Выбрать главу

Конюх соп у шапку пад ліпай, коні скублі траву і махалі хвастамі. Гэта былі маладыя коні, іх нядаўна прыгналі ў Вікоўку.

Сашка паказвае на чырвонага жарабца:

   —  Во, глядзіце, зараз пойдзе да кабылы.

Сапраўды, жарабец бадзёра задраў галаву, страсянуў грывай, яна быццам гарэла ў нізкім сонцы, і рашуча пайшоў па выгане. Белая кабылка насцярожана ўскінула галаву і адным вокам касіла ў яго бок і, мусіць, чакала чырвонага. Жарабец падышоў блізка да яе, спыніўся галавой ля галавы, потым яны зблізіліся губамі, ускінулі галовы ўверх, панюхалі паветра, зноў зблізіліся губамі, з ноздраў пырхнулі клубочкі светлай пары, гэтыя клубочкі пары падняліся ўгору і там растаялі, але пара ўсё йшла і йшла з ноздраў, тады белая апусціла галаву долу, і чырвоны імгненна абышоў яе, стаў на заднія ногі, высока і прутка ўскінуў пярэднія і асцярожна палажыў іх на белую спіну...

Соня войкнула, усхапілася з травы і пабегла за абору.

Калі чырвоны і белая разышліся і сталі спакойна скубці траву, Сашка крыкнуў:

— Соня! Хадзі ўжо!

Але Соня не прыйшла. За аборай яе не было і нідзе не было. Я ўгледзеўся ўдалеч па ручаю: берагам у змроку ляцела матыльком белая сукеначка і растварылася там у цемнаце.

Цётка Маня вечарам сказала мне:

— Толічак, кладзіся спаць. Заўтра, Толічак, я цябе раненька-раненька пабуджу. Заўтра, дзетка, папасеш кароўку і цёлку. А мы ўсе пойдзем жыта жаць. Паспела жыта, Толічак. Во, напіся, дзетка, малака і кладзіся спаць. I трэба ж Сцёпку захварэць...

Сцёпка з Гусоўкі — аднарукі з вайны мужык, яго наша вуліца тры вясны запар наймала пастухом. Кожнага рання я прачынаўся, калі ён раптам лясне блізка за вокнамі доўгай вітай пугай і крыкне: «Выганя-ай! Выганя-ай!..»

Прачнуўся я ноччу, у вокнах чорна, толькі над комінам, што цераз вуліцу, высока і далёка неба ледзь-ледзь праяснілася. У двары на куросанні кукарэкнуў певень, куры там спрасоння кудахнулі і сціхлі, а певень усё крычаў, яму па вуліцы азваліся чужыя пеўні, потым наш певень сціх, за ім і ўсе на вуліцы сціхлі, толькі далёка каля лесу яшчэ разы тры глуха крыкнуў Барысаў певень. I зноў ноч. Але ўсё-ткі над комінам неба далёка і высока яснела і яснела. Здаецца, я тады ўпершыню бачыў як пачынае світаць. I баяўся заплюшчыць вочы, каб зноў не заснуць, каб не праспаць, калі трэба падняцца, апрануцца, выйсці на двор і адчыніць вароты хлява. У хляве — у цёплай, парнай цемнаце — я ўжо некалі, здаецца, бачыў сіні бляск вачэй, чуў, як карова жорстка шоргае языком. А рыжая цёлка пудліва кінецца з кутка ў куток, разварушыць калючы дух подсцілу. Цёлку даў дзед майму бацьку і мачысе пасля іх вяселля, але пакуль што цёлка падрастае ля каровы.

Буду стаяць ля дубовай шулы, пачую шчакой прахалоду дрэва і ўдыхну яшчэ і яшчэ гэты цёплы з хлява дух — ён настоены на саломе, на свежай траве, на павуцінні, на смале жэрдак уверсе, на парнасці малака, гэтая парнасць яшчэ стаіць у хляве ад вымя, ад даёнкі, якую, з успененым малаком, толькі што цётка Маня паставіла на лаўку ў сенцах. Цётка наліла малака ў вялізны жоўты кубак, што зроблены з гільзы, сказала: «Выпі, Толічак, будзеш здаровенькі расці».

Але ж я ніколі яшчэ так рана не стаяў ля гэтага расчыненага хлява. Адкуль жа мне бачацца сіняватыя бялкі ў цемнаце хлява? Дзе я ўжо чуў ранішнюю прахалоду дубовае шулы? Дзе я ўжо ўдыхаў гэты, з хлява, дух? Гэты дух настоены яшчэ на нечым такім, што перасільвае ўсе пахі — саломы, травы, павуціння, смалы, малака. Гэты пах свежага лепяха, пах гною. Дзе я ўсё гэта ўжо чуў? А-а, гэта было ўсё там — у ямнаўскім двары. Той мой дзед разбудзіў мяне раненька — каб ісці ў стары Крыўск у царкву. Мы з ім выйшлі на двор, дзед адчыніў вароты хлява і пазваў мяне: «Хадзі сюды, унучак... Ну, добра ўдыхні. Глыбей, яшчэ глыбей, унучак... Во так, добра! Будзеш помніць гэты двор і дзеда...» Цяпер усё гэта я пачую ў двары вікоўскага дзеда. Толькі б не праспаць. Комін ужо блішчыць чырвонай цэглай, ужо відаць, што ўверсе коміну не хапае двух цаглін і таму комін здаецца шчарбатым, і ўжо ж у вокнах паяснела, і за вокнамі паўсталі шэрыя бухматыя цені — гэта ж кусты бэзу ў гародчыку. Успомніўся вялізны куст ля вокнаў у Ямнаўцы, пад старой, высокай і шырокай, з чорнай шурпатай карой, бярозай, на ёй, ажно ў небе, буслянка. Успомнілася сіне-чырвонае цвіценне буйных бэзавых гронак, з іх у сонечнае ранне капала ў маладзенькую траву буйная сіне-чырвоная раса, да гародчыка ад шашы, ад зялёнага танка прыйшло двое высокіх хлопцаў у чорным адзенні, чорныя шлемы трымалі ў руках, яны нахілілі над плотам галіну, асцярожна адламалі па адной галінцы з цветам, панюхалі, усміхнуліся — ці адзін аднаму, ці бэзавым гронкам, я з хаты глядзеў на іх праз акно, яны махнулі мне шлемамі і пайшлі да танка...