Выбрать главу

Толькі Сцёпа і Жора вярнуліся з-за куста, як, бачым, ідуць да нас Ёган і Эрых. Падышлі і селі на траву. Яны былі ў старых, залатаных, але памытых і выпрасаваных штанах, белых тапках, беленькіх майках, чыста паголеныя. Ад іх пахла мылам. Немцы сядзелі і маўчалі. Прачнуўся Антэк, матылёк кінуўся ўверх і ўбок. Антэк сеў на траве, лыпаў соннымі вачыма, потым усхапіўся і, высока падкідваючы ногі, растапырыўшы пальцы рук, пабег у бок пасёлка. На ганку маёнтка стаяла Катажына з місаю ў руках і паклікала Антэка, але той прабег міма, быццам не чуў яе.

Ёган растлумачыў нам, што яны з Эрыхам хочуць паглядзець, як мы гуляем з ножыкам. Жора дастаў з кішэні ножык і пачаў гульню. Мне не хацелася гуляць перад Эрыхам, але Жора, калі сарваўся на трэцім пальцы, даў мне ножык, і я дайшоў ажно да ілба — тры разы браў двума пальцамі за дзюбку і, хіснуўшы ножык чаранком уверх, кідаў яго дзюбкай у зямлю, потым з далоні, потым з пальцаў рукі, потым па тры разы з калена, локця, пляча і сарваўся, калі трэба было, прыціскаючы лязо плазам да скуры й дзюбкаю ўверх, шмаргануць ножык з ілба так, каб ён перавярнуўся ў лёце й дзюбкаю ўбіўся ў зямлю. Узяў ножык Сцёпа і лёгка, адразу зрабіў усё, і кіданне ножыка цераз галаву назад — таксама трымаючы ножык за дзюбку і каб ён за спіной перавярнуўся і ўбіўся дзюбкай у зямлю. Потым кончыў я. Жора заплюшчыў вочы і адвярнуўся. Сцёпа падрэзаў грудку зямлі з травой, схаваў яе назад, расчасаўшы пальцамі траву, сказаў Жору, каб шукаў, паказаў яму круг, Жора ў трох месцах скубянуў траву, але не там, Сцёпа выцягнуў грудку зямлі з травой, Жора разявіў рот і стаў коратка і часта махаць ножыкам перад ротам, Сцёпа цэліўся, цэліўся грудкай, кінуў яе, але Жора ножыкам не пусціў зямлю з травой у рот і радасна засмяяўся, нават немцы ўсміхаліся, здзіўленыя гэткім Жоравым спрытам. Я стараўся не глядзець на Эрыха, але неяк міжволі ўсё-ткі глянуў у яго бок і злавіў як ён коратка зіркнуў на мяне спадылба, прыжмурыўшы вока...

Немцы даволі хутка асвойталіся з гульнёй, але абодва заселі на кіданні ножыка з ілба, хаця па першым разе ножык у іх лоўка перавярнуўся і ўторкнуўся дзюбкай у зямлю. Але ж трэба, каб ножык тройчы, раз за разам, згуляў. Было, што і Ёган, і Эрых па два разы падрад чыста спраўляліся сваімі ілбамі.

Першым кончыў гульню я, за мной — Сцёпа і Жора. Кідаць зямлю ў адзін з нямецкіх іртоў прыйдзецца мне. Хацелася, каб — Эрыху, але я баяўся, што не ўкіну зямлі яму ў рот, не ўкіну, не пападу, таму што Эрых будзе глядзець мне ў вочы сваім прыжмураным вокам спадылба, і таму я, напэўна, не пападу, ён будзе глядзець, глядзець і спакойна, з насмешкай махаць ножыкам перад сваім ротам. Хай бы, можа, застаўся ў пройгрышы Ёган, усё роўна ж нямецкі рот...

Усё-ткі Ёган, нарэшце, зрабіў «лоб», а потым і назад, за спіну, удала кінуў ножык, засмяяўся і ад гэткай радасці ажно пукнуў. Жора сядзеў ля Ёгана і адвярнуў свой нос убок. Я ледзь не рассмяяўся: што, Жора, упершыню нюхнуў нямецкае?.. Але стрымаўся, увесь сціснуўся, бо насупраць мяне сядзеў гэты Эрых і мне трэба, трэба яшчэ раз пакараць яго.

Немец перасеў спіной да мяне. Я падрэзаў грудку зямлі з травой, схаваў — расчасаў пальцамі траву і сказаў спіне:

-Ну.

Немец сеў тварам да мяне. Я паказаў яму круг, у якім трэба шукаць — тры разы пацягнуць за траву. Немец уважліва паўзіраўся ў траву, потым стрэліў у мяне вачыма і рашуча, раз за разам, двойчы рвануў усімі пальцамі правай рукі за траву. Міма! Сцёпа, Жора і Валодзя перасталі дыхаць. А мне чамусьці стала зноў шкада гэтага немца, і я глянуў на той пучок травы, за які мне хацелася, каб ён узяўся ў трэці, у апошні раз. Але я тут жа заплюшчыў вочы, бо я ўбачыў і болей не мог бачыць тую руку — немец паставіў яе далонню на той пучок травы, пальцы былі шырока растапыраныя, і на кожным пальцы, ружовым і тоўстым пальцы, тырчаў пучок рыжых валасоў і я ведаў: вось гэты палец націскаў на курок...

Калі я расплюшчыў вочы, немец падняў з зямлі руку і зноў апусціў яе, скубянуў пальцамі траву, скубянуў у трэці, у апошні раз, і — не там.

Сцёпа, Жора й Валодзя зноў сталі дыхаць. Я палажыў ножык перад Эрыхам, пацягнуў за траву тую грудку зямлі і трымаў яе ў руцэ, чакаў, калі немец возьме ножык і разявіць рот.

Ён болей ні разу не глянуў на мяне. Разявіў рот і шырока адкрытымі вачыма глядзеў кудысьці ўгору. Ножык ён не ўзяў.

I тады я кінуў грудку зямлі з травой далёка ўбок, падняўся і пайшоў ля кустоў шыпшыны на дарогу. Ад варотаў ехаў сюды роварам Шухалевіч — мусіць, зноў да немцаў.