Выбрать главу

   —  Так. Аў Корачынскім лесе стаяў партызанскі штаб усёй вобласці. Я вам потым у класе раскажу пра зялёную школу ў тым лесе. А калі гэтай дарогай ісці назад, то прыйдзем на бераг Ясельды, у горад Здзітаў. Так-так, у горад. Таго горада даўно-даўно няма. Ля Ясельды ёсць вёска Здзітаў. У той горад быў прыйшоў валынскі князь... А дзе Валынь? Ды во, калі так з Пяскоў праз Нівы на Хомск, на Драгічын, а там яшчэ з паўсотні кіламетраў — будзе й Валынь... Дык той князь з дружынаю прыйшоў з другога боку, з боку Белавежскай пушчы, зрабіў кругаля па Ясельдзе, узяў Здзітаў, разбурыў яго, спаліў. Тут жылі вашыя далёкія-далёкія дзяды. Дрыгавічы. Так звалася іхняе племя. Толя, як і я, васточнік. Тут так кажуць на нас. Але Толя з племя радзімічаў, а я — з крывічоў прыехаў да вас з Полацка. — Настаўнік пакрочыў далей, мы, па абодва бакі ад яго, ідзём, не адстаём. Мікалай Мікалаевіч сказаў:

   —  Во мы й сабраліся тут разам. Дрыгавічы, радзімічы, крывічы. Беларусы. I мы ўсе разам будзем грэбці сена.

Настаўнік засмяяўся, а за ім і мы ўсе рассмяяліся. Жора дык нават затросся ад смеху, аж жалязякі ў штанах яго зазвінелі.

Падышлі да моста праз рэчку, а рэчка — тая Жыгулянка. Ідзём беражком, выбітай у траве сцежкай. Ля самай вады і з вады растуць густы алешнік, шэры вербалоз, кусты гнуткай ружовай ракіты, па беразе — крушыннік, ажына, нізка над вадой звіняць стракозы, босым нагам на сцежцы яшчэ па-ранішняму свежа, а галавой чуеш ужо цёплае паветра. Адразу ад сцежкі пачынаецца купісты луг. Адсюль, пад вёску і пад возера, усцяж чарнеюць купіны, між імі дзе-нідзе і понізу стажкоў і капічак сена, на калках гнілых сцен жараў яшчэ вісяць шматкі белага туману, але ён, ужо слабы апошні туман, на вачах растае, і ціха стаяць на лузе рэдкія алешынкі, сасонкі, бярозкі. Удалечыні ў сінім небе залаціцца купал царквы, а яшчэ далей чарнее заводская труба, дым з яе ўжо колькі дзён не йдзе — да новай бульбы.

У Чорных Пясках кажуць: на балота. Мне бачыцца луг уздоўж Дняпра — роўная зялёная прастора, і па гэтай прасторы далёка ішлі-таялі высокія, здаецца — пад самыя аблокі, стагі, і, каб злезці з іх, вершнікам прыстаўлялі да стагоў пад ногі даўжэзныя жэрдкі...

— Стой, хлопцы. — Настаўнік убіў граблі і сахары ў зямлю, паказаў рукой на балота. — Во тут. Пяць капіц я паставіў ужо. Ну, і яшчэ столькі...

Пакінуў на сёння настаўнік работу ад сцежкі, ад рэчкі. Спачатку сена трэба яшчэ павярнуць, хай падсохне сподам. Мы паселі на сухім грудку над рэчкай, тут быў на ваду прагалак між кустоў. Сонца прыпякае ў спіны, кашуляў не знімаем, бо ўжо сталі назаляць авадні і слепакі. Пахне сенам, балотам, альхой, чаборам. Сінія кусцікі чабору ля нашых ног і рук. Раптам мне здалося, што збоку на мяне нехта глядзіць, паварочваю галаву і бачу: з-пад струхнелага альховага пня тырчыць шэра-зялёна бліскучая галоўка, і вочкі-кропелькі глядзяць на мяне. Мне стала смешна, але засмяяцца, нават усміхнуцца я не паспеў: вужака крутнула галоўкай і знікла ў цёмнай дзірцы пад пнём. Ні Мікалай Мікалаевіч, ні хто з хлопцаў гэтага не бачылі, і я ім не сказаў, бо ўсе маўчалі, глядзелі кожны перад сабой і бачылі кожны нешта сваё. А мне на плячо, стрыгучы празрыстымі, сіне-ружовымі крылцамі, села страказа — доўгае, выгінастае не то цельца, не то хвост, сціхла і зноў нырнула ўверх. Я падумаў, во, каб былі такія самалёцікі — дзе хочаш сеў, як хочаш узняўся. На руку мне, якой я ўпёрся ў зямлю пабеглі маленечкія мурашкі, хапаю руку, выціраю яе аб траву і бачу ў зямлі норачку — з яе разбягаюцца і ў яе збягаюцца мурашачкі, таўкуцца, цягнуць на сабе да дзірачкі ў зямлі жоўтага чарвячка. У кусце ля самай вады свіснула птушка, хіснулася галінка, нешта ўдарыла, як хвастом, па вадзе — мабыць, рыбіна, — пабеглі кругі па вадзе, і там ускінулася плойма бліскучых сініх мурашак. 3 травы плюхнула ў рэчку жаба, тут жа вынырнула, ускараскалася на шырокі круглы ліст, што ляжаў на вадзе, і надзьмула па баках галоўкі белыя пухіры, крэкнула, глядзіць на нас, яшчэ раз, грамчэй крэкнула, і мы рассмяяліся, толькі Кудака быў сурезны: яго такія жабіныя жарты не праціналі. У Жоравых штанах звякнула жалезам — і жаба скокнула ў траву пад бераг.

Над намі нізка, раскінуўшы сціхлыя крылы, праляцеў бусел і недалёчка, ля капліцы, спыніўся, падняў уверх крылы, апусціў чырвоныя ногі, стаў на купіне, склаў крылы, азірнуўся на нас спакойна, торгаючы дзюбай, пайшоў за капіцу...

Мы павярнулі траву ў пракосах, селі зноў на грудку чакаем, пакуль трава высахне. Сонца ўжо добра прыгрэла, лісце на алешніку крушынніку ажыне аціхла зусім, ад разагрэтага чабору лёгка кружыцца галава, наборам пахне і зверху. Па той бок Жыгулянкі нізка праляцелі жураўлікі — у бок возера, за імі, лопаючы крыллем, — качкі.