Выбрать главу

Немцы купай, а канваір за імі з вінтоўкай, пайшлі да маёнтка. Крыху счакаўшы, пабеглі і мы пад свой дуб. Да нас з пасёлка пад ехаў роварам Шухалевіч, паставіў сваю машыну да дрэва і сеў на траву ля нас. Шчокі яго былі задужа чырвоныя, ад яго несла гарэлкай. Ён сказаў, што хоча пагаварыць з немцамі, бо разумее і можа сяк-так гаварыць па-нямецку, але трэба спытацца дазволу ў канваіра...

Мы бачылі, як канваір махнуў рукой: маўляў, можна. Шухалевіч з Ёганам адышліся ўбок, селі на лаўку пад елкай, і гаварылі, і паказвалі рукамі. Потым Шухалевіч вярнуўся пад дуб, выставіў вялікі палец, сказаў: «Ці-ха-а!» — закінуўнагу праз ровар і паехаў да варотаў.

Той дзень быў суботай, і было яшчэ далёка да вечара. Мы — Сцёпа, Жора і я — сталі гуляць у «ножыка». Падкідваючы ногі, прыбег і сеў ля нас Антэк і нешта паказаў у небе растапыранымі, напружанымі пальцамі, і ўсміхнуўся сабе. Я канчаў кідаць ножыка з пальцаў, але на мезенцы пагарэў — ножык не ўбіўся ў зямлю дзюбкай. I раптам я адчуў, што нехта глядзіць мне ў спіну, я азірнуўся: гэта Эрых стаіць ля лаўкі і глядзіць, глядзіць на мяне... Калі чарга зноў стала мне, я ўзяў ножыка і пачаў кідаць яго з пальцаў нанова. I зноў ножык сарваўся з мезенца. Нешта ўва мне стала трывожна. Я зноў азірнуўся: Эрых глядзіць на мяне. Сцёпа і Жора кідалі ножыка ўжо цераз плячо, а я ўсё сядзеў на пальцах. Сцёпа, Жора, дый Валодзя, здзіўлена паглядзелі на мяне: што з табой, Толя, ты ж так добра гуляеш у ножыка, а сёння?

Нарэшце, траўку з зямлёй яны мне кідалі ў рот, я махаў ножыкам перад сваім разяўленым ротам, але Сцёпа хутка і лёгка кінуў мне ў рот траву з зямлёй, я закашляўся, бо крыху той травы глынуў. Антэк адсунуўся далей ад мяне. Я зноў азірнуўся: Эрых глядзіць на мяне! Тады і Сцёпа, і Жора, і Валодзя, а за імі і Антэк сталі глядзець на Эрыха. Той яшчэ крыху пастаяў і сеў на лаўку побач з Ёганам.

Мы пайшлі да капліцы. На кустах шыпшыны чырванеліся ягадзіны. Калі яны зусім паспеюць, стануць цёмна-чырвонымі і мяккімі, мы будзем разрываць ягадзіны кіпцямі, выбіраць з іх жоўтыя, мокрыя зярняты, а потым — даганяць дзяўчатак і кідаць ім за каўнер гэтыя зярняты, расціраць іх на скуры дзяўчатак даланёю, зярняты будуць так пячы ім, так пячы, а дзяўчаткі будуць так пішчаць, так пішчаць, злавацца, нават плакаць і нават біцца з намі, а каторая возьме дый сама разатрэ каму-небудзь з нас цэлую ягадзіну на шыі ці між лапаткамі. Я ўявіў: Ларысіна рука ў мяне за каўняром... Не будзе гэтага. А Іра можа зрабіць. Ну, калі Іра, то таксама павінна быць цікава...

Мы паляглі спінамі на траву, рукі пад галовы, глядзелі ў высокае неба і маўчалі. Ні Сцёпа, ні Жора, ні я ніколі й падумаць не маглі, што першым можа парушыць маўчанне Валодзя, а ён глядзеў, глядзеў у неба і во ціха сказаў:

   —  А я, хлопцы, бачу Бога ў небе.

Жора ажно ўстаў на локаць:

   —  Ну-у?

Валодзя ўстаў з зямлі, паказаў рукою ўгору:

   —  Ву-унь! Бачу галаву, бараду, вочы. Ву-унь над возерам.

I я ўстаў, і Сцёпа ўстаў. Гляджу туды, у неба, куды паказвае рукой Валодзя: там клубяцца, плывуць, расцягваюцца і сцягваюцца белыя аблокі на блакітным полі неба. I раптам я таксама нешта жывое ўбачыў — вялізнага-вялізнага каня з шырокай грывай, толькі без ног. Я не хацеў пакрыўдзіць Валодзю, моўчкі зноў лёг спінай на траву, рукі пад галаву, глядзеў на свайго каня, але ён паціху расцягнуўся, стаў аблачынай, а тая аблачына неяк непрыкметна ператварылася чамусьці ў нейкую гару з рэдкімі сасонкамі на вяршыні, і я пазнаў у ёй Збароўскую гару ля Дняпра, я ўсхапіўся з зямлі і, як Валодзя, паказваю рукой у неба, але маўчу, я знямеў. Хачу нешта сказаць і не магу вымавіць слова. Хлопцы здзіўлена глядзяць на мяне, толькі Валодзя ўсё яшчэ бачыць у аблоках свайго Бога. Але вось і Валодзя павольна, азіраючыся навокал, быццам шукаючы Бога ўжо дзесьці ў дрэвах, сеў на траву — мусіць, Бог яго таксама растаў, расцягнуўся аблокамі па небе. Сцёпа і Жора нічога ў небе, апрача аблокаў, не ўбачылі, яшчэ крыху здзіўлена паглядзелі на мяне і Валодзю і пайшлі за шыпшыну. Антэк, шырока распасцёршы ногі і рукі па зямлі, глыбока спаў шчакою на траве. На жоўтую кветку ля яго заплюшчанага вока сеў і сцішыўся матылёк, на чырвоных крылцах сіне-жоўтыя колцы. Я падумаў: каб Валодзя гэтак жа спаў, то, напэўна, і ля яго апусціўся б матылёк, можа нават на вока сеў бы.