Выбрать главу

Дзядзька Сцяпан ідзе да рэчкі. Дзядзька Восіп там, над белым туманам, азіраецца і выходзіць з туману — насустрач. Яны сыходзяцца на сцежцы, адзін перад адным, нешта гавораць, потым ідуць да бярозы, стаяць пад сухім нізкім веццем... I мне мроіцца: во-во яны сашчэпяцца рукамі, упадуць на зямлю і будуць сціскаць скручанымі пальцамі глоткі адзін аднаму, і будуць дрыжэць, і вочы іхнія закоцяцца пад лоб... Я адчайна махаю рукой — сам на сябе — як адганяю гэты страшны прывід... А яны апусцілі галовы долу, хрысцяцца... Ну і добра, ой як добра...

Потым яны ідуць да хаты бабы Насты. А яна ўжо стаіць на ганку — як чакае іх. Дзядзька Сцяпан здымае з крука пад страхой зялёнае пластмасавае вядзерца і доіць казу. Казёл стаіць побач і дыхае казе ў бок. Мусіць, сытыя — наеліся за ноч травы, надрамаліся... Дзіўна: чаму толькі цяпер я ўбачыў, што рожкі ў казы і казла загнутыя назад, а бародкі — уперад? От так — расту і во, раблю адкрыцці ў самым простым. Але чаму, чаму ўсё-такі рожкі — назад, а бародкі — уперад? I чаму казёл гэты белы, а каза чорная і малако ў яе белае?.. Вунь пад усёй страхой бабінай хаты вісяць пучкі розных траў і кветак. I — чаму гэтыя травы і кветкі здольныя лячыць чалавека?.. I чаму ў нашую рэчку па зямлі з берагоў сцякаюць і кроў і хімікаты, і нейкія радыенукліды? Хто гэта ўсё і навошта робіць? Чорт ведае — хто і навошта... А як, кажа дзядзька Сцяпан, падрасцеш....

Снедаем на двары, на лаўцы. Я выпіў кубачак малака, дзядзькі малака не пілі — аддалі ўсё бабе Насце. Дзядзька Сцяпан кажа:

   —  Цётка Наста! Можа, пеўня пакінуць?.. А дзе гэта ён? Дзік!

Сабака падыходзіць, віляе хвастом, і дзядзька паказвае яму пальцам за хату. Дзік кідаецца за вугал і там, за хатай, брэша, выганяе адтуль Пецьку і курыцу.

   —  Не, — кажа баба Наста, — навошта яго пакідаць? Заўтра ж вечарам унук па мяне прыедзе, то і курыцу забяром...

Дзядзька Восіп сядзіць на лаўцы, глядзіць у траву. Тут, на двары, за ўсё ранне ён яшчэ ні слова не сказаў. I во — па яго маўклівасці, па дзядзькі Сцяпана пытанні пра пеўня, па супакоеным голасе бабы Насты, нават па тым, як Дзік выгнаў Пецьку з курыцай з-за вугла, і па гэтай цішыні пад дубамі і цішыні ў іх густым галлі — па ўсім мне тут раптам здалося, што ніякай трывожнай ночы ў хаце не было і ніхто нічога не гаварыў ніхто нічога не чуў. Але я ведаю: была бяссонная ноч у хаце і быў я ў гэтай начы...

Ідзём сцежкаю да рэчкі. Дзік ужо там, на беразе. Ззаду, ад хаткі, чуецца:

   —  То Бог вам у помач!

   —  Дзякуем, цётка Наста! — адказвае дзядзька Сцяпан.

Я з казой іду наперад, за намі — казёл, за ім — дзядзька Восіп, і ззаду — дзядзька Сцяпан. Раптам дзядзька Сцяпан кажа:

   —  Стойце! — Мы ўсе сталі. — А Пецька дзе? Дзік!

Сабака ўмомант падбягае да дзядзькі Сцяпана. Той паказвае яму пальцам — назад, да хаткі. Дзік кідаецца да хаткі, выганяе адтуль пеўня, і Пецька ляціць, лопае крыламі, скача на спіну казла. I мы ўсе ідзём далей — на бераг...

...Лодка добра адпачыла за гэтую ноч і цяпер ідзе па рэчцы лёгка, нават імкліва. Заплюшчваю вочы і бачу: селі мы ўсе-ўсе ў адну лодку — дзяды мае, Павал і Кастусь, дзядзькі, баба Наста, баба Матруна, Алеся і Дуня Кучараўка, і той хлопец, якога я ўдарыў у калідоры інтэрната, і той невядомы мне настаўнік, якога дзядзька Сцяпан успомніў, і — сабака, певень, казёл, каза, і птушкі, што зляцелі ў лодку з дрэў, з кустоў над рэчкай, і жабы, што скокнулі ў лодку з берага... I дзядзька Сцяпан моцна адштурхоўваецца шастом ад дна, дзядзька Восіп спрытна вяслуе, я стаю — не сяджу ўжо, а стаю — на перадзе лодкі і ўглядаюся далёка па рэчцы, а рэчка раствараецца ў небе за гарызонтам, і мне здаецца: лодка нашая плыве ўгору, і мы ў ёй плывём, плывём... Расплюшчваю вочы — і дзіўлюся з самога сябе: не, у лодцы толькі мы, тыя самыя, і я не стаю, а сяджу...

Лес перад лодкай ад абодвух берагоў паволі расступаецца, адыходзіць дугой усё далей ад рэчкі і толькі далекавата зноў змыкаецца з берагамі. Над вадой ужо прапала кустоўе, берагі голыя, ні чарацінкі, ні аерынкі, не бялеюць гарлачыкі над шырокім лісцем, ды і лісце тое як патанула, нават раскі не відаць, і жабы не скачуць пад берагамі — нічога няма, пуста. Але самае дзіўнае для мяне, што рэчка раптам стала простая, як канава, і моцна звузілася — аж дзядзька Восіп чапляецца вёсламі за берагі, а берагі сталі пясчаныя, шэрыя, зусім голыя. Затое за берагамі, пад самы лес, удалечыні роўная прастора зелянее высокай густой травой.

   —  Сеянка, — кажа дзядзька Сцяпан, — калгасная... Тут было балота. Асушылі. Рэчку выпрасталі, канавай стала... Вада гніллю пахне. Але, даў Бог, трава бачыце якая, схавацца можна... А ну, Восіп, праверым яе!