Выбрать главу

Так, дзверы сенцаў былі расчыненыя. У сенцах было цёмна, і ніхто не выйшаў на ганак. Дзік там, пад дубам, бліз хаткі сядзіць на задніх лапах, глядзіць на сенцы, нюхае паветра, маўчыць.

I вось яно — здарылася: дзядзька Восіп доўга нервова запіхвае дазіметр у кішэню штаноў і, апусціўшы голаў, паціху ідзе да старой, у парэпанай чорна-белай кары, бярозы. Ніжняе сучча яе звісае долу, пераламанае, сухое. Бяроза стаіць зусім блізка, ускрай паляны. Вакол яе шырокага камля — рэдкая высокая трава. Гэта, мусіць, трава-разак. Яе лёзы блішчаць у промнях заходзячага сонца, і бляск той ужо чырвоны. Дзядзька Восіп падышоў да бярозы, стаў зняў шапку, апусціў долу галаву, перахрысціўся. Пастаяў так, з апушчанай галавой, надзеў шапку, павярнуўся і паціху ідзе — на бераг рэчкі, крыху ўбок ад лодкі, сядае на траву, глядзіць у ваду, глядзіць і нічога не бачыць.

Няўцямна гляджу я на дзядзьку Сцяпана, гляджу ў яго вочы. Ён стаіць аціхлы, абвялы, не бачыць майго позірку, глядзіць міма мяне кудысьці далёка-далёка, праз цёмны лясны гушчар, і я ўпэўнены: ён не бачыць ні лесу, ні мяне, ні дзядзькі Восіпа — але ўсё-ткі нешта бачыць. Вочы яго зацягнуліся як бы нейкім туманам, і ён быццам нешта слухае, але тое, што ён чуе, аддаляецца ад яго. I ён таксама таропка ідзе да бярозы, здымае картуз, схіляе голаў, хрысціцца, гэтак жа таропка ідзе да дубоў, што каля хаткі. I насустрач яму з цёмных сенцаў ступае праз парог бабуля, ссохлая, згорбленая.

Дзядзька Восіп спадылба азіраецца на хатку, паволі ўстае з зямлі і ідзе туды, да дубоў. Ён не ідзе ў двор, спыняецца пад дубам, сядае на лодку — мусіць, чакае, пакуль ля ганка дзядзька Сцяпан і старая кончаць нейкую іхнюю гаворку. Во, нарэшце дзядзька Сцяпан ідзе з двара сюды — да рэчкі. Ён ідзе міма дзядзькі Восіпа, нічога таму не сказаўшы, увесь абмяклы — быццам пранёс міма суседа нейкую сваю віну перад ім, ці сорам які, ці што яшчэ... А я стаю на беразе. Каза з казлом скубуць траву ў сябе пад нагамі. Певень грабе кіпцюрамі ў траве, кідаецца зямлёй ва ўсе бакі, нешта знаходзіць, дзяўбе ў зямлі. А сонца, ужо вялікае і чырвонае, завісла за правым берагам рэчкі — здаецца, зусім блізка, уверсе між соснаў і елак. Мне пахаладала ў босыя ногі — бо ўжо ападае з травы, калі пераступаю з нагі на нагу, раса.

Дзядзька Сцяпан прыйшоў на бераг, падцягвае лодку вышэй. Прыйшоў сюды і дзядзька Восіп, стаіць, таксама маўчыць. Мне ўсё гэта нарэшце абрыдла, і я хачу крыкнуць ім абодвум: ну і чаго вы, як тыя мальм дзеці!.. Можа, і крыкнуў бы ўжо, але во дзядзька Сцяпан, хоць і не падымаючы галавы, ціха кажа:

   —  Бяры, Восіп, косы, сякеру.

Дзядзька Восіп, гэтак жа ціха, кажа:

   —  Бяру, Сцяпан.

I я думаю: во і добра, а то, як тыя дзеці...

   —  Ну, хадзем, — кажа дзядзька Сцяпан. — Вядзі, Васіль, казу.

Развязваю вяроўчыну на бярозцы, цягну за сабою казу яна парываецца яшчэ скубануць травы, але я тузаю вяроўчыну, і мы ўсе ідзём — уперадзе дзядзька Сцяпан з торбамі у руках, за ім я з казой, за ёй казёл з пеўнем на спіне і ззаду дзядзька Восіп з косамі. I ўспыхнула перад намі, у змроку між дубамі, святло, няяркае, слабае, — то засвяціліся два акенцы. А я іду і ўсё думаю, пытаюся невядома ў каго: чаму перахрысціліся, чаму здымалі картузы дзядзькі мае пад гэтай старой бярозай?..

Дзік кідаецца нам насустрач з расчыненых цёмных сенцаў радасна гаўкае. Дзядзька Сцяпан у двары перад ганкам бярэ ў мяне вяроўчыну і завязвае яе на слупку, які тырчыць з зямлі ля вугла хаты, каза і казёл скубуць траву. Дзядзька Восіп ставіць косы да сцяны. Певень на казловай спіне раптам устае, схіляе грэбень набок, прыслухоўваецца і скача на зямлю, пад самы ганак і ўлятае ў сенцы. Ён лопае крыллем, і там квохкае курыца, але хутка сціхае, а Пецька цераз парог і ганак ляціць у двор, ляціць — бы там, у сенцах, нарабіў якой шкоды. Дзядзька Сцяпан развязвае торбу, дастае з яе мяшочак і сыпле ля ганка крупы, з другой торбы выцягвае каструльку, становіцца ля казы на калені, доіць яе, дае мне: «Пі малако», — сам не ўстае з зямлі, я п’ю, даю каструльку дзядзьку Восіпу, той крутнуў галавой — не хоча, дзядзька Сцяпан п’е сам і яшчэ доіць, ставіць малако пад сцяну — сабаку і пеўню, потым паказвае Дзіку пальцам на коз, той сядае на заднія лапы пад блізкім дубам, і мы ідзём у хату. Між ног маіх кідаецца ў двор белая курачка. Дзядзька Сцяпан адчыняе дзверы ў хату і мы пераступаем цераз другі парог, ён высокі, абшморганы, пасярэдзіне — як чым жалезным выбіты. У хаце на камінку палае агеньчык, ад яго пахне смалой — гарыць лучына. Бабулька, у белай хустачцы, згорбленая, стаіць ля камінка, рукой трымаючыся за прыпечак, глядзіць з-пад сівых густых броваў на мяне. Вочы яе глыбока іскрацца ад агню. Глядзіць чамусьці на аднаго мяне. Дзядзька Восіп кажа: