Выбрать главу

Пад столлю гарэла маленькая электралямпачка, да чарнаты заседжаная мухамі, таму ў паўзмроку скакалася смела, скакалі, хто як мог, абы ногі трэсліся і курчыліся. А з цёмнай вуліцы расплюшчылі насы на шыбінах малыя дзеці з баракаў. Над іх галоўкамі паўсталі ўжо й галовы некаторых матак, паказвалі адна адной пальцамі на сваіх дзяцей. Ірына маці за акном паморшчылася, калі мы з Ірай спатыкнуліся і ледзь не ўпалі. Мартын кончыў польку, мы аддыхаліся па кутках, потым гарманіст крыкнуў:

   —  Обэрак!

Я першы раз пачуў, што ёсць такі танец. У дзедавай хаце ў Вікоўцы скакалі польку, матлот, кадрылю. Дзяўчаткі пабеглі ў танцы па крузе, а потым і хлопцы пайшлі разбіваць іх пары — пляскалі ў далоні пад самыя іх вушы. Я зноў круціў з Ірай. Яе маці глядзела на нас праз акно і моршчылася, калі мы з Ірай спатыкаліся. Мы з Ірай скакалі ўсё ля печы, падалей ад акна. Але во нас нехта моцна штурхнуў у танцы, і яшчэ нехта штурхнуў — і мы з Ірай апынуліся ля самага таго акна. Ірына маці пастукала пальцам у шыбіну, Іра азірнулася, і я ўбачыў як Падвальная памахала дачцэ спачатку пальцам, потым кулаком, але мы з Ірай так крутнуліся ў сярэдзіну хаты, што ўжо і акно тое, і Падвальная закружыліся ў маіх вачах. I я спытаўся ў Іры: чаго яе маці пагражала ёй? Іра сказала:

   —  А во чаго! — і торкнулася мне ў грудзі вострымі локцямі, адштурхнулася крыху ад мяне, адставіла падалей назад попку і глянула на маці за акном — тая па-добраму ўсміхнулася, кіўнула галавой: маўляў, во так, дочачка, — і пайшла ад акна ў цемру.

Урэшце, маткі наглядзеліся на сваіх дзяцей, упэўніліся, што дзеці іхнія не п’яньм і гэтак хораша сабе гуляюць, і пайшлі дамоў, пагналі з-пад вокнаў малых, але тыя хутка зноў прыліплі насамі да шыбін. I толькі тады малыя паразбягаліся ад хаты, калі Кудачыха расчыніла акно і дала ім са стала закускі.

Толькі Кудака ўвесь вечар сядзеў адзінока і моўчкі на лаўцы ля прыпечка, звесіў галаву на грудзі. Ён нават не падышоў да стала, калі яго маці і Мартын скамандавалі, каб зноў селі за сталы. Хлопцы налілі дзяўчаткам і сабе гарэлкі. А сядзелі за сталамі ўжо больш так, як хто з кім скакаў. Таму калі я наліваў у Ірыну чарачку, яна нахіліла да мяне свае белыя коскі і шапнула на вуха:

   —  Толічак, мне кропельку, толькі на дно...

Мартын ужо добра ўп’янеў, наліў сабе яшчэ шклянку, узяў яе ў руку і стаў казаць:

   —  Гуляйце, хлопчыкі й дзяўчаткі. Гуляйце, пакуль здаровыя і маладзенькія. Ой, колькі нашых хлопцаў упала на вайне. I некаторыя вашы маладыя таты і браты, і дзядзькі, і суседзі... Я во сам які здаровы быў, які гуляка быў... — Мартын ушчыкнуў ззаду Кудачыху, і яна зарагатала, лёгка ўдарыла Мартына ў патыліцу. — А во, бачыце, як парвала мяне, і ўжо ля самага Берліна... I як яно яшчэ будзе на свеце — чорт яго ведае... Дык вы гуляйце, гуляйце! Ужо ж, можа, хутка пачнеце абрастаць перыйкам, га? — Мартын зарагатаў і выпіў. Кудачыха зноў лёгка ўдарыла яго ў патыліцу: не гавары абы-што. Дзяўчаткі паапускалі галоўкі, зачырванеліся, захіхікалі ў кулачкі. Але хлопцы трымаліся сурезна, быццам нічога не разумелі. Я толькі назаўтра дакумекаў, што да чаго казаў Мартын, і таму толькі назаўтра пачырванеў і ўвесь дзень саромеўся бацьку, мачысе, Галі глянуць у вочы...

Мы сядзелі за сталамі, дзяўчаткі пелі, хлопцы гучна гаварылі пра тое, хто калі і як наступіў на вужаку, выдумлялі пра сустрэчу з ваўкамі. За акном стаяў Антэк, Кудака выйшаў і прывёў яго за руку ў хату, пасадзіў за стол у кутку, наліў яму ў кубачак гарэлкі, Антэк панюхаў, зморшчыўся, чмыхнуў і паставіў кубак на стол, адсунуўся далей ад Зіны і ўпарта глядзеў у столь. Кудачыха палезла на печ да малых і там з імі хутка заснула — стамілася.