Паленца на камінку дагарае, у хаце змяркаецца, баба Наста кажа дзядзьку:
— Падкладзі яшчэ... Вунь пад печчу дровы.
Вугол\е на камінку слаба палае, дзядзька Сцяпан кладзе на вутолле паленца, зноў яловае, яно імгненна ўспыхвае агнём, трашчыць, і іскры зноў ляцяць на падлогу. А баба Наста паціху тэпае да дзвярэй, адчыняе іх, гукае ў цемру:
— Го-о, Восіп! Дзе-е ты? Хадзі ўжо у хату! Паямо. Хадзі ўжо!
Баба Наста пастаяла ў дзвярах: у сенцах і ў двары ціха — і адышла
ад дзвярэй, не зачыніла іх, у хату з двара дыхнула свежасцю. Дзядзька Сцяпан дастае з торбы і кладзе на стол хлеб, сала, маладзенькія гуркі, яшчэ нешта, кажа гаспадыні:
— Прыбірайце вячэру, цётка Наста.
— То і я ж пастаўлю на стол... Як вёз мяне сюды ўнук, дык панапіхалі ўсяго ў машыну... Ідзі, Сцяпан, знайдзі Восіпа.
А мне стала так шкада дзядзьку Восіпа. Наста ўсё з яго здзекуецца. Во сядзіць ён цяпер, мусіць, на лаўцы, пад дубам, апусціў галаву, заплюшчыў вочы — бо калі заплюшчыш вочы, то шмат што і далёка бачыш, я гэта ведаю па сабе... Дык во, сядзіць цяпер на лаўцы ў двары, пад дубам, дзядзька Восіп, родны брат маёй мамы, сын невядомага мне нейкага пана Канстанціна, нядаўні настаўнік, даўно ўдавец — і пра што ён там думае, што ўспамінае? А я ведаю: ні пра што не думае, нічога не ўспамінае, проста сядзіць, апусціўшы галаву, і адчувае сябе адзінока. Гэта я ведаю — бо нярэдка ўжо і сам адчуваў сябе адзінока, асабліва ў інтэрнаце і асабліва пасля ўрокаў, калі хлопцы збіраюцца ў калідоры, ці на вуліцы, ці ў туалеце, ці кураць і гавораць брыдкімі словамі, а я ненавіджу брыдкія словы, уцякаю ад іх, затуляю далонямі вушы, і з брыдкімі словамі яны білі мяне, калі праганялі з хаты, каб я не бачыў іх п’янымі, не чуў іх п’яных спеваў, каб не бачыў, як яны б'юцца — можа, яны гэтак шкадавалі мяне, аберагалі ад дурноцця ўсякага, ад брыдоцця? Мне так цяпер здаецца, таму мне так цяпер і шкада таты і мамы... Дзе яны і што з імі? Можа, гаруюць, сумуюць па мне? Можа, усё думаюць недзе, што я хворы які — бо нарадзіўся ноччу дваццаць шостага красавіка... А я ж здаровы расту, у мяне на руках вышэй локцяў ужо і мускулы пацвярдзелі, і ўжо я ў інтэрнаце гэтай вясной так даў рукой у сківіцу дзевяцікласніку Шурыку, што той паляцеў спінай на сцяну і пайшоў з калідора, ударыў за тое, што ён пры мне брыдкім словам абазваў маю аднакласніцу Алесю, калі яна ішла міма Шурыка і мяне, а я збоку і спадылба глядзеў ёй услед, бо з гэтай вясны хочацца глядзець мне ўслед Алесі, лавіць тое імгненне, калі яна кідае цераз плячо сваю залацістую касу...
Дык во, сядзіць дзядзька Восіп у цемры на лаўцы пад дубам, а дуб той тоўсты, высокі — што, калі раптам блісне маланка, ударыць гром і дуб зламаецца над дзядзькам?.. I так ужо, мусіць, шмат чаго над ім зламалася. Ёсць у мяне ў мястэчку сябрук-равеснік, маці яго — настаўніца тут у школе, а дзеці настаўнікаў ведаюць шмат з таго, што робіцца ў школе, — дык гэты мой сябрук расказаў мне: майго дзядзьку, настаўніка Восіпа Канстанцінавіча, паклікала начальства ў горад, а калі раніцай на другі дзень прыйшоў на ўрокі, то быў сумны, з апушчанай галавой, і ў той жа дзень распусціў школьнае таварыства беларускай мовы, ён ім кіраваў, у гэтае таварыства ўваходзілі некалькі настаўнікаў і вучняў-старшакласнікаў, і яшчэ ў той дзень ён сказаў вучням у класах, каб звалі яго ўжо Іосіфам Канстанцінавічам, і яшчэ з таго дня стаў ён гаварыць па-беларуску толькі на ўроках, а ў школьных калідорах, у настаўніцкай і на вуліцы — па-руску, праўда — на роднай мове гаварыў ён яшчэ з суседам Сцяпанам і суседкай бабай Матрунай, ды Кучараўцы: ідзі адсюль, не замінай, — сталі ўсюды гаварыць па-руску і настаўнікі з былога таварыства, але — во цікава! Тыя вучні-старшакласнікі як гаварылі, так і гавораць толькі па-беларуску, а адзін з іх, адзінаццацікласнік Андрэй, устаў з-за стала на ўроку і проста ў вочы сказаў: «Восіп Канстанцінавіч! Вы — здраднік!» Дзядзька Восіп паставіў выдатніку Андрэю чацвёрку па беларускай мове на выпускных экзаменах. Во тут я ўжо не шкадую дзядзьку, нават абвінавачваю: навошта помсціць свайму вучню? Андрэй з-за той чацвёркі не атрымаў залатога медаля. Я во, як вырасту, стану дужы, то нікому не буду помсціць — бо я буду дужы. Ну, ударыў я таго хлопца ў інтэрнаце — дык ён жа старэйшы і дужэйшы за мяне і гэткія брыдкія словы сказаў пры Алесі…
Сорамна, дзядзька Восіп!.. А цяпер мне зноў шкада цябе: сядзіш недзе там адзінока на лаўцы пад дубам, у цемры, апусціўшы галаву...
Дзядзькі ўваходзяць у хату.