Выбрать главу

Быў ужо позні вечар, а можа й ноч, прыйшлі дамоў бацька з мачыхай. Яшчэ на двары, а потым і ў сенцах яны сварыліся, толькі на кухні сціхлі, але ў сваім пакоі зноў сварыліся...

Я сядзеў на калодзе пад сцяной. У вішанніку было ціха й чорна. Высока, праз лісце, свяціліся сінія зоркі, і рабілася мне ўсё халадней і халадней. I ў каторы ўжо раз падумаў: «Што ж гэта робіцца на свеце?» Нарэшце, ўспомніў пра Галю: як ёй там, у хаце, адной без мяне?

Калі я вылез з хаты праз акно і стаяў пад вішняй, я думаў: пайду далёка ў лес за Жыгулянку, там пад густой елкай зраблю сабе шалашык, дол у шалашыку засцялю папараццю і буду там сядзець доўга-доўга, там я нічога не буду чуць і бачыць, толькі — лес, трава, мурашкі, птушкі, вавёркі, ну, можа, зайка праскочыць міма... Цяпер я ўспомніў пра Галю: як ёй будзе ў хаце адной без мяне?..

Я падняўся з калоды, пайшоў ля сцяны, за вугал, стаў ля акна...

Закончылася лета, мы зноў хадзілі ў школу. Верасень быў ціхі, цёплы, а ў кастрычніку пайшлі халодныя дажджы. Але перад асеннімі канікуламі зноў як паўтарылася бабіна лета, хаця адну шчаку прыгравала, другую халадзіла. Мы, хлопцы-пяцікласнікі, пасля ўрокаў беглі на шырокі ўзгорак, на якім стаяла царква, агароджаная вакол. Край узгорка, што збоку школы, з жоўтым пяском, быў нашым. Ён густа зарос хвойнікам і ядлоўцам. Мы кідалі там свае палатняныя торбы з кніжкамі і сшыткамі.

У той дзень мы гулялі ў «вайну». Падзяліліся на «рускіх» і «фрыцаў». Нас было семнаццаць хлопцаў у класе. Тады з намі ўжо не было Кудакі: пасля гісторыі з Гітлерам і Сталіным на ўроку, на якім мы пісалі сачыненне пра вайну, у школу Кудака болей не прыйшоў. Ён ніколі не гуляў з намі, бо ўжо вялікі ж хлопец быў, толькі назіраў, як мы гуляем у «вайну» ці ў «хованкі», сачыў, каб мы не парушалі правілаў гульні, а хто парушаў, таго падзываў да сябе і даваў пстрычку па ілбе...

Бегаем, поўзаем, скачам па ўзгорку, кідаем у «ворагаў» сасновыя шышкі і крычым:

   —  Жора! Фрыц! Падай! Я ў цябе пацэліў! Падай!

   —  Сцёпа! Рускі! Падай! I ты, Лёша, падай!

   —  Не ўпаду! У нас на аднаго рускага меней!

   —  Рускія ж перамагаюць меншай сілай!

   —  Ну, паваюй яшчэ крыху! От табе! Пацэліў зноў у цябе! Лёша, падай!

   —  Вася! Падай!

   —  Качарга! Падай!

   —  Я не забіты! Я паранены!

   —  Ну, паўзі, калі паранены! Во табе яшчэ шышка па с ы! Ляжы

на месцы!

   —  Дык яшчэ ж не забіты!

   —  Дык во табе куля ў бок!

   —  Цяпер забіты! Ляжу!

   —  Міша! Давай у рукапашную!

   —  Давай! I адзін аднаго заколем!

   —  Не! Я цябе закалю! Я ж рускі! .

   —  Чорт з табой!

   —  Толя! Ты забіты! Я табе пацэліў у сэрца! Падай!

Я ўпаў, нават перавярнуўся некалькі разоў і сціх пад кустом ядлоўцу.

Сядзеў у жоўтым пяску і глядзеў на вуліцу. Хлопцы крычалі, бо яшчэ былі жывыя, а некаторыя забітыя аказаліся толькі параненымі і зноў уступалі ў бой. Сэрца маё ўва мне тахкала, яно было жывое, здаровае, і таму мне раптам тут, пад кустом, у пяску, стала так добра, так добра і радасна, што схацелася засмяяцца. Але я ўбачыў царкву... I ўспомнілася: Крыўская царква, мы з дзедам, дзед вучыць мяне маліцца, прычасце... Не, ля Крыўскай царквы я ў «вайну» не гуляў бы, там я маліўся, там было неяк... нябесна, там быў дзед...

Ідуць краем вуліцы, ля плота, і ўжо блізка — немцы. Ёган, Эрых і яшчэ адзін...

Ужо з месяц, як толькі пайшлі халодныя дажджы, немцы не ганялі плыты, яны нічога болей не рабілі і адсюль іх пакуль не перавозілі, яны сабе падоўгу спалі ў маёнтку, уставалі і апоўдні йшлі па Юрздыцы, па ўсёй доўгай чорнапяскоўскай вуліцы — жабравалі. Ім перасталі прывозіць машынай з горада прадукты, і яны харчаваліся хто як мог. Канваір нешта сабе прызапасіў, ён нават Катажыну падкормліваў.

Немцы абуваліся хто ў разбітыя чаравікі, хто ў дзіравыя боты, а хто ў галёшы на шкарпэтку ці анучу, надзявалі куфайкі, з якіх праз дзіркі лезла брудная вата, на галовы надзявалі шапкі яшчэ свае, нямецкія, з адкладнымі навушнікамі, некаторыя вешалі за плечы на рамянях, рыжай цялячай поўсцю ўверх, ранцы і выходзілі на вёску, не спыняліся ў заводскім пасёлку, а адразу — за браму, на нашую Юрздыку, на вёску. Людзі з хатаў, але не з кожнай, выносілі ім бульбу, кавалачкі жоўтага здору, а хто й крышку сала, цыбулю, часнок, салёныя гуркі. Людзі давалі. Выносіў ім што-небудзь з хаты і стары кульгавы Кандрат, але кожны раз, абапёршыся на патрэсканую кульбу, казаў немцам услед адно і тое: