пахі і ўпіхнуць яе ў лодку. Завязваю вяроўчыну на выступе-носе лодкі, штурхаю яе ад берага, прысаджваюся.
— Ну і хадзем! — кажа дзядзька Сцяпан з кармы і разварочвае лодку носам на рэчку. -— 3 Богам!
Мы выйшлі на сярэдзіну рэчкі. Яна тут нешырокая — можа, на тры нашыя лодкі, калі яе паставіць тройчы ўпоперак цячэння. Ды і то палавіна шырыні зарасла чаротам. Чарот расце высока, і я бачу сябе і казу, быццам на якой рацэ ў афрыканскіх джунглях, — чытаў жа пра іх у кнігах, бачыў у кіно. Адно што я тут у портках, а не абвешаны пальмавым лісцем, ды каза тутэйшая, местачковая.
Дзядзька Сцяпан павольна адпіхваецца шастом ад дна, дзядзька Восіп шлёпае вёсламі па вадзе. У яго, у дзядзькі Восіпа, наўздзіў цяпер, калі плывём, нейкія добрыя, нават вясёлыя вочы. Мусіць, тая, на беразе, перамога над замком узбадзёрыла, падвесяліла яго. А хутка ж ён і зусім будзе ў цэнтры ўвагі: з кішэні ў яго вытыркаецца белы вяршок дазіметра...
Ад вады патыхае свежасцю. Так ціха, што чуваць, як лодка рассякае ваду. Мне падумалася, што на ўсім свеце спакой парушаюць адно толькі ўсплёскі нашае лодкі — калі дзядзька Сцяпан пранізвае ваду шастом, а дзядзька Восіп апускае і дастае з ракі вёслы, і калі з вёслаў падаюць кроплі вады. I яшчэ, калі прыслухацца, чуецца шапаценне чароту. I раптам — пранізлівае на ўвесь свет кукарэку-у!» — недзе ззаду, на беразе. Мы ўсе, і сабака з казой, дзівімся: Пецька ляціць на белым казле берагам, за намі.
— А каб цябе, а каб цябе! Цьфу, каб на вас! Каб вас пранцы ўзялі!
Дзядзька Сцяпан правіць лодку да берага, і яна бортам прыціскаецца да невысокай чорнай стромы. Пецька ўзмахнуў чырвонымі крыламі і са спіны казла скокнуў у лодку, а за ім — і казёл. Дзік буркнуў. А каза з казлом абнюхаліся, радасна мэкнулі. Дзядзька Восіп паморшчыўся. Дзядзька Сцяпан смяецца. А я шчаслівы — як цікава жыць тут, як цікава плысці нашай рэчкай! Цікава: каб цяпер на малой хуткасці і нізка ляцеў над рэчкай самалёт ці верталёт — што ўнізе пад сабой убачылі б лётчыкі? Па нешырокай сіняй вадзе, між зялёных кустоў і чароту, плыве доўгая лодка, а ў ёй сядзяць на лаўках трое чалавек, і між імі стаяць: белы казёл, чорная каза, рыжы сабака, ды на спіне казла сядзіць, як вершнік, чырвона-жоўты певень. I я сабе думаю: цікава гэтак во ціха плысці па ціхай рэчцы, між ціхіх берагоў, пад ціхім небам. Толькі чуваць, як сцякае вада з вёслаў, як шапоча чарот. I яшчэ думаю: добра гэтак во плысці, добра гэтак во жыць, плыў бы гэтак далёка... I ведаю: добра цяпер тут, у лодцы, і ўсім ім — дзядзькам маім, казлу, казе, сабаку, пеўню. Так добра, што ажно дзядзька Восіп не-не ды і ўсміхнецца сабе пад доўгі нос, а дзядзька Сцяпан з нейкай ціхай радасцю ў вачах паглядвае на свайго не дужа ветлівага суседа, а сабака павільвае хвастом, а казёл з казой збліжаюцца між сабой рагамі, а певень раптам устае на казлінай спіне, узмахвае крыллем, выцягвае шыю ўгору і пранізліва кукарэкае ў неба. Але гэты лад і ўсіхнюю радасць парушае Дзік: скача да казла, гаўкае на пеўня, і Пецька паслухмяна злятае з казла на дно лодкі. Дзядзька Сцяпан смяецца, дзядзька Восіп моршчыцца, а я сваруся пальцам на сабаку, кіўком галавы клічу яго да сябе, і ён кладзецца ля маіх ног.
Па абодва берагі рэчкі паціху адыходзяць назад паплавы, а спераду да лодкі паволі набліжаецца лес — таксама па абодва берагі. Там, уперадзе, на ўзлессі і на палянках, мы пачнём сваю працу, таму цяпер, пакуль да лесу яшчэ колькі часу нашага ходу, і коратка патлумачу, куды і чаго мы плывём, і дапоўню пра нас — траіх чалавек.