Выбрать главу

У сталоўку я пайшоў, калі ўжо там паснедалі студэнткі. На ганку сустрэўся з аграномам, пагаварылі крыху, ён аказаўся беларусам і, як амаль кожны беларус з Магілёўшчыны, лёгка асіміляваўся на Украіне, але «дзеканне» і «цеканне» засталіся пры ім. Аграном сказаў:

— Сяводня дзевушкі переезжаюць у другое аддзяленіе. Пачаму ў срадзіне аўгуста прыбылі з акадземіі? Да так начынаецца ў іх пракціка — з уборкі ўражая. А рабята гдзе-то яшчо на стройке ў Сібіры... Адна прыбалела што-та. Пусць атдахнёць у клубе... А вы не сцясняйцеся, прасіце на кухне дабаўкі. Ваш участак блізка, за горкай, за топалем. Вы там ноч'ю большэ і громка кашляйце. Яны із горада прыбегаюць з мешкамі пад утра. Но бываець і ў полнач...

Аграном быў добры і прастадушны чалавек.

Увесь дзень я праседзеў, чытаючы «Олесю», пад таполяй, высокай, магутнай, голле, якое цягнулася ўверх, пачыналася далёка ад камля. Вузкая пірамідальная таполя, такія таполі растуць на Беларусі на поўдні Брэсцкага Палесся. Калісьці, у маленстве, я жыў пад шырокай густой, разгалістай таполяй ля брамы ў Чорных Пясках...

Дзяўчат, нарэшце, машынамі павезлі ў другое аддзяленне саўгаса. Я схадзіў у сталоўку, павячэраў, вярнуўся ў свой кабінет. Надта карцела — і я ціхенька прыадчыніў дзверы ў залу. У кутку, на саломе, сядзела, накрыўшы ногі коўдрай, хворая студэнтка. На каленях яна трымала разгорнутую кнігу. Спадылба глядзела на прыадчыненыя дзверы, чакала, мусіць, што дзверы расхінуцца шырэй. Я глядзеў на яе праз шчыліну, яна — на мяне, але мяне, я ўпэўнены, не бачыла. Гэта была яна — тая самая, што гналася за мной па вінаградніку, Лэся. «Што ж з табой, даражэнькая, здарылася? — прашаптаў я дзвярам. — Захварэла? I сур'ёзна?»

Лэся апусціла вялікія, бліскучыя, цёмныя вочы на кнігу. Я прычыніў дзверы. У кабінеце сеў на салому і разгарнуў «Олесю» на той старонцы, дзе Купрын малюе сваю вядзьмарку-паляшучку:

«Просторная белая рубаха свободно и красиво обвивала ее молодую, здоровую грудь... Прелесть его (твару. — М.К.) заключалась в этих больших, блестящих, темных глазах, которым тонкие, надломленные посредине брови придавали неуловимый оттенок лукавства, властности и наивности...» — усё, яку Лэсі. Я зноў пайшоў да дзвярэй у залу і яшчэ цішэй, чым раней, крышачку прыадчыніў іх, яны нават не рыпнулі. Лэся чытала кнігу на раскінутых пад чырвонай коўдрай крэпкіх каленях, перадвячэрняе святло з акна блішчэла на цёмных валасах. Та-ак, яна не ў «белай рубахе», а ўсё ў тым жа чырвоным, цеснаватым для яе «молодой, здоровой груди» купальніку. Мне добра ўбачыліся, убіліся ў мае вочы скура яе рук, грудзей, шыі, твару, запомніў яе губы.

I ўсё-такі, калі я прычыняў дзверы, Лэся рашуча ўскінула галаву, гэтак жа рашуча закінула рукой валасы з пляча на спіну і стрэльнула нядобрым позіркам у дзверы. Я пабег ад дзвярэй у кабінет, лёг на салому, чытаю далей сказ пра Алесю:

«...в смуглорозовом тоне кожи, в своевольном изгибе губ, из которых нижняя, несколько более полная, выдавалась вперед с решительным и капризным видом»,

Нейкае дзіва дзіўнае! Гэтая Лэся на саломе, у кутку Пірагоўскага клуба, — як двайнік той Алесі, Купрынскай, у хатцы на курыных ножках, што стаяла ў забалочаным, глухім лесе. Як прывід нейкі... А можа, я «звіхнуўся» ўжо? Я ўзяў са стала аскалёпак люстэрка, паглядзеўся ў яго: не, здаецца, вочы мае нармальныя, пустыя, не ачмурэлыя.

Ну, трэба збірацца на работу. Я зняў з цвіка прынесеную аграномам старую ватоўку, апрануў яе, надзеў на галаву падраную шапку-аблавушку і ўжо быў узяўся за ручку дзвярэй, як...

Спачатку з-за падаконніка расчыненага насцеж акна паказаліся рыжыя валасы, потым — нізенькі лоб, пасля — прыжмураныя вочы, нарэшце — ісірпаты нос, потым на падаконнік чалавек палажыў мясістую, сінюю ніжнюю губу, гэтая губа цяжка прыўзнялася, і я пачуў:

   —  Дядько!

   —  Перада мной паўстаў твар хлопца гадоў шаснаццаці— семнаццаці.

   —  Што?

   —  Дядько! Ты ніччу пійдэш?

   —  Куды?

•— До тэе, што ў клубові ночуватымэ? До Лэсі?

   —  Не!

   —  Цэ добрэ. То я пійду.

Я ўзяў у кутку анучу, якую тут некалі пакінула прыбіральшчыца, падаў яе хлопцу за акном. Ён недаўменна ўзяў яе.

Вытры пад носам і йдзі хоць зараз. Вытры, вытры. Хлопец паслухмяна выцер далонню смаркаты нос і сказаў:

   —  Дякуй, дядько. А то, знаеш, нэтэрпячка...

Я зачыніў акно, а дакладней — раму акна, шыбы ў якой былі выбітыя. Адышоў па дарозе ад клуба ўжо, можа, на паўсотню метраў і пачуў ззаду, на ганку, нейкі стук-грук. Азірнуўся: хлопец трымае ў руках расперазаныя штаны і хапае ротам паветра. 3 дзвярэй размахнулася доўгая, загарэлая нага і, мабыць, прутка ўдарыла хлопца пад зад, пад «нэтэрпячку». Лэся бразнула ў сенцах клямкай, хлопец раскарачана стаяў на ганку і тужыўся нацягнуць штаны на белы азадак.