I яшчэ праспяваў у двары певень — цяпер бадзёра, голасна, ажно рэха прайшло, праз сцяну ў хату, з глыбіні лесу: э-э-ку-у, э-э-ку-у... за вокнамі пасвятлела, і я ўжо бачу праз акно цёмны ствол дуба.
Нарэшце баба Наста зноў гаворыць з печы:
— Падвяла я Кастуся да Паўла. Той ляжыць пад елачкай на коўдры... Ляжыць Павал, глядзіць на Кастуся, на суседа свайго, вачамі лыпае... Во, кажу, прывяла да цябе... пагавары з ім, а то ў Польшчу ўцякае, жонку і сына пакінуў. А тут недзе ўжо блізка як грымне, як грымне, мусіць снарад які... Павал галаву падняў з зямлі, абапёрся на здаровую руку, хоча сесці... Кастусь узяў яго пад спіну, дапамог... Сядзіць Павал, глядзіць у ельнік, слухае « грымоту, ужо далёкую... Кастусь стаіць перад ім... I тады Павал кажа, ціха кажа: ідзі, Наста, дамоў... Ну, я і пайшла... А ўсё грыміць і грыміць — то блізка зусім, то далёка... Стала дома я хаваць тое-сёе, што можа патрапіць чужому воку... Ці немцы, ці красныя — нехта ж пройдзе праз хутар... Выйшла на двор, сяджу на лаўцы, слухаю — у ельніку ціха... А тут ізноў як грымне і зусім блізка, на дарозе. Над лесам там як чорная хмара паднялася. I гудуць, гудуць маторы, ляскае жалеззе... Прайшло, зноў ціха... I во, чую — галасы ў ельніку сталі гучныя... Перабіваюць адзін аднаго... Думаю, сварацца хлопцы, хоць бы не пабіліся... Бачу — выходзяць з лесу на паляну, першым ідзе Кастусь, за ім сунецца Павал, рука ў яго вісіць. Сталі пад бярозай, маўчаць... Потым — зноў гучна Павал мацюкаецца і во — адводзіць здаровую руку ўбок і так трымае яе, крычыць Кастусю ўтвар: Юда ты! Юда! —і б'е кулаком Кастуся ў грудзі, той падае, а як падаў ухапіўся рукамі за Паўлаву руку... за тую, што ўдарыла яго... пацягнуў за сабою... I во — абодва на зямлі... Бачу, сашчапіліся рукамі... Павал быў прастагнаў раз і больш — не. Бягу да бярозы... А яны ўжо ўчапіліся пальцамі ў глоткі адзін аднаму...
Баба Наста на печы змоўкла, доўга кашляе. У хаце ўжо зусім светла. Я пазіраю на адно паўвока. Дзядзька Сцяпан перастаў хадзіць па хаце, сеў за стол, наліў у чарку віна, выпіў адным дыхам, апусціў галаву над сталом. Дзядзька Восіп усё стаіць ля акна, глядзіць на двор і, ведаю, нічога там не бачыць. I мне раптам стала страшна ў гэтай хаце. Ведаю: во-во пачую тут самае жудаснае... Хачу скінуць з сябе коўдру, скочыць з ложка, выбегчы на двор — і не магу, быццам прыкуты я да ложка.
I баба Наста зноў гаворыць з печы:
— Учапіліся пальцамі ў глоткі адзін аднаму... Адрываю пальцы, а пальцы тыя скручаныя, як склешчаныя, не магу разагнуць... Плачу, крычу: хлопцы! Што вы робіце!.. А яны ўжо і раты разявілі, хапаюць паветра... Рву, рву іхнія пальцы — і не магу... А ў іх ужо і вочы пад лоб, хрыпяць... 3 ратоўцячэ... заціхлі...
Дзядзька Восіп ля акна крутнуўся на месцы, злоснымі вачыма і глядзіць на печ, ступае да дзвярэй, бразгае клямкай, кідаецца ў сенцы, адтуль — на двор. Дзядзька Сцяпан п'е віно, як здурнелы глядзіць у стол. Я з галавой ахінаюся коўдрай, але і праз коўдру чую:
— Во ўжо і вочы сталі...
Раптам дзядзька Сцяпан б'е кулаком па стале, звініць на стале посуд, нешта падае на падлогу, разбіваецца з трэскам, брэша сабака ў двары пад акном, дзядзька крычыць:
— Цётка Наста! Хопіць!
Баба Наста на печы спакойна кажа:
— А ўжо ж і ўсё... Скора, Сцяпанка, памру... дык я хацела, каб вы...
— Не! Вы будзеце жыць да ста гадоў! А пакуль — хопіць! Цётка Наста!.. — дзядзька Сцяпан абмяк і ўжо спакойна кажа, —Прашу, цётка Наста...
У хаце сціхла. Адкідваю ўбок коўдру, саскокваю з ложка, бягу праз расчыненыя дзверы на двор — услед мне ніхто нічога не кажа... Бачу: за дубамі, понізу над берагам, над рэчкай — белы туман, і ў тумане, па пояс, стаіць чалавек — спінай да хутара, рукі апушчаны ў туман, — дзядзька Восіп...
Дзядзька Сцяпан выходзіць на ганак, нешта гаворыць мне, я не разабраў — што, ідзе сцежкай да рэчкі. Дзік быў пабег перад ім, дзядзька клікнуў яго, кіўнуў пальцам — назад, сабака толькі віскнуў, крутнуў хвастом, пабег назад, пад хату, накінуўся з брэхам на Пецьку, той узляцеў казлу на спіну.