Мы дружна ківаем галовамі, так дружна, што ажно забываемся падзякаваць яму за гасцінцы. Ён кожнаму з нас кладзе на плячо тоўстую чырвоную далонь, па-змоўніцку і па-таварыску міргае нам зялёным вокам, потым рашуча ўстае з зямлі, бярэ ровар і йдзе да канавы, да брамы, на дарогу. Мы глядзім яму ўслед, маўчым. Тут раптам з алешніку выкінуў свае ногі Антэк, прыбег да нас, стаў, задраў галаву ўверх, усміхаецца. Валодзя заправіў Антэку кашулю ў штаны і высыпаў усе свае цукеркі і пернікі яму за пазуху, паклаў туды люстэрачка. Сцёпа, Жора і я пакінулі сабе па цукерцы і перніку, астатнія высыпалі Антэку за пазуху. Сцёпа кінуў туды і расчоску. Я аддаў ножык Жору, і ў шырокіх яго штанах празвінела яшчэ адной жалезкай. Два бліны мы ўсе разам тут жа з’елі, запівалі іх малаком са Сцёпавай і Валодзевай бутэлек, а два бліны мы з Жорам панеслі да брамы, адчынілі там дзверы і палажылі на лаўку. Антэк ціха йшоў за намі над канавай, прутка трымаў абедзвюма рукамі кашулю знізу, асцярожна ставіў ногі, увесь напружаны, язык у яго вісеў з рота, у вачах радасць, на чорныя пальцы ног капалі слёзы.
Бацька летам заняты рамонтам школы, пойдзе з дому раніцай, вяртаецца пад вечар. Са мной і Галяй ён мала калі гаворыць, не распытвае, дзе былі, што рабілі, што бачылі. Толькі, бывае, паглядзіць, скажа нейкае слова і — усё, быццам нечага саромеецца. 3 гасцямі гаворыць многа, і пяе, і скача, а з мачыхай і сварацца, і мірацца, і зноў сварацца. Мяне ў ім найбольш здзіўляе, здзіўляе і палохае адно: калі стаіць або сядзіць ля акна і доўга глядзіць за акно, нешта думае, думае. Аднойчы я выйшаў на двор, бачу: сядзіць бацька на лаўцы ля плота, рукі паставіў на калені, глядзіць у траву і думае. Ці што ўспамінае? Я вярнуўся ў хату, гляджу на бацьку праз акно, ён сядзіць нерухома, думае. Ці што ўспамінае? Мне стала так тады шкада бацьку. Хацелася зноў выйсці на двор, падысці да яго і расказаць яму, як я поўз па балоце, па твані, як плыў у лодцы па возеры...
Я выйшаў на вуліцу, пабег праз браму ў парк. Ужо вечарэла, было ціха і цёпла. Толькі завод пыхкаў дымам, у ім, у заводзе, нешта глуха, як з-пад зямлі, ляскала, вурчала. Паветра пахла брагай. I толькі далей ад завода, ужо ў парку, у прыдарожнай абсадзе, я пачуў што паветра пахне ліпавым цветам. Стаю пасярод дарогі, босымі нагамі чую цёплы, мяккі пясок. А ліпавы цвет пахне яшчэ гусцей, і мне раптам пачуўся пах мёду ў ямнаўскай хаце, ля вуллёў у дзедавым садзе. Мне стала неяк дзіўна ад таго, што во я стаю тут, далёка-далёка ад Ямнаўкі і быццам чую і бачу тое ўсё далёкае...
Сышоў з дарогі, сеў на шырокі ўчарнелы пень, і неяк да мяне прыйшло ўжо іншае думанне: што во я сяджу і — думаю, успамінаю, а там, на двары, сядзіць на лаўцы, ля плота бацька і таксама думае і думае, ці нешта ўспамінае. Спачатку мне было лёгка і добра ад думання пра ўсё гэтае, потым стала чамусьці страшна. А ўжо густа пад дрэвамі сцямнела. Ад маёнтка чулася, як немцы там іграюць на губных гармоніках, ціха пяюць сваю нейкую нямецкую песню, мне зрабілася яшчэ страшней, і тады ўсхапіўся з пня і кінуўся па дарозе — у пасёлак, да брамы, да хаты. Бег і так біў падэшвамі па зямлі, каб парушыць гэтую цёмную цішыню, каб хоць нешта грукацела пада мной у гэтым вечары.
Была нядзеля. Мы сабраліся ля брамы, каб ісці ў парк пад дуб і там глядзець на немцаў і гуляць у «ножыка». Ніхто з хлопцаў не пасвіў у той дзень кароў а сена на балоце Сцёпа, Валодзя, Жора памаглі паварушыць учора, Кудака ўжо і капіцы паспеў паставіць, і цяпер ён стаяў з намі і даваў Сцёпу і Жору пстрычкі па ілбе і носе. Пальцы ў яго тоўстыя і доўгія, а пазногці як жалезныя. Мяне ён не чапаў, таму што мой бацька дырэктар. Не чапаў і Валодзю — таму што той з баптыстаў, а да баптыстаў ніхто не чапляўся, бо й яны ніколі нікога не чапалі, а толькі ветліва здароўкаліся і саступалі старым і малым дарогу. Антэк сам, ажно вочы заплюшчвае ад шчасця, падстаўляе лоб і нос, але Кудака пстрыкае яго толькі па ілбе, бо Антэкаў нос увесь у соплях.
Па дарозе, з боку парку, круціць ровар Шухалевіч. Спыніўся ля нас, падміргнуў нам спадылба. Спытаў у мяне, ці дома бацька, а потым кажа:
— От што здарылася, хлопчыкі, гэтай ноччу. Барынчыка ведаеце? Ну, галоўны камуніст у нашым сельсавеце. Здаровы такі, бялыўлосы. То от што, хлопчыкі... забілі яго гэтай ноччу. Хата яго ля самага лесу. Лямпу ён доўга не тушыў. Стрэлілі праз акно і забілі. Бандыты. Хаваюцца па лясах. 3 Украіны прыходзяць. I нашыя бандыты з тымі бульбашамі разам. — Шухалевіч выцірае далонню пот на лобе, другой рукою трымае ровар за рулю, ровар дрыжыць, мы знямелыя, Антэк соп, соп і раптам ірвануўся з месца і пабег у браму, Кудака глядзіць у зямлю, мне на нейкае імгненне ўбачыўся той бандыт, што стрэліў: у бандыта рыжая, злая морда Эрыха, — але тое імгненне Шухалевіч як змахнуў, калі стаў казаць яшчэ: — Барынчык учора сабраў людзей, сход зрабіў, гаварыў што скора ў нас будзе калгас. Барынчык быў сапраўдны савецкі чалавек, быў цвёрды камуніст, браў Берлін. Помніце пра гэта, хлопчыкі.