Выбрать главу

Шухалевіч цвёрда ўзяўся за рулю, разагнаўся, рашуча перакінуў нагу праз сядло і паехаў за браму да нашай хаты.

...Сядзім пад дубам. Немцы ідуць з возера, усе яны ў плаўках. Канваір у форме, у цяжкіх ботах, трымае вінтоўку за рамень на плячы, цягнецца ззаду немцаў. Яны загарэлыя, смяюцца сабе нешта, зубы блішчаць. Эрых ідзе паперадзе, рыжыя бровы яго і валасы за вушамі выгаралі так, што іх і не відаць, грудзі яго тоўстыя, як у жанчыны. Катажына стаіць на ганку з вялікаю каструляй у руцэ, збоку зіркае на немцаў. Мы ведаем, што Катажыне ніякіх грошай за гэтую кухню не плацяць, яна варыць, мые посуд, прыбірае ў вялікім пакоі-спальні за яду, а тое, што застаецца ад нямецкага стала, нясе ў чорнай дзіравай сумцы Антэку ў браму.

Некалькі немцаў села за стол пад дрэвам, кідаюць карты, іншыя сядзяць на лаўках, адзін пасвіствае, а адзін, самы малы ростам, прыпёрся спінай да дрэва і йграе на губным гармоніку. Да яго падышоў Ёган і ціха запеў. Тыя, што за сталом, даюць карты і падпяваюць Егану. I раптам я ўбачыў хату ля густога, цёмнага лесу, убачыўшы шырокую лаву, на ёй ляжыць чалавек, і над ім плача жанчына. Мне стала страшна — што гэта?.. Я махнуў рукой на свае вочы — і ўсё знікла. I немец ужо не йграе на губным гармоніку, і Ёган ужо маўчыць, а тыя зноў кідаюць карты на стол. На ганку стаіць рыжы Эрых і махае рукой — заве да сябе. Немцы падняліся з-за стала, з лавак і пайшлі да ганка, услед за Эрыхам увайшлі ў дом.

Мы сталі гуляць у «ножыка». Ужо мы са Сцёпам дайшлі да пляча, як Эрых зноў выйшаў на ганак і махнуў рукой нам — зваў да сябе. Не ведаю, як хлопцаў, а мяне гэтае запрашэнне — Эрых жа ненавідзеў нас! — дужа здзівіла. Здзівіла і зацікавіла.

Мы ўвайшлі за Эрыхам у калідор. Калідор быў доўгі, на ўвесь дом, і цёмны. Адразу, са святла, нічога не відаць. Немцы ў змроку як цені, яны чамусьці стаяць адзін за адным уздоўж сцяны. Апошні ў гэтай чарзе немец — ля ўвахода. Эрых паказаў рукой, каб і мы сталі адзін за адным. Першым стаў Жора, за ім — Кудака, потым я, Сцёпа, Валодзя. Ускочыў у калідор і Антэк. 3 пакоя насупраць нас выйшаў Ёган і выштурхнуў Антэка на двор, потым ён стаў спрачацца з Эрыхам і хацеў прагнаць на двор і нас, але Эрых так крыкнуў на Ёгана, што той махнуў рукой, нешта злосна сказаў Эрыху, плюнуў сабе пад ногі і бразнуў за сабой дзвярыма ў пакой.

А там, уперадзе, нешта цікавае. Немцы адзін за адным нахіляюцца да дзіркі ў дзвярах таго, дальняга, пакоя і адыходзяць, закрываючы рукою рот, каб не смяяцца ўголас, і толькі ўжо на двары рагочуць. Эрых падштурхоўвае нас уперад. Во Жора ўжо зірнуў у дзірку і спалохана, збянтэжана адкінуў галаву назад ад дзвярэй і хуценька пабег на ганак. Кудака ступіў перада мною крок. Эрых паклаў мне на плячо цяжкую руку, вось-вось, напэўна, падштурхне мяне ўперад. Я збоку глянуў на гэтую руку: яна тоўстая, чырвоная, у рыжым валоссі і нечым нямецкім смярдзіць. Гэта тая рука! Тая нямецкая, тая фашысцкая рука! Я ўздрыгнуў плячом — хацеў скінуць руку, але нямецкія пальцы ўчэпіста і крэпка трымаюць маё плячо. Тады я, як можна было, развярнуўся і свабоднай правай рукой б’ю немца ў грудзі, потым яшчэ раз б’ю, ужо не помню — куды, і тут жа імгненна падумаў ці сказаў, не помню, сабе ці яму сказаў, што — во табе, гад, во табе за ўсё, за ўсё, за ўсё!.. Калі я апомніўся — убачыў: стаю я, стаіць перада мною голы, валасаты Эрых, Кудака лыпае на мяне вачыма, Ёган рашуча ідзе да нас, гэтак жа рашуча, не кажучы ні слова, ён адштурхоўвае Эрыха ўбок і выкідвае мяне і Сцёпу на ганак, на двор. Кудака памог Ёгану — паддаў Сцёпу нагой пад зад. Валодзя чакаў нас пад дубам. Жора недзе прапаў...

Ад маёнтка мы пайшлі праз пасёлак да брамы, на сваю Юрздыку. Кудака не кажа, што ён там убачыў праз дзірку ў дзвярах. Мне балелі плячо і рука, хацелася плакаць, але не ад болю хацелася плакаць, аднак я вытрымаў — не выпусціў слязу. Кудака пасміхнуўся з мяне:

— Толя змагаўся ... з фашызмам.

Сцёпа спыніўся і неяк так глянуў у вочы Кудаку, што той больш ні слова не сказаў і далей ішоў, апусціўшы галаву і быццам пра нешта ўспомніўшы. Усе ведалі пра маю маму. А Сцёпу я расказваў яшчэ і пра тую гульню ў кустах ля Ямнаўкі, пра гульню на Збароўскай гары ля Дняпра — пра тыя пальцы ў пяску, пра Сонечку.

Жора чакаў нас за брамай, пад таполяй. Мы ўсе пастаялі, памаўчалі, толькі Антэк пра нешта ціха сабе мычаў, разышліся. А мне схацелася пабыць аднаму пад таполяй, прыхінуўся спіной да дрэва, пачуў лапаткамі вузлы цвёрдай кары. I пахла карой, лісцем з нізкіх сукоў. Патыхаў ветрык з возера, праз гароды, нёс з сабой пах балота, аеру, рыбы і кропу, маладых гуркоў. Ад той вузлаватасці, цвёрдасці і свежага ветрыку мне стала лягчэй, і ўжо не чулася ніякага болю.