А птушак, птушак на таполі! Понізу дрэва, у лісцвяной гушчэчы шамацяць, чырыкаюць вераб’і — шэрыя, рухавыя вузялкі. Вышэй, хаця іх не бачу, свішчуць, верашчаць шпакі. На самым версе дрэва, высока каркаюць вароны, да іх з вежаў брамы ляцяць чорныя гракі. I мне падумалася: а я ж ніколі не бачыў каб гэтыя птушкі — усе разам — чырыкалі, свісталі, спявалі, каркалі на зямлі, пад дрэвам. Няўжо ім усім разам добра толькі на шырокім і высокім дрэве? Можа, так таму, што на дрэве ім усім бліжэй да неба?..
— То-оля! — Гэта ўбачыла мяне Галя і заве праз расчыненае акно. — Мама кажа — хадзі ўжо абедаць!
...Пад вечар я выйшаў на вуліцу. 3 канца Юрздыкі бяжыць, лапоча пяткамі па ўкарэлай зямлі Жора, штаны яго звіняць жалеззем. Ён ужо й стаў ля мяне, а звон з кішэняў яшчэ йшоў. Жора пацягнуў мяне за рукаў па той бок таполі, ледзь не ў крапіву ля канавы. I шэпча на вуха мне: канваір ляжаў між ног Катажыны, а вінтоўка ляжала пад ложкам...
Бягу ад брамы сцежкай ля канавы, трава наўзбоч ужо мокрая ад расы, у алешніку ўжо цёмна, але чорная сцежка яшчэ блішчыць, потым босыя ногі топяцца ў халоднай гразі перад возерам, потым ногі мне выцірае густая, мяккая трава ў цёплай і чыстай вадзе. Закасваю штаны, намацваю нагамі цвёрдае дно ля берага, між высокага чароту, ногі ў вадзе скаўзнулі з цвёрдага ў халодную гразь, праваліўся па грудзі, штаны ў вадзе раскасаліся, хапаюся за чарот, цягну яго да сябе і ступаю ў вадзе зноў на цвёрдае, і тут перада мной — во яны, жоўтыя гарлачыкі, яны гойдаюцца на цёмнай вадзе, а ў вадзе гойдаюцца дзве ці тры ясныя-ясныя зоркі, апускаю рукі ў цёплую ваду, ніжэй яна халадзее, шукаю рукамі ў вадзе сцёблы кветак, цягну, сцёблы рвуцца.
Бярэмя гарлачыкаў я вынес з возера, знайшоў за травой, за алешынай цвёрды беражок, распрануўся, выкруціў штаны і кашулю, апрануўся — ледзь нацягнуў на сябе адзенне, мокрае, халоднае, дрыжу, хапаю з зямлі кветкі і бягу, падскокваю, каб сагрэцца, бягу самым берагам, дзе вышэй і цвярдзей, да той шырокай сцежкі ад возера, ад возера праз цёмны парк, зварочваю на вузкую сцежачку ўздоўж заводскай агароджы, збіваю пальцы ног на карэннях, во ўжо, здаецца, і арэшнік, во ўжо й чаромха з бэзам. I я стаў і здзівіўся: а чаго я тут? За кустамі гараць вокны, за вокнамі чуецца глухі нейчы голас, здаецца — бухгалтараў. Голас сціх, іграе патэфон. Я абапёрся бокам на нізкі плот ля веснічак пад кустом чаромхі і зноў дзіўлюся: чаго я тут? Успомніў, што гэта ж пад сваёй таполяй быў падумаў: які сёння цяжкі быў дзень, ну нейкі чорны дзень — пачаўся навіной пра забойства, потым калідор з Эрыхам, потым Жорын шэпт...
А што з кветкамі рабіць?.. Дошкі плота мокрыя ад расы, халодныя кроплі падаюць зверху, з лісця за каўнер, босым нагам холадна. На аконнай фіранцы варушыцца цень ад Ларысы, во цень ад яе рукі, яна ставіць пласцінку, во падняла горла патэфона, паставіла на пласцінку, села, падперла рукой шчаку, слухае, во цярэбіць кончык касы, кідае касу за плячо, а каса ў яе цёмная, як гэты вечар, у ніводнай з дзяўчатак школы няма такой цёмнай і доўгай, аж да пояса, касы. Ну, во табе, Ларыса, жоўтыя гарлачыкі — кладу кветкі між штыкецін, а дзве кветкі з доўгімі сцёбламі кідаю высока на дом, яны жоўтымі зоркамі падаюць на бляшаны дах ля коміна — чуецца кароткі, ціхі звон. У двары бразнуў ланцугом і забрахаў сабака. У сенцах бразнула клямка, і я кінуўся да заводскай агароджы, бягу па калючай траве, праз крапіву, стаў, намацаў пальцамі нагі каменьчык, падняў яго, размахнуўся — хацеў кінуць каменьчык на бляшаны дах, каб сабака гаўкаў доўга і каб бухгалтару не спалася, — але стрымаў руку і выпусціў каменьчык сабе пад ногі, ён упаў на пальцы, але ад яго не забалела — ён быў маленькі...
На ганку ціха тузануў дзверы — з таго боку зашчэплены. Крадуся пад вокнамі за вугал, да нашага з Галяй акна. А Галя ў пакойчыку, у белай сарочцы, ля акна чакае мяне, асцярожна знімае кручок, акно расчыняецца, і я лезу ў пакой.
— Ці-іха, — шэпча Галя, — яны спя-аць. Ці-іха, Толічак...
Мне хочацца абняць сястрычку, але такія пяшчоты ў нас у сям’і не прынятыя. Усю ноч варочаўся з боку на бок. За акном гарэў месяц, свяціліся зоркі, у вішанніку разы два-тры свіснула птушка, спаць не хацелася. Але як у акне пачало святлець, крэпка заснуў...
— Толя! — Я прачынаюся, бацька стаіць у дзвярах, трымае ў руцэ рамень, паказвае яго мне.
— Глядзі, Толя, глядзі ў мяне.
I больш нічога не сказаў, пайшоў на двор.
На хутар за Белымі Пяскамі спіртзавод даў дзве машыны-трохтонкі. У адну, крапчэйшую, ля прахадной залезла заводскае і рыбгасаўскае начальства, мой бацька, доктар і фінагент, у другую — хто хацеў з баракаў і мы, хлопцы з Юрздыкі і баракаў. Двое мужчын на чале з Падвальным вынеслі з прахадной і паставілі ў кузаў нашай машыны цяжкі бітон. Запахла спіртам. Калі прыехалі на хутар, бітон знялі з машыны і занеслі ў склеп ля хаты.