Выбрать главу

— ...в-вашу м-маць! — I казаў нам, калі мы йшлі з школы і чулі гэтыя словы ля ягонай хаты: — Іхныя бацькі скалечылі мяне яшчэ ў мікалаеўскую вайну...

Немцы спыніліся, сталі ля плота, насупраць куста ядлоўцу, за якім сядзеў я, глядзяць, слухаюць, як хлопцы гуляюць у «вайну». Яны, мусіць, разумелі ўсё, што крычалі хлопцы: «падай», «забіты», «рускі», «фрыц», — канешне, разумелі ўсё, бо стаялі яны ля плота насцярожаныя, глядзелі спадылба, маўчалі. У Эрыха сцятыя губы, ля вуснаў ускокваюць жаўлакі, рукамі трымаецца за штыкеціны. Мяне ўсё гэта ў ім і пакрыўдзіла, і раззлавала, і нешта яшчэ... Можа, мне нават шкада яго стала, не помню. I я падняўся з пяску за кустом і крыкнуў:

   —  Хлопцы! Канчайма гуляць!

Хлопцы пачулі мяне і азваліся на ўзгорку, з-за хваінак і ядлоўцу і за ўзгоркам:

   —  Канчайма! Канчайма!

Ажно рэха пайшло ад высокіх сцен царквы: «айма! айма!» I здалося мне, што званы высока на царкве ціха празвінелі.

Хлопцы, «жывыя» і «забітыя», «рускія» і «фрыцы», беглі па ўзгорку. Немцы спакойна пайшлі вуліцай назад.

Хата нашая — ля брамы, пад таполяю — была ўжо старая, крыху скасабочаная, бо адно бервяно ў ніжнім яе вянцы дужа падгніло. Сцены яе ў асеннія і зімовыя ветраныя дні праціналіся холадам. А збоку хата выглядала нішто: пад шыферам, ашаляваная, пафарбаваная ў карычневы колер, з блакітнымі аконнымі рамамі.

Калі ў хаце станавілася нясцерпна холадна, асабліва пад раніцу, калі астывалі грубкі, успаміналася гарачая чарэнь у хаце ямнаўскага дзеда. На той чарэні я бачу сябе ўдваіх з маленькай Галяй. Мы ляжым на печы, на разасланым, поўсцю ўверх, кажусе. Пахне аўчынай. Пахне смалой, бо сцены па-над чарэнню неатынкаваныя, па круглым бярвенні жаўцеюць смалістыя атожылкі, плямкі ссечаных сучкоў. Спаміж бярвення роўненька вытыркаецца рыжы сухі мох, але ён яшчэ пахне, пахне лясным долам і тымі кусцікамі, каторыя дзед зваў багуном. I столь пахне смалой. У кутку, па нябачнай нітцы, снуе ўніз-уверх, уніз-уверх вясёлы павучок. У прасвеце між комінам і сцяной вісіць на круку багатая вязанка цыбулі. На кажусе, між мною і Галяй, мурлыкае кот, я лёгенька гладжу яго, і ён лізнуў мне руку цёплым язычком.

Дзед прыкруціў у лямпе, што ў хаце, са столі, кнот — агеньчык у лямпе ледзь-ледзь трымціць. Але ў хаце светла: дзед толькі што запаліў на комінку лучынку. Лучына весела трашчыць, дзед зручней умошчваецца на лаўцы ля комінка, вялізныя і смешныя цені ад дзеда і бабы — яна тупае па хаце з чыгунком — рухаюцца па сценах. Адзін раз дзедаў нос расцягнуўся па ўсёй сцяне. Дзед паклаў на лаўку вымачанае звечара лыка, закурыў піпку. Ён будзе плесці лапці, бо ўзімку ён не прызнае ні валёнак, ні ботаў — адны лапці. Баба паставіла на мост кошык з бульбай, чыгунок. Яны, дзед з бабай, ціха гамоняць. Галя палажыла ручку на ката, заснула.

I во за сценамі хаты прагрукаталі танкі — празвінелі шыбіны ў вокнах. Недзе далекавата, можа за Доўскам, глуха бухнула. Але мне ніколькі не страшна, бо я на цёплай печы, на мяккім кажусе, і ціха мурлыкае котка, і павучок у кутку, ён быў прыціхнуў на сваёй нітцы, калі грукацелі танкі, а потым зноў стаў весела снаваць уніз-уверх, уніз-уверх, і пахне смалой, ля зыркага комінка гамоняць дзед і баба. I толькі тады я ўбіўся галавой у падушку, як пачуў у іхным ціхім шэпце імя Агапа — так звалі нашу з Галяй маму...

Гэтак у халоднай хаце ў Чорных Пясках успаміналася мне цёплая, ажно гарачая, чарэнь у ямнаўскай хаце, ой якой ужо далёкай хаце.

I яшчэ ўспаміналася, як цёплым днём мы з дзедам ішлі палявой сцежкай, між квітучай грэчкі, і як цёплым днём ішлі з ім збоч шашы ў Стары Крыўск, у царкву — дзед адной рукой абапіраўся на кіёк, другой трымаў у роце, над сівою барадой, піпку і пускаў з яе ўгору блакітны дымок...

...Маму выкапалі з чорнай зямлі ў вікоўскім алешніку, памылі, апранулі ў святочнае і зноў закапалі ў зямлю — на высокім кладаўі, пад сасной...

Ці адпомсціў я? Здаецца, не. Здаецца, пакуль што, можа, не было каму, пакуль што, можа, не сустрэўся з тым, ці з тымі...

ПРАЦЯГ ПАЧАТКУ

...Была ўжо глыбокая ноч, калі я паставіў тры кропкі на аркушы паперы, у канцы сваёй аповесці-ўспаміну, выключыў святло і выйшаў з халоднай ваннай на пятым паверсе бальніцы. 3 калідорчыка зірнуў па асветленым калідоры — нікога, ціха, — і пакульгаў у сваю палату. Мае калегі па хваробе спалі, хрыпучы хранічнымі бранхітамі. Сеў на ложку, спаць не хочацца. Скрозь зледзянелыя шыбіны акна, у цьмяным прасвеце паміж шторамі пабліскваюць над ялінамі далёкія зоркі — ад іх, ад іхнай халоднай далёкасці стала на душы так адзінока. Можа, мая адзінокасць пачулася гэтак востра таму, што раптам падалося мне тут, на бальнічным ложку, быццам тыя зоркі далёкія над чорнымі ялінамі — не проста зоркі, а параскіданыя недзе па свеце душы маіх ямнаўскіх, вікоўскіх і чорнапяскоўскіх хлопцаў і — Сонечкі...