Выбрать главу

Можа, мне трэба сысці ў порт і зарабіць там на разгрузцы-пагрузцы колькі рублёў на дарогу?.. А пакуль што дастаю з-за пазухі «Олесю», разгортваю кніжку абы-дзе і перачытваю яе месцамі і дзіўлюся з Горкі ўніз, дзіўлюся, дзіўлюся доўга і, нарэшце, бачу: чалавек ідзе плошчай перад царквой, на ўгнутай шырокай спіне, на кароткай, мускулістай шыі нясе некалькