Выбрать главу

На плошчы я пайшоў, а потым і пабег ад царквы ўправа берагам ля самае вады, спыніўся пад Дарніцкім мостам, апаласнуў твар сцюдзёнай вадой, прычасаў валасы, абабіў са штаноў пясок, травінкі — пабег назад. За спінай ўжо густа грымела машынамі. Па ўсёй шырыні Дняпра йшлі цеплаходы, катэры — адны або цягнулі за сабой баржы. Ля царквы я спыніўся, абышоў яе і пабег зноў. Мне стала зусім цёпла. У порт я прыйшоў задыханы, але ўжо ведаў: і гэты дзень я пражыву, адолею.

Там, ля самага берага, стаялі машыны і трактары, а ў кузавах і прычэпах поўна кавуноў і вінаграду. Уся зямля — у раздушаным вінаградзе. Пераспелыя кавуны палопаліся, і ад іх густа пахла кіслай слодыччу. Шафёры, трактарысты, грузчыкі павылазілі з кабінаў і, яшчэ з соннымі вачамі, стаялі, сноўдалі ля кабінаў, ішлі да вады — прамыць зенкі. Мужыкі гэтыя ўжо ведалі мяне — не любілі залішняй культурнасці: во лезь, хлопча, ды наядайся. Спачатку я залез на машыну з кавунамі, разбіў адзін крамяны, у меру спелы, захлынуўся яго салодкай, сакаўной свежасцю. Потым дапаў у другой машыне да скрыначкі з буйным ружовым вінаградам...

I казаў я тут сабе: во дык жыццё! Сам Кіеў, сам Уладзімір Вялікі, вунь блізка Сафійскі сабор, кавуны, во вінаград — жоўты, ружовы, сіні, а во і сам Дняпро, во гудуць цеплаходы... I ўжо недзе блізка мой цеплаход, ён ідзе з Херсона, на ім я з Кіева паплыву матросам назад на Херсон, міма Канева, там я прывечу рукой Кабзара, прачытаю яму «Запавет» па-беларуску:

Пахавайце ды ўставайце, Кайданы парвіце!.. — і не буду баяцца, не азірнуся назад, бо словы тыя пісаліся даўно-даўно, болей за сто гадоў таму. А потым я прывечу берагі Запарожскай Сечы — бо на гэтыя берагі калісьці йшлі ці ляцелі на конях і мае продкі-рагачоўцы...

Цеплаход «Молодая гвардия» чакаю пяць дзён ужо...

Дапамог мужыкам згрузіць у склад-лядоўню кавуны і вінаград. Мне за гэта мужыкі далі дзесяць рублёў. Я схадзіў у «ядальню», паеў там таннай, але цёплай ікрыстай мойвы. I зноў, ужо трэці раз, пайшоў у аддзел кадраў Кіеўскага рачнога параходства. Вузкаплечы намеснік начальніка аддзела круціў за шырокім сталом кончыкі чорных вусоў, а вусы тьм былі ў яго да вушэй. Паволі піў з глінянага кубка каву, не зірнуўшы на мяне, пакуль я стаяўля дзвярэй.

«Молодая гвардия» еще не пришла, — сказаў ён і глынуў кавы. Зазвінеў тэлефон. Намеснік узяў трубку і павесіў яе на вус, — Ало-о! Оленька? Что получила сегодня? Пятерку по украинскому и тройку по русскому? Ай, как нехорошо! Как нехорошо, Оленька! Ну, ладно. Поешь курятины... — глынуў кавы. — В буфете шоколад. Мама пошла на вторую смену. Мёд...—Я глынуў сліну.—Мёд в тумбочке. — Намеснік глынуў кавы, я зноў глынуў сліну. — Ну, будь здорова. — Намеснік зняў трубку з вуса і, нарэшце, глянуў спадылба на мяне. — Погуляйте, молодой человек, еще дня два-три, отдохните, успеете матросом... Палуба больша-ая, драить придется в поту. — У мяне перасохла ў роце, я стаміўся стаяць, пераступаў з нагі на нагу і паглядаў на скураную канапу перад сталом. — Вы вчера, кажется, были у меня?

   —  I ўчора, Іван Іванавіч, і пазаўчора...

   —  А на каком языке, молодой человек, вы говорите?

   —  Па-беларуску.

   —  Гм... гм... — намеснік з цікаўнасцю паглядзеў на мае разбітыя чаравікі. Я зірнуў пад стол: намеснікавыя ступакі былі ў пушыстых хатніх тапках, а чорныя, з жоўтымі бліскучымі жалезкамі пантофлі стаялі побач пад сталом. — Был я в Белоруссии вашей. В сентябре тридцать девятого. Под Новогрудком. Кулаки вы все там были. Вместо цветов и красных флагов выносили нам хлеб, сало, молоко... Так вы погуляйте денька два-три. Пока «Молодая гвардия» в Херсоне на ремонте. — I намеснік рашуча ўнурыўся ў нейкую паперу на стале. Зачыняючы за сабой дзверы кабінета, я яшчэ пачуў яго голас: — Оленька! Иду на обед...

Я пайшоў берагам Дняпра супраць цячэння, у бок Сафійскага сабора. На варотах у двор сабора вісеў вялізны замок. З-за варотаў, з-за высокае агароджы на мяне дыхнула сырой зямлёй.