Выбрать главу

Пад вечар Сцёпа ў сваім двары свіснуў праз пальцы, і я выйшаў пад таполю. Сцёпа сказаў: ён пачуў, што заўтра Мікалай Мікалаевіч ідзе на балота за Жыгулянку грэбці і ставіць копы. Малады настаўнік кватаруе ля школы ў Мастычыхі, у яе загінулі ў вайну муж і сын, з родных у яе больш нікога няма. Яна хворая на ногі, але карову трымае, без малака ёй нельга: у хаце гадуецца малая ўнучачка, нявестка летась памерла. Дзіця так прыліпла да настаўніка, што ён і ў школу прыводзіў яе за ручку. Мікалай Мікалаевіч толькі два гады вучыць у школе. Летась і сёлета сам, адзін, накасіў Мастычысе сена на карову. Як прыйдзем гэтым вераснем у пяты клас, ён будзе вучыць нас геаграфіі. Трэба свайму настаўніку памагчы. Мы са Сцёпам абышлі хлопцаў. Кудака таксама згадзіўся. Дома на двары я сказаў пра гэта бацьку. Ён паказаў рукой на хлеў і сказаў:

   —  Граблі пад страхой.

Я ўжо бачыў тыя граблі, яны ляжалі на двух іржавых круках глыбока пад страхой, счарнелыя, але цэлыя і, відаць, лёгкія. Іх рабіў паляк Зыгмусь, які жыў з сямей у гэтым доме, яны два гады таму, у сорак шостым, выехалі ў Польшчу, а іхні дом сельсавет аддаў школе. Хату, хлеў і склеп Зыгмусь некалі пакрыў чырвонай чарапіцай. Дый усе дахі па Юрздыцы з чарапіцы. А мне ўсё здавалася, што там, у Ямнаўцы і Вікоўцы, пад саламянымі стрэхамі было цяплей, утульней, — бо саламяная страха пахла жытам, травой, нават барадой ямнаўскага дзеда, і на яго страсе, ля коміна, любіў стаяць бусел...

Я стаў на калоду і зняў з крукоў граблі. Бацька кіўнуў пальцам, каб ішоў да яго.

   —  Ну, бяры граблі ў рукі. Вярхушку бяры ў жменю левай рукі... Не, не так. Далонь выверні ўверх. Во-во, у жменю. А той рукой трымай грабільна пасярэдзіне... А-а, велікаватыя табе граблі. Дык апусці левую руку ніжэй. Грабі смецце па траве... Трымай граблі лёгка, не сціскай. I не даві на зямлю...

Граблі зубамі зачапіліся за траву.

   —  Не цягні! Паднімі граблі. Грабі — быццам расчэсваеш траву...

Калі зубы ў расчосцы вострыя, ты як трымаеш расчоску на галаве? Каб не зачапіць скуры? Во так трымай граблі. Расчэсвай траву!

Я ажно ўспацеў. Але, нарэшце, налаўчыўся расчэсваць граблямі траву, нагроб у двары кучу смецця.

   —  Ну, а на балоце... Там паглядзіш...

...Ад Юрздыкі да школы больш за кіламетр. Школа — вялізны, стары драўляны дом з новымі да яго прыбудовамі — крыламі, у ім таксама некалі жыла польская сям’я. Перад школаю царква, абабітая блакітнымі дошкамі, вакол яе жалезная агароджа, за агароджаю густая зялёная мурава, у адным кутку царкоўнага двара пад разгалістай старой ліпай стаіць некалькі тоўстых жалезных крыжоў. Неяк вельмі дзіўна рабілася ў галаве, калі, бывала, разам пачуеш званок на школьным ганку і царкоўны звон. I тады яшчэ я ўспамінаў, як грымелі званы з гары ў Старым Крыўску, як ішлі мы з дзедам Доўскай шашой на прычасце...

За школай, за мастком праз ручай, які ўпадаў за вёскай у Жыгулянку, былі могілкі — у сасонніку, на жоўтай пясчанай гары. Тут кажуць «могілкі», а ў нас жа там, ля Дняпра, — «кладаўе». I яшчэ: там у нас кажуць «ван дзе во», а тут — «гэнь дэ го». Толькі сварацца мужчыны аднолькава і там, і тут: «...т-тваю м-маць». Але ў хатах маіх дзядоў казалі толькі так: «каб на цябе пранцы», «каб цябе пранцы ўзялі». (Пасля я даведаўся, што «пранцы» — гэта францы, французы.)

Дык хата Мастычыхі «гэнь дэ го» — праз дарогу насупраць школы. Мы падышлі да гародчыка, паставілі граблі ля плота, селі на лаўку, чакаем, калі хто выйдзе. У гародчыку цвітуць вяргіні, жоўтыя і чырвоныя. Вокнаў не відаць з-за кустоў бэзу. Бразнулі дзверы з сенцаў, на ганак выйшаў Мікалай Мікалаевіч — у белай тэнісцы, картовых штанах, на нагах сандалеты, высокі, пад рукавамі тэніскі крэпкія мускулы. Засмяяўся і кажа:

   —  А таты вашыя і мамы ведаюць?

Мы сказалі, што ведаюць. Настаўнік вярнуўся ў хату і праз хвілін дзесяць выйшаў з напакаванай палатнянай торбай у руцэ. У другую руку ўзяў сахары і граблі, што стаялі пад сцяной.

   —  Ну, што — пайшлі, хлопцы.

Калі мінулі масток праз ручай і сталі паднімацца, патанаючы нагамі ў мяккі белы пясок, на тару, збоч могілак, Мікалай Мікалаевіч сказаў:

   —  А мы йдзём па дне заліва Балтыйскага мора. Так-так, хлопцы..,

Мы такога ніколі не чулі, мы разявілі раты. Я й не заўважыў, куды

дзеўся Кудака. Ён хутка дагнаў нас — узяў кажа, у дзядзькі сахары.

Вуліцай мы выйшлі на тарфяністую дарогу, уздоўж яе густа расла крапіва. Было яшчэ ранавата, але чорная мяккая зямля грэе падэшвы — яна яшчэ цёплая звечара. Мікалай Мікалаевіч пытаецца ў нас, куды вядзе гэтая дарога. Я не ведаў, а хлопцы наперабой сказалі: у Корачынь.