Дзядзька Сцяпан падняў галаву з падушкі, сеў на ложку. А баба Наста працягвае:
— Перагінаюся праз падаконнік... бяру яго пад рукі, хачу падняць... а ён як застогне... Ды і не магла я падняць яго... Здаровы быў хоць і кароткі... во як ты, Сцяпан...
Тут дзядзька ля мяне зноў глыбока ўздыхнуў і ўсё сядзіць, упёрся, чую, рукамі ў ложак.
— Паўлічак, кажу, што з табой?.. Паранены, кажа. А во, забылася сказаць: з самага рання грымела ад горада, чуліся выбухі... Але ж то красныя наступалі... Хто ж цябе, пытаюся, у лесе параніў? Паліцаі, кажа... Ішоў у разведку ў горад... А ля дарогі ў лесе стаялі паліцаі... I я, кажа, стаў, стаю, бачу калёсы з канём, ля калёсаў, кажа, стаіць Кастусь, твой бацька, Восіп... Кастусь, кажа Павал, ні ў партызанах не быў, ні ў паліцыі... Стаю, кажа, і думаю: чаго з імі Кастусь? А на калёсах жонка Кастусёва і сын маленькі... — баба Наста кашляе, потым пытаецца, — Ці помніш ты, Восіп, тое?
Дзядзька Восіп на падлозе ў цемры доўга маўчыць, потым ціха кажа:
— Помню.
Тады баба Наста з печы пытаецца:
— I Паўла бачыў? Помніш?
— Бачыў. Помню.
— А далей?
—Адзін паліцай стрэліў. Павал узяўся рукой за плячо. Упаў. У лесе раздаліся нейкія галасы. Паліцаі пабеглі ад дарогі ў лес, ад галасоў, у другі бок. Да калёс падышлі людзі ў пілотках. На пілотках — чырвоныя зоркі. Пагаварылі з маім бацькам і пайшлі. Бацька завярнуў каня. Мы паехалі назад у мястэчка... — Дзядзька Восіп на падлозе замоўк, потым глыбока ўздыхнуў і дадаў, — больш нічога не ведаю... Помню толькі бацьку ў труне і як закопвалі магілу...
I я чую: падымаецца дзядзька Восіп з падлогі, ідзе да дзвярэй. А баба Наста кажа з печы:
— Вярніся, Восіп... Скора ж я памру... Трэба ж, каб вы ведалі... хоць і горка тое ведаць...
Дзядзька Восіп, чую, сеў на падлогу, не кладзецца, сядзіць на кажусе. Баба Наста закашлялася, застагнала, гаворыць далей — ужо не ад імя Паўла, а пра яго.
Апрытомнеў Павел на зямлі, расплюшчыў вочы — ужо цёмна было, у лесе ціха, і ніякіх грымотаў ад горада, падпоўз на баку, на здаровай руцэ, да дрэва, учапіўся рукой за ствол, стаў на ногі... I ўсю ноч ішоў і поўз на мой хутар. Зацягнула яго па драбінах на гарышча, прамыла яму рану варам... А мазі ніякай няма... Дык я, мае дзеткі, усю ўжо праўду скажу, абмачыла ручнік, перавязала плячо... Рана не надта каб страшная была... Куля косці не зачапіла... А ад горада ўсё грыміць... Думаю: немцы будуць уцякаць дарогай, а тут блізка, чаго добрага папруцца на хутар... неяк сцягнула Паўла ўніз, завяла ў гушчэзны ельнік, за палянкай, за бярозай... Хто палезе ўтой ельнік?.. Пад вечар бачу з хаты — нехта стаіць у двары... Гляджу — Кастусь... Стукаю ў шыбіну, махаю рукой — хадзі ў хату... Ідзе, зачапіў галавой аб касяку дзвярах... Гэткі ўжо высокі быў... Во як ты, Восіп... — Дзядзька Восіп маўчыць на падлозе, з яго боку дыху не чуваць. — Ударыўся галавой і не мацюкнуўся нават... Гэткі ж культурны быў... Ну, заходзіць Кастусь у хату... А я вазьмі ды і скажы: Канстанцін, чаго ты сюды?.. Тут ён першы раз, колькі яго ведала, буркнуў: які я табе Канстанцін? Канстанты я... Ну хай сабе, кажу, Канстанты... усё роўна гэта ты... дык чаго ты сюды?.. У Польшчу, кажа, з'еду... Рускія ідуць, кажа, у Сібір пагоняць або расстраляюць... Ну я ж ведала, што ён з арміі ўцёк дамоў, як адступалі красныя... I Павал уцёк... Але ж Павал потым у партызаны пайшоў... Я і кажу Кастусю... Канстантаму... а чаго ж ты ў партызаны не пайшоў? А ён і кажа: чаго ж я за балыяавікамі пайду, калі яны брата майго, як прыйшлі Саветы, у Сібір пагналі і недзе там згнаілі, за што? За тое, кажа, што пры Польшчы жыў не бедна, можа і багата... бо млын вадзяны быў... во на гэтай жа рэчцы... Пытаюся ў Кастуся: а жонка з дзіцем?.. Гэта — з табой, Восіп... А, кажа, забяру потым у Польшчу... Дык жа, кажу, Польшча будзе пад Саветамі... Во як блізка ўжо грыміць — чуеш?.. А палякі, кажа, не пусцяць, не захочуць... I пусцяць, кажу яму, і захочуць. Дзе яны дзенуцца?.. А ты ж, кажу, свой, беларус... які ты паляк? Католік ты, а не паляк... А ён кажа: калі католік, то і паляк. Ай, кажу, будзь ты хоць і чортам, але ж ты тут нарадзіўся, вырас, сын твой тут... Во тады ён маўчыць, сеў на лаўку, во там, дзе Восіп цяпер, галаву звесіў, слёзы, бачу, у вачах, ціха-ціха кажа: што ж рабіць, Наста?.. Не ведаю, кажу... Ідзі да Паўла, пагавары з ім, вы ж суседзі... і сябравалі... хоць і біліся з-за мяне... А дзе ён, пытаецца. Завяду, кажу. Ну, і завяла яго ў ельнік... Каб жа ведаць было, дзеткі, каб жа было ведаць, чым скончыцца тая іхняя стрэча... ніколі б не павяла Кастуся ў той ельнік...
Баба Наста на печы закашляла, а як перастала кашляць, то надоўга змоўкла. I тут я падумаў: так і не прыйшлося мне з галавой закрывацца коўдрай — заслухаўся я, забыўся пра сябе, а цяпер, як стала ціха ў хаце, то і трывожна мне зрабілася ад пачутага з печы, нават страшна. Што ж далей было там — у ельніку, пад бярозай?.. Гляджу ў цёмнае акно: той сіняй зоркі маёй ужо няма ў небе, знікла... Дзядзька Сцяпан устае з ложка, ідзе да дзвярэй, стаіць там, ідзе назад, так і ходзіць: туды-сюды, туды-сюды.. I дзядзька Восіп падняўся з падлогі, стаіць нерухома ля акна... Раптам — закукарэкаў певень у двары, натужна, хрыпла, як спрасоння, і за ім пайшло: вохкнула курыца, мэкнула каза, рассмяяўся казёл, забрахаў сабака. I зноў усюды ўсё сціхла. Толькі стогне на печы баба Наста, толькі тупча па хаце дзядзька Сцяпан, стаіць ля цёмнага акна дзядзька Восіп і, ведаю, нічога за акном не бачыць. Я слухаю цішыню — і нічога не чую...