...Дырэктар саўгаса патрымаў у руках мой пашпарт і сказаў што я буду з паўмесяца, пакуль не ўправяцца з уборкай, начным вартаўніком на кукурузным полі; харчавацца буду ў саўгаснай сталоўцы, даў мне запіску, каб занёс яе ў сталоўку, дняваць буду ў клубе. Чорнавалосы, кучаравы дырэктар, у зялёным кіцелі, падняўся з-за стала і сказаў: «Та йіж, скількі ўлізэ, віноград. Цэ ж у вас у Білорусі одна бульба. Тому ўсі там такі змораны... А діло твое такэ: гнаты ніччу городчуків з кукурузы. Там вас будэ п’ятэро чоловіків сторожуваты. Тількі нэ звязуйся ў клубові со студэнткамі. А то’забрюхачае котора — біда мэні: давай машыну до Кыіва...»
Клуб з абабітай тынкоўкай, з разбітымі вокнамі, стаіць наводшыбе за сялом, на гары, за ім — вінаграднікі, далей — вокам не акінуць, да гарызонта кукурузнае поле. Аграном паказаў мне маё жытло — невялічкі кабінет загадчыка клуба, падлога ў ім усцелена пшанічнай саломай, сухім лісцем кукурузы, далі мне байкавую коўдру, падушку. «Д’ябалынчына, — сказаў я сабе. — Прыйшла ў маё жыццё эпоха кукурузы. Добра, што хоць Беларусь не хварэе на кукурузу...»
Я адчыніў дзверы ў залу і — жахнуўся. На падлозе, на саломе і кукурузным лісці, адны пад коўдрамі, іншыя галяком, у адных трусах ды бюстгальтарах, покатам ляжалі-спалі дзяўчаты, як сказаў аграном — студэнткі Кіеўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Адна з іх, ля самых дзвярэй, здзіўлена, са сну, лыпнула на мяне вачыма, нацягнула на загарэлыя сцёгны чырвоную коўдру і крыкнула: «Дівчата! Дывытэся! Якый парубок!»
Я хуценька зачыніў дзверы, ажно дыхаць перастаў, стаяў за імі, як слуп, і пачуў: падлога ў зале паднялася, загаманіла, завішчала: «Шчо? Хто? Дэ?» — рушыла да дзвярэй. Тут я ачомаўся і куляй вылецеў праз разбітае акно ў двор. «Шчо? Хто? Дэ?» — неслася ўжо з майго кабінета. А я, угнуўшы голаў, ляцеў па вінаградніку. Наўздагон мне праз акно і з ганка ляцела весела і звонка: «Га-га-га! Дывытэся! Гэць-гэць! Бачітэ голову? Вэрны-ыся! Вэрны-ыся! Нычого мы тобі нэ зробымо! Вэрны-ыся!»
Я спатыкнуўся, упаў, прыціхнуў на зямлі. Ззаду падазрона сціхла. I я папоўз між вінаградных кустоў. За шырокім, густым кустом схаваўся, сеў, сэрца калацілася. Я глянуў адным вокам з-за куста: настойліва і ўпэўнена добрая сотня студэнтак высока падымала ногі — бегла ў мой бок, але, на маё шчасце, міма мяне. Ззаду за імі, як за табуном палавецкіх кабыліц, падымаецца і паволі апускаецца шэры пыл. Вось яны ўжо непадалёк у спадніцах, сукенках, плаўках, купальніках, некаторыя з голымі грудзямі. Я ўжо нават бачу, як тыя грудзі, каторыя маленькія, дробна трасуцца, каторыя вялікія — калышуцца. Тупат нарастаў, і зноў я прынік да зямлі. Адна са студэнтак усё вярнула ў мой бок. Яна крыкнула: «Дэ ты? Білорус! Покаж свое білорускэ начіння! О-эй! Дэ ты?»
Я скурчыўся, сціснуўся пад кустом. Госпадзе! Можа, пранясе? Голас, што набліжаўся да мяне, быў як пісаў Купрын у аповесці пра Алесю, «свежий, звонкий и сильный». I яшчэ Купрын пісаў: «рослая, смеющаяся девушка», «высокая брюнетка», «держалась легко и стройно». Я зірнуў з-за куста: дзяўчына стаяла перада мной. У чырвоным купальніку «...держалась легко и стройно». Я заглядзеўся на яе, забыўшыся на небяспеку. Яна, мабыць, чакала сяброўку — тая ўжо бегла да яе. Пыл за табуном кабыліц стаяў крыху ўбаку. «О-эй! — яшчэ раз крыкнула «мая». — Дэ ты?» I, як пісаў Купрын, «ее тонкие брови недовольно сдвинулись». Сяброўка, у тонкай блакітнай сукенцы, спынілася ля яе, аддыхалася. Цераз плечы ў іх віселі ручнікі, у руках яны трымалі мыла, зубньм пасту, шчоткі і грабянцы. «Э-э, — падумаўя, —дык усе яны бягуць кудысьці да вады. Тая, што ў сукенцы, сказала гэтай «маёй», што ў чырвоным купальніку: «Лэся! Як тобі нэ соромно!» Голас, «свежий, звонкий и сильный», адказаў: «А якога він хрэна тікае...» Яны прайшлі ля самага майго носа. Я зірнуў з-пад куста і паспеў убачыць у паўметры ад сябе тоненькія чорныя валаскі на крэпкіх загарэлых ікрах Лэсі. «Молодая, здоровая грудь», ужо, здаецца, супакоеная, і блакітная сукенка паціху зніклі ў вінаградніку. Пыл асеў, дзявочыя галасы чуліся ўжо дзесьці далекавата. Я крыху яшчэ прапоўз убок, потым устаў з зямлі і, прысядаючы долу, каб не вытыркалася галава, хуценька пайшоў па вінаградніку на горку, там прыхінуўся ўспацелай спіной да шурпатага ствала старой таполі. «Божа мой! Што робіцца! — казаў я таполі і сабе, — Хрушчоў даў волю... Пры Сталіне дзеўкі не бегалі з голымі цыцкамі...»