Выбрать главу

На двары стаялі, хадзілі, сядзелі на бярвенні, на нізкім штыкетніку, на лаўках пад сценамі мужыкі, бабы, хлопцы, дзяўчаты, па дарозе бегалі малыя дзеці. А мы стаялі купкай на дарозе ля плота. У хаце плакалі, галасілі жанчыны. Вокны былі расчынены, і галашэнне йшло рэхам далёка па лесе. Ад сяла падняўся пыл, пачулася вурчанне матораў. Ля хаты спынілася чорная легкавушка, за ёю — вялізны зялёны студэбекер. 3 легкавушкі вылезлі мужчыны ў зялёных кіцелях, зялёных галіфэ і бліскучых ботах, а з кузава студэбекера — вайскоўцы, яны знялі з машыны бліскучыя, шырокія і вузкія кручаныя трубы і вялізны бубен, усё гэта палажылі, паставілі на траву ля плота, аббілі з сябе пыл.

3 хаты данеслася і пайшло далёка:

   —  А мой ты Міхайлочко-о! А нашчо ты звязаўся з гэтою рабоотою! А нашчо тобі гэты собра-ання! А нашчо тобі гэто усэ було-о! А нашчо ты згубіў жыційко свое нэ ў по-ору! А на кого ж ты покінуў дзіточэк своі-іх! А чы чуеш, плачэ па тобі сэстра твоя-а!..

Людзі ў бліскучых ботах пайшлі ў хату. Пакуль яны пераступалі цераз парог сенцаў, у хаце сястра яшчэ паспела прагаласіць:

   —  А нашчо тобі гэто ўсэ було-о! А нашчо...

I ўсё ў хаце сціхла, быццам нехта даў там якую каманду. Потым бліскучыя боты выйшлі з хаты на двор, да іх падышлі старшыня сельсавета, начальнік пошты, дырэктар спіртзавода, дырэктар рыбгаса, фінагент, доктар, загадчык хаты-чытальні і мой бацька. Адзін з прыезджых нешта казаў ім, левую руку ён засунуў між жоўтых гузікаў за борт кіцеля, так трымаў руку Сталін на партрэце ў нашым доме.

У хаце зноў заплакалі, загаласілі, але ўжо ціха неяк, і сястра там ні ў чым не папракала мёртвага брата, ні пра што не пыталася. На двор выйшлі дачка і сын Барынчыка. Дачка скончыла ў горадзе дзевяць класаў, сын вучыцца ў нашай школе, перайшоў у сёмы клас. Твары ў іх былі змучаныя, схуднелы.

Зноў у хаце сціхлі. Мужчына вынес з сенцаў крыж і занёс яго за в угал хаты. Вайскоўцы залезлі ў кузаў студэбекера і апусцілі, паставілі на зямлю прадаўгаватую чырвоную скрыню, на звужаным версе яе была прымацавана на тоўстай драціне чырвоная бляшаная зорка. Адкінулі барты нашай машыны і паставілі на ёй да кабіны тую чырвоную скрыню, кінулі на дно кузава яловых лапак.

3 сенцаў мужчыны вынеслі века труны, пайшлі з двара. За імі з сенцаў паволі вынеслі белую труну. Вайскоўцы прыставілі трубы да і ртоў, надзьмулі шчокі і зайгралі. Труну мужчыны паднялі на плечы і панеслі праз вароты да машыны, паставілі на яловыя лапкі, побач з векам, нагамі да чырвонай скрыні. Жонка і сястра Барынчыка, абедзве худыя і нярослыя, учарнелыя з твару, заламалі на ганку рукі, але не плакалі, — мусіць, ужо не было слёз, — сышлі з ганка, пайшлі за вугал хаты да крыжа. Нехта, чую, за плотам у двары сказаў ціха:

   —  Цалуюць крыж.

Жанчыны выйшлі з-за хаты, пайшлі з двара да машыны. Адзін з прыезджых кіцеляў нешта сказаў ім, і тады мужчыны падсадзілі жонку, сястру і дзяцей Барынчыка на машыну. Тыя паселі ля труны і глядзелі на кіцелі ля машыны — быццам чакалі яшчэ якой падказкі, але не дачакаліся, схілілі галовы над труной і сталі ціха плакаць. Не, сын моўчкі глядзеў на бацькавыя рукі, якія былі сашчэплены на грудзях. Здаровы хлопец крутануў ручкай у перадку машыны, матор з перабоямі завурчаў машына торгнулася на месцы, труна здрыганулася, і ў труне здрыганулася галава Барынчыка, машына кранулася з месца, ціха пайшла, за ёю — купа вяскоўцаў з Белых Пяскоў, за імі — людзі ў бліскучых ботах і нашае начальства, ззаду — вайскоўцы з трубамі, і трубы нягучна, жаласліва йгралі.

Мае хлопцы ступілі за трубамі. Я стаяў на месцы, прытуліўся спінай да плота. Музыка была такая жаласлівая, што я пачуў на шчацэ слязу. I я ўжо не бачыў ні машыны, ні людзей за ёю, мокры туман заслаў мне вочы, і ўжо аднекуль здалёк-здалёк, быццам аднекуль з неба і яшчэ далей, чым з неба, чулася музыка, жаласлівейшая ад гэтай, і нават ужо й не музыка, а нешта... I ўжо стала так ціха вакол мяне ля плота, так ціха, як некалі ў цёмным лесе за вікоўскім кладаўем...

Туман сышоў з вачэй, і бачу: Сцёпа, Валодзя, Жора, Кудака стаяць ля мяне. Яны вярнуліся — ім, мусіць, здалося, што са мною нешта нядобрае. Каб паказаць ім, што я здаровы, крэпкі, кажу:

   —  Пабеглі, хлопцы?

I мы бяжым трушком па дарозе ў свае Чорныя Пяскі. Доўгі і цяжкаваты Кудака боўтаецца ззаду. Здалёк была яшчэ пачулася жаласлівая музыка, а потым яна назусім сціхла, як памерла...