Выбрать главу

Доўга-доўга падымаю ўверх з саломы сваю правую руку, паволі вяду яе да Лэсіных валасоў, ціха-ціха апускаю далонь на падушку, на валасы, не дыхаю. Потым асцярожна гладжу даланёю яе валасы. Яны мяккія, густыя, свежыя і пахнуць, здаецца, пераспелым вінаградам ці нейкай травой.

Раптам Лэся стаіла дыханне, павяла плячом, выцягнула голую руку, адхінула коўдру з пляча да грудзей, павярнулася ўся, не расплюшчваючы вачэй, на спіну, палажыла сваю далонь на маю руку і зашаптала:

— Мілый мій... ты выбачай... ты выбачай, мілый мій, за моі слова, за мій крік у выноградныкові... Цэ я просто так собі... ты прабачай... А рука твоя горяча... а моя холодна? Так?.. То ты согрій, согрій...

I я кажу ёй:

   —  Лэся, ты хворая? Дужа хворая? Можа «хуткую дапамогу»?..

   —  Та ні, мілый мій... Мэні так добрэ стало.

Яна расплюшчыла вочы, глянула ў цёмнае акно насупраць.

   —  Подывысь, яка зіронька ясна світыть з нэба ў вакно...

Я падзівіўся ў акно: сапраўды, высока і далёка ў звечарэлым небе свяцілася зорка, але свяцілася яна не дужа каб ясна, нібы скрозь густы туман.

Павярнуўся да Лэсі, нахіліўся нізка над яе губамі, ад іх сыходзіў тонкі прыцягальны водар... Яны торгнуліся, крышачку раскрыліся, як чагосьці просячы, і я прыпаў да іх сваімі губамі... Лэсіны губы былі неспакойныя, гарачыя і трапяткія... Потым крэпкай рукой яна абняла мяне за шыю, нешта хацела сказаць ці шапнуць і не магла — бо вусны яе былі заняволеныя маімі...

Нарэшце мы адклеіліся, адхінуліся. Лэся зноў расплюшчыла цёмныя, вялікія вочы і глядзела, глядзела на мяне, глядзела здзіўлена, глядзела ці доўга, ці коратка — не помню. Раптам яна падняла галаву з падушкі, села, нацягнула коўдру на вострыя, крэпкія грудзі пад купальнікам, сказала:

   —  Як будэш колы йіхаты на свою Білорусь чі з Білорусі біля Чернобыля... літом... то заідь в цэй Чернобыль... там знойдэш мэнэ... там у нас чудові край, найкрашчэ місцэ на зэмлі... Сыне, тыха, чіста, Прыпять блызько... Заідь. А зарэ!.. А зарэ я тобі ось шчо зроблю!

I Лэся шырока адвяла сваю руку і пляснула мне па шчацэ. I яшчэ раз пляснула па другой.

   —  А зарэ — вон! — крыкнула Лэся. I вялікія, чорныя вочы яе гарэлі нянавісцю, злосцю, бліснулі слязой. Яна прутка і рашуча выкінула перад сабой загарэлую руку, паказала ёю на дзверы. — Вон!..

...Раніцай, ідучы з кукурузнага поля, я спыніўся перад клубам,у вінаградніку. Ля ганка стаяла жоўтая легкавушка. Малады мужчына выйшаў з калідора з чамаданчыкам, за ім, у спартыўным сінім касцюме, ступіла праз парог на ганак Лэся. Яны селі ў машыну, матор загудзеў, машына кранулася з месца, звярнула на дарогу, што на Кіеў. Лэся азірнулася праз акно ў машыне на вінаграднік, убачыла, напэўна, мяне — ці проста адчула? — і махнула мне ці вінаградніку? — рукой, як на развітанне.

Я пайшоў у кантору саўгаса, знайшоў там агранома і сказаў яму, што —усё, работу ў Пірагове кончыў...

Сяджу зноў пад нагамі Уладзіміра Вялікага. Паўдзённае сонца недзе высока над Каневам, але трава і зямля ўжо даволі халодныя — пачаўся верасень. Яшчэ йдуць у порт машыны з апошнім вінаградам. Але найбольш — і машынамі, і трактарамі — пайшла ў порт, а з яго на доўгія баржы кукуруза.

Ноччу па Андрэеўскім спуску, Крашчаціку, Брэст-Літоўскай вуліцы, па завулках будуць тупацець падэшвамі кіяўляне — каб раніцай вынесці на тратуары цёплыя, параныя кіеўкі. Чуў я ў порце ад грузчыкаў, што Хрушчоў заказаў сабе на падмаскоўную дачу вагон кукурузы з Украіны...

Залатыя купалы царквы гойдаюцца глыбока на дне Дняпра, гудуць на абед высокія трубы Дарніцы, святар у чорным адзенні ўзыходзіць па прыступках на ганак царквы, стаіць ля сініх дзвярэй, адмыкае, расчыняе дзверы насцеж, і я бачу: у цёмным нутры царквы сцяна блішчыць золатам. На нос Уладзіміра Вялікага сеў шэры верабейка і зверху капнуў мне на галаву. Мне стала хораша на душы ад такога простага і шчырага яднання з жывой прыродай. Я глядзеў на верабейку, чакаў, што ён яшчэ нешта добрае зробіць, але той пакруціўся, пакруціўся на княжым носе, пырхнуў з Горкі ў бок Дняпра, і ўбачыў я, як ён камячком пракінуўся праз раку наўскос, растаў у бок Чарнігава, у бок Масквы — над старавечнымі дарогамі між горкага палыну, лясоў, балотаў і палёў, па якіх ішлі калісьці ў маскоўскі Крэмль да цара чалабітнікі ад Багдана Хмяльніцкага...