Выбрать главу

Усё, я ўжо ведаў: у аддзел кадраў больш не пайду. Ідучы назад, на шырокай бруднай тумбе прачытаў аб’яву: у саўгас «Пірагова» Кіева-Святашынскага раёна патрабуюцца рабочыя...

Асалавела сунуся доўгай Брэст-Літоўскай вуліцай у бок чыгуначнага вакзала. Во кінатэатр. На шчыце — вялізнымі літарамі: «Олеся». У Брэсце гэты шведскі фільм ужо йшоў, але я не змог яго паглядзець. Студэнты былі ў захапленні ад Алесі — Марыны Уладзі. Сёння ў мяне ў кішэні яшчэ мулялі нейкія капейкі, я купіў білет на семнаццаць гадзін і пайшоў уверх той жа Брэст-Літоўскай. Зайшоў у кнігарню. Неўспадзеў наткнуўся вачыма на тоненькае, таннае выданне «Олеси» Купрына, узяў. «А, — сказаў я сабе, — заўтра ў Пірагове накормяць», — і купіў яшчэ кніжачку Някрасава «В одном городе». «Надта ўжо ўеўся ў кавуны ды вінаград, — кпіў я з сябе. — Во, схавай за пазуху духоўны харч ». « Олесю » я паклаў за пазуху, а Някрасаў улез у кішэню пінжака. Абодвум будзе цёпла, ноччу не замерзнуць. На вуліцы пахне паранай кукурузай. Яе прадаюць жанчыны праз кожныя дзесяць—дваццаць метраў. Кукуруза жоўтая, цёплая, патрэсканая ад спеласці, яна ў вёдрах, кошыках, кашолках, ахутаных ватоўкамі. Помню, пасля вайны, калі быў малы, я жадна чакаў, пакуль цётка Маня зварыць у вялізным чыгуне, які яна ставіла на цагліны ў дварэ, кукурузу разам з фасоляй у зялёных стручках. Кукуруза ў вікоўцаў расла ў гародах — высокія крэпкія сцябліны. Яе ў нас завуць кіеўкамі — ад Кіева ці ад кія?..

...Сяджу на траве пад нагамі Уладзіміра Вялікага. На Дняпры аціхаюць маторы. Яшчэ светла, але над Дарніцай ужо стаіць перадвячэрняя смуга. 3 ракі паціху з лёгкім ветрыкам наплывае сюды, на Горку, прахалода. Ветрык пахне пераспелым кавуном, крыху рыбай і аддае нафтай. Але ўсе гэтыя пахі перабівае пах вялай травы вакол мяне, ля самых ног маіх — ружовай канюшыны і дзяцельніку...

А фільм быў цікавы. Белавалосая, статная Марына У\.адзі. Тыя валасы яе па плячах і па спіне — сапраўды, як у вядзьмаркі. Гартаю першыя старонкі аповесці Купрына. Знайшоў: «...голос, свежий, звонкий и сильный, пел, приближаясь к хате». Такі ж голас і ў Марыны Уладзі. Але — «тонкие черные брови», «темные глаза», «темные волосы». А ў Марыны — блакітныя вочы. I «хатка на курыных ножках» здымалася не ў пінскіх і не ў ровенскіх лясах. Што ж, рэжысёр рабіў свой фільм пра высокае і дзікунскае каханне ў нетрах Валынска-Пінскага Палесся — рабіў для ўсіх: і для шведаў, і для іспанцаў, і для туркаў...

