Выбрать главу

Я ўзяў старэнькі (бацькаў, настаўніцкі), рыжы партфель з канспектамі, кніжкамі, выйшаў з аўдыторыі, у дзвярах азірнуўся на свой стол, бяздумна пагладзіў даланёй ручку дзвярэй і пайшоў, пайшоў, пайшоў — уніз, на першы паверх, на двор, на вуліцу Міцкевіча, з яе звярнуў на Пушкінскую, перасек вуліцу Маякоўскага, бульвар Гогаля і, як ачмураны, «прыпылены», па Карла Маркса выйшаў на Ленінскую — да інтэрната... Потым усё-такі, хоць і праз дзень-два, хадзіў на лекцыі, чамусьці паспяхова здаў летнюю сесію... Дома адзін зямляк сказаў, што ў Кіеўскім рачным параходстве асабліва прывячаюць спрытных, паслухмяных беларусаў-палешукоў...

На Горцы ўжо добра ўвечарэла. 3-за дрэў і кустоўя не відаць агнёў Кіева, а Дарніца перада мной, за ракой, уся гарэла. Глыбока ў вадзе справа мітусіліся промні ад фараў машын, што ляцелі па Дарніцкім мосце. Сцішыліся ля порта — ішлі на спачын апошнія катэры. Пакуль зусім не сцямнела, можна яшчэ схадзіць за кавуном і вінаградам. Купалы Андрэеўскай царквы свяціліся яшчэ цёплым золатам. Раса на траве выспела ранняя, буйная. Ноч будзе халодная...

На развітанне я махнуў Уладзіміру Вялікаму рукой, прайшоў праз парк на Горцы, выйшаў на голы высокі бераг. Было ўжо цёмна, але шырокая сцежка жаўцела пад чыстым месяцам. I я пабег, спачатку ціха, потым хутчэй, хутчэй. Звярнуў са сцежкі ўправа ў нейкі завулак, ён выштурхнуў мяне на асветленую ліхтарамі вуліцу, яна ўжо была аціхлая, бязлюдная, і таму я бег пасярэдзіне яе, спатыкаючыся аб камяні, бег і бег — у паўднёвым кірунку, праз Карчаватае, і калі пайшлі ў цемнаце простыя ўскраінныя хаткі, з садкамі і палісаднікамі, з якіх свяціліся жоўтыя вяргіні, — я збочыў на тратуар, знайшоў лавачку пад плотам, сеў на яе і аддыхаўся. Стала лёгка-лёгка — ад нядаўняга бегу, ад начной свежасці...

Ад горада іду шырокай дарогай, якая ўсё далей забірае ад Дняпра ўбок. Блішчыць пад месяцам каменне, на гары яго менее, пайшла дубовая града, пахне распаранай за дзень карой. Азіраюся назад: горад у рэдкіх начных агнях, святло ад іх падымаецца ўверх, і таму зорак над Кіевам не відаць. Зоркі ж на паўднёвым небе сінія, буйныя, як заўсёды ў канцы жніўня. Недзе там Пірагова.

Раптам чую: нехта за мною бяжыць, гулка б’е нагамі ў цвёрдую дарогу. Азіраюся: бяжыць мужчына з мяшком на плячы. Абмінуў мяне, нават не глянуў. А неўзабаве дарога загрымела ад мноства ног. Беглі нават збоч дарогі — мужчыны, падлеткі; жанчыны, малыя дзеці цяжка дыхалі, саплі, мацюкаліся, пераскоквалі цераз нізкія кусцікі, камяні, спатыкаліся, падалі, — падымаліся з зямлі і ўсё беглі і беглі ў цёмную ноч на поўдзень. У кожнага на плячы матляўся мяшок. Пабег з імі і я.

Так бег я за людзьмі гадзіны дзве — пад зорным украінскім небам, па горах і лагчынах, між старажытных дубоў, па кустоўі, па мяккім пяску і каменні. I за мною таксама беглі людзі, цяжка дыхаючы мне ў спіну.

Нарэшце, месяц высвеціў ля дарогі белы слуп з кавалкам бляхі, на якой чарнелі вялізныя літары: «Пирогово». I раптам дарога, якая вось-вось павінна стаць вулічнай, перада мной, за мной і з бакоў аціхла. Я азірнуўся вакол: людзей няма, яны як расталі перад сялом, толькі чорныя здані таўкліся недзе па-за хатамі, за садамі, у полі.

Адзінока ішоў я соннай доўгай вуліцай. Неба на ўсходзе ўжо святлела. Дзесьці пасярэдзіне сяла знайшоў кантору саўтаса — радгоспу, — дзверы ў сенцы былі незамкнёныя, я сеў у кутку на лаўку і толькі тады ўбачыў насупраць сябе, таксама на лаўцы, чалавека ў кажусе і шапцы-вушанцы, ён лыпнуў на мяне соннымі вачыма, нічога мне не сказаў, зноў палажыў галаву на плячо. Канечне, вартаўнік. Хто ж яшчэ можа пры розных канторах спаць, як не вартаўнікі...