— Добры вечар, цётка Наста!
Старая толькі ківае галавой яму і ўсё глядзіць на мяне. Дзядзькі паставілі ўжо і торбы на лаўку ля сцяны, а яна ўсё глядзіць на мяне з-пад густых сівых броваў і глыбока ў вачніцах яе іскрыцца ад агню. Стаю ля парога, ногі мае і кроку ступіць не могуць, як прыкутыя да падлогі, яна ўсё глядзіць на мяне, і я чую, як валасы ў мяне на галаве варушацца, нейкая сіла падымае маю руку і б’е ёю па валасах — па галаве, і тады старая ціха, як шэптам, кажа:
— Не бі, дзіцятка, галоўку сваю. Ва ўсім вінаватыя рукі.
Закашлялася — ажно вочы заплюшчыла. Хачу сказаць бабцы, што
ўдарыў я сябе не па галаве, а па валасах, хачу і не магу сказаць, маўчу і ўжо быццам бачу, што і ў маіх вачах нешта іскрыцца і не толькі ў вачах, а, здаецца, недзе ўнутры мяне. Нарэшце бабулька адварочваецца ад мяне, здымае руку з прыпечка, абедзвюма рукамі папраўляе хустку на галаве. Цяпер мае ногі адрываюцца ад падлогі і ступаюць да дзядзькі Сцяпана. Ён сядзіць на ўслоне ля стала, сядаю побач з ім. Дзядзька Восіп стаіць ля акна, глядзіць праз шыбіну ў цёмны двор, і я ведаю: там ужо нічога не відаць, там цёмна.
А ў хаце — цішыня, і яна нейкая напружаная. Адчуваю, трывожна чакаю, як цішыня гэтая раптам лопне, у хаце нешта выбухне. Але ж не — выбух не адбыўся. Бабулька ціха і проста кажа:
— Швэндаецеся вы, швэндалы... Бульбы зварыць?..
Дзядзька Восіп сядае на ўслон ля мяне. Я — між дзядзькамі.
Бабулька сядзіць перад намі на драўляным ложку. На камінку
гарыць, патрэсквае лучына, і ўсе маўчаць. Паленца ў агні страляе іскрамі на падлогу, іскры ўмомант тухнуць, але паленца не перастае страляць — яно яловае. I ўсе мы глядзім на агонь, на іскры. Нарэшце, дзядзька Сцяпан кажа:
— Добрая пагода стаіць.
Баба Наста на ложку ківае галавой:
— Добрая.
Толькі і касіць.
Ага, Сцяпан, толькі і касіць... Бульбы зварыць?
— Не, не трэба, цётка Наста.
— Табе не трэба... То, можа, во хлопец хоча ды і... як яго?.. нешта ўсё маўчыць.
— Восіп, — кажа дзядька Сцяпан.
— Восіп?... А Канстанцін... — баба Наста зноў закашлялася, а калі аціхла, доўга выцірае вочы рукавом коцфты, потым кажа, — а пан Канстанцін хваліўся, што сынок у яго — Юзаф.
Дзядзька Восіп моршчыцца, глядзіць у кут, у чалеснік, кажа:
— Анастасія Іванаўна, я — Восіп.
Тут ужо моршчыцца і так даволі зморшчаная бабуля — яна бурчыць сабе пад сухі, завостраны нос:
— Іванаўна... Наста я. А то кажа! Іванаўна... Ну настаўнік...
— Ведаеце, што я настаўнік? Быў...
— Я пра вас абодвухусё ведаю. Жыву ў горадзе ў сына на вуліцы... ну на гэтай... як яе? — Баба Наста заплюшчвае вочы, успамінае. — На Балыяавіцкай?
— Няма такой вуліцы ў горадзе, — кажа дзядзька Сцяпан. —Камуністычная — ёсць.
— Во-во... Дык наш сусед — з вашага мястэчка... Усё ведаю пра вас... То чыю казу ўкралі з хлява? Тваю, Іосіф?
— Маю! — рашуча кажа дзядзька Восіп і бразгае дзвярыма — выходзіць у сенцы.
Баба Наста зноў бурчыць сабе пад нос:
— I чаго ён стукае? Чаго? Што казу ўспомніла?..
Дзядзька Сцяпан маўчыць, паставіў локаць на стол, падпёр рукою шчаку, пасміхаецца сабе ў рыжыя вусы. Ён ведае, чаму бразнуў дзвярыма дзядзька Восіп. Ведаю і я. Баба Наста гэтак пацэліла, гэтак пацэліла, як экстрасэнс які... Пакуль яна маўчыць на ложку, а дзядзька Сцяпан моўчкі пасміхаецца ў рыжыя вусы, я ўспамінаю... Вечарам, калі я толькі прыехаў з горада ў мястэчка і зайшоў у двор дзядзькі Сцяпана, чую: нехта бразнуў веснічкамі ў двары дзядзькі Восіпа, стаў ля асветленага акна, па раскудлачаных валасах пазнаю Дуню Кучараўку, яна стукае пальцамі ў акно і на ўвесь завулак хрыплым голасам спявае: «Я любіла Сталіна Іосіфа і Юзафа Пілсудскага і абодвух бросіла, бо дзярмо паскудскае». Блізка нехта ціха смяецца і кажа: «Ах ты, чарцяка, і прыдумала ж...» Азіраюся і ў цемнаце, ля калодзежа, углядваю дзядзьку Сцяпана. Святло ў хаце дзядзькі Восіпа тухне, Дуня бяжыць ад акна, спатыкаецца, ледзь не падае, выбягае праз веснічкі ў завулак. Дзядзька Сцяпан кажа мне: «Хадзем у хату, Васілёк...» У хаце за сталом вячэраем з дзядзькам, і я пытаюся ў яго: «А хто такія Сталін і Пілсудскі?» Дзядзька Сцяпан дажоўвае аладку, выцірае далонню вусы, кажа: «Падужэеш, Васілёк, падвучышся — будзеш ведаць... А пакуль еш, еш... ну, былі такія палкаводцы, ваявалі між сабой, царамі сталі, адзін у Савецкім Саюзе, другі ў Жэчы...» Але я зноў пытаюся: «А дзе гэта Савецкі Саюз і Жэч?»
Дзядзька Сцяпан склаў кулакі на стале, дзівіцца на мяне і неяк пасуравела кажа: «Падрасцеш, падвучышся, будзеш ведаць... Еш, еш!..» Ён устаў з-за стала, перахрысціўся на покут — там на палічцы стаіць пад белым ручніком ікона...