У той, што ў гэтыя апошнія дні жніўня прыехала ўжо ці збіраецца прыехаць у студэнцкі інтэрнат у Брэсце, таксама белыя-белыя, як у Марыны, валасы і цёмныя, як у кніжнай Алесі, бровы. Ці яна свае бровы мажа чорным чым? У адрозненне ад Алесі яна ўмее чытаць і пісаць. Яна член «усяго» — камсамольскага і прафсаюзнага камітэтаў студэнцкага савета... Шмат ведае на памяць з Ахматавай і Блока. Аднойчы, вясной, мы дамовіліся з ёй прыйсці як мага раней у інстытут. Я падняўся на другі паверх — яна ўжо стаяла ў канцы доўгага і цёмнага калідора, ля тарцовага акна і глядзела ў скверык. Я ціха-ціха, каб напалохаць, падышоў да яе. Ніводная маснічына не рыпнула. Стаіў дыханне за яе спіной. Па спіне, па сіняй сукенцы сплывала хваля белых валасоў. Яны пахлі духамі-ружай. Шаптала нешта. Я падумаў: чытае сабе, можа, Блока ці маю ўчарашнюю запіску. А як прыслухаўся — пачуў: яна шэпча на памяць урывак з артыкула Леніна «Два крокі ўперад, крок назад». Сёння ў нас першай парай — семінар па гісторыі КПСС, а яна ж — выдатніца. Мне стала крыўдна, прыкра — і за яе, і за сябе: учора вечарам я пераплываў Буг, каб нарваць ёй лугавых кветак, а яна ў той час, як я ледзь не захлынуўся хваляй ля самага берага, высока трымаючы левай рукой кветкі над вадой, — яна ў той час вучыла на памяць артыкул Леніна ці, няхай, урыўкі з яго, каб сёння, можа, ашаламіць усіх на семінары (а можа, ад якой душэўнай патрэбы?..)

Яна пачула мяне спінай і, не павярнуўшы галавы, спытала з-за пляча: «К семинару подготовился?»

Я маўчаў. Я забыўся на ўсё: на семінар, на Леніна, на яе самую, на гэты цёмны калідор. Я быў здзіўлены, зачараваны ранішнім травеньскім святлом за акном і гэтай хваляй белых, мяккіх, бліскучых валасоў на яе спіне — ажно да тоненькага стану, і валасы пахлі ружай.

I раптам я зразумеў: ружа гэтых валасоў ніколі не будзе маёй. На развітанне асцярожна палажыў далонь на яе валасы і лёгка пагладзіў іх. Яна рашуча адкінула іх рукой сабе на грудзі і зноў спытала: «К семинару подготовился?» — «Не!» — сказаў я, павярнуўся і пайшоў па калідоры. Маснічыны рыпелі. Зайшоў у аўдыторыю, сеў за свой стол, абшчапіў галаву рукамі. Падумалася: сёння другой парай — «Историческая грамматика русского языка». З-за кафедры будзе нудліва даносіцца: «Ю-ус большой... ю-ус малый...» Трэцяй парай будзе «История древнерусской литературы», і бабуля, кандыдат філалагічных навук, па-мудраму палажыўшы далонь на маршчакаваты лобік, будзе ціха казаць, як паведамляць якую таямніцу: «А теперь, молодые люди, запишите мою первую мысль: «Симеон Полоцкий жил в Полоцке». А теперь запишите мою вторую мысль: «Потом он переехал в Москву...» Пасля заняткаў, у інстытуцкім пакоі, я з’ем жоўтага дамашняга сала, зап’ю яго кефірам, пайду на кухню, спаласну бутэльку, вярнуся ў пакой, сяду за абшарпаны стол, разгарну, каб адысці душой, томік Багдановіча, і тут ціха адчыняцца дзверы, да стала падыдзе Сурма, стараваты ўжо студэнт, былы ваенкаматаўскі афіцэр, цяпер — старшыня студэнцкага савета, і скажа: «Говорят, вы тут все в комнате читаете запрещенную литературу? Кстати, что у вас в руках?» — «Максім Багдановіч». — «А-а, это который написал про мушку-зеленушку?» — «Ага, пра мушку-зелянушку. I яшчэ напісаў «Пагоню». — «Про погоню?.. Ай-яй-яй! И кто там за кем гонится?» — «Ды проста беларускія хлопцы селі на коней і за кімсьці пагналіся...» — «Ай-яй-яй! И чего они погнались? Дурачьё. Ну, ладно, я пошел. Но вы, ребята, осторожно, знаете...» Потым я пайду ў чытальную залу і буду да вечара чытаць тое, што знайду там цікавага для сябе. А потым... Потым я больш не буду чакаць у змрочным вестыбюлі інтэрната павольнага яе сыходу зверху па прыступках...