Харошы дзень быў. Я ні разу за гэты дзень не ўспомніў ні Барынчыка, ні Эрыха, ні Ларысы. Але вечарам мне ўсё ж закарцела ўведаць: а што з тымі маімі кветкамі? Калі сцямнела, я крадком падышоў да бухгалтаравых веснічак. На двары, на цэментавай дарожцы было светла ад агню ў вокнах, ад лямпачкі над ганкам. У кутку двара, блізка ля веснічкаў ляжала куча смецця, і зверху на ёй — звялыя гарлачыкі. Гляджу на дах: адна доўгая сцябліна звісае з коміна і жоўты гарлачык там пачарнеў ад дыму.
Я павярнуўся ісці назад сцежкай да заводскай агароджы — а тут перада мной, як з зямлі вырасла, стаіць Ларыса ў белай сукенцы, цярэбіць на плячы кончык заплеценай чорнай касы, і на мяне не глядзіць, а ўбок, дый я ўжо не на яе гляджу, а сабе пад ногі. I Ларыса ціха сказала:
— Хай лепш кветкі растуць. 1м прыгажэй на вадзе. I возера ад іх прыгожае.
— Добра, — сказаў я таксама ціха і пайшоў у цемру, не зважаючы — дзе сцежка, а дзе крапіва...
Доўга не мог заснуць, усё думаў: які харошы дзень быў — той цыганскі дождж, цёплыя лужыны…
Дні былі гарачыя, душныя, але ноччу ўжо халадала. Жнівень. Жанчыны, больш дзяўчаты йшлі ў поле з сярпамі — жалі жыта, ячмень, проса. Кароў сталі ганяць на ржэўнік. А па вёсках пайшлі нейкія два мужчыны з горада, насілі ў руках, як той фінагент, абшарпаныя партфелі, заходзілі ў школы і ў тыя хаты, дзе былі школьнікі-пераросткі, угаворвалі іх і іхніх бацькоў, каб гэтыя хлопцы пісалі заявы — некуды на Урал, вучыцца ў фабрычна-заводскіх вучылішчах, і ўжо згадзіліся некалькі хлопцаў з шостага і сёмага класаў. Напісаў заяву і наш Кудака. Маці яго плакала, угаворвала не ехаць, бо што ж яна адна паробіць, застаюцца ж у хаце двое малых, брацік і сястрычка, яны яшчэ і ў школу не ходзяць. Але Кудака заўпарціўся — ехаць. I вось недзе ў сярэдзіне жніўня ён паклікаў аднакласнікаў, хлопцаў і дзяўчатак, у сваю хату, на развітальны вечар. Дома кожнаму з нас, хлопцаў, далі па бутэльцы гарэлкі, а каму й па чацвярцінцы, па кавалачку сала, маласольных гуркоў, смажанай рыбы, і мы, хлопцы й дзяўчаткі з Юрздыкі і пасёлка, прыйшлі ў Кудакаву хату. У маленькай, з аднаго пакоя хаце стала зусім цесна. Прыйшоў на драўляным пратэзе Мартын з дзіравым гармонікам, а барабаніць на бубне з круглым меднымі бляшкамі ўзяўся Жора. Не прыйшлі Валодзя і Ларыса. Я падумаў: і добра, што Ларыса не прыйшла, а то што б я тады рабіў, калі б яна прыйшла?
Мы ўсе былі больш-менш па-святочнаму апранутыя, хлопцы амаль усе ў ботах — хто ў бацькавых, хто ў матчыных, і былі добра наваксаваныя, блішчэлі, толькі Кудака свае боты змазаў дзёгцем, і пах дзёгцю стаяў і ў хаце, і ў двары. 3 хлопцаў у аднаго мяне боты былі па назе. А ў дзяўчатак на нагах былі велікаватыя туфлі на высокіх абцасіках, і ва ўсіх іх былі белыя, або сінія, або чырвоныя шкарпэткі і вышываныя блузкі.
Мы расселіся на лаўках вакол двух, прыстаўленых адзін да аднаго, сталоў на іх стаялі бутэлькі з самагонам і разведзеным спіртам, закусь проста на цыратах, а для піцця — шклянкі, кубачкі і нават дзве-тры чарачкі. Кудакава маці і Мартын сказалі наліваць. Хлопцы паналівалі дзяўчаткам, і міма лілося, і на спаднічкі дзяўчаткам лілося, бо рукі ў хлопцаў трэсліся — гэта ж усё такое ўпершыню самімі робіцца. Дзяўчаткі чырванелі і сціскалі ў кулачках між каленцаў вышываныя свае насовачкі.
— Ну, будзем чокацца! — сказаў Мартын.
Шкло — дзе ціха, нясмела, дзе смялей — зазвінела, і мы ўсе выпілі, хлопцы панюхалі хлеб, дзяўчаткі закашляліся, і ўсе доўга маўчалі і паціху закусвалі.
— Ну, нальём яшчэ, — сказаў Мартын.
Другі раз налівалі, пілі і закусвалі смялей, а дзяўчаткі сталі нават нечага смяяцца ў свае кулачкі, а хлопцы сталі расчэсваць пальцамі свае чубы.
— Ну, а цяпер танцуем! — сказаў Мартын, узяў пад руку мыліцу і пайшоў да ложка, дзе ляжаў яго гармонік. Хлопцы расцягнулі па кутках сталы і лаўкі пад сцены. Дзяўчаткі збіліся, як авечкі, у кучу, у куце, пад вялікаю іконаю з белым ручніком — Маці Божая трымае на руках малога сыночка, і яны глядзяць на нас, на хату сумнымі вялікімі вачыма. Мартын зайграў польку, дзіравы мех гармоніка свістаў дзяўчаткі ўбілі свае вочы ў падлогу пад нагамі і міргалі вейкамі. Тады Кудакава маці схапіла за рукі самую маленькую з дзяўчатак Олю, топнула нагой і закружылася з Оляй па хаце. А Оля ўмее скакаць польку — таксама з прытопам, то ўлева, то ўправа. Тут пайшлі скакаць і ўсе дзаўчаткі, спаднічкі развінаюцца, заплеценыя косы так матляюцца, што ажно чапаюць хлопцаў за насы. Дзе і калі навучыліся дзаўчаткі гэтак спраўна скакаць польку? А Жора барабаніць лоўка, як штукар, ажно локці выварочвае. Але вось ён кінуў бубен на ложак, падышоў да Сцёпы, нешта яму сказаў, і во яны ўдвух выйшлі на хату, і калі пад іх падвярнуліся ў скоках дзве дзяўчынкі, хлопцы пляснулі ў далоні, і дзяўчаткі тыя раскалоліся. Зіна палажыла далоньку на плячо Сцёпу, Зоя — на плячо Жору, а другія іхнія далонькі хлопцы сціснулі ў сваіх, і пайшлі, кінуліся гоцаць, абы-як, абы-як па хаце, але дзяўчаткі стрымлівалі хлопцаў, супакойвалі і паказвалі на свае ногі: маўляў во так, от так, ну яшчэ так, во й добра, ой як добра!.. Сталі таўчыся з дзяўчаткамі па хаце і ўсе хлопцы, і я з бяляваю Ірынкай, дачкой Падвальнага, так крутануў па усёй хаце, што ажно зачапіў Сцёпу за нагу, і той ледзь не паляцеў са сваёй Зінай, але ўтрымаўся на нагах і Зіну моцна трымаў і абодва паказалі нам з Ірай свае языкі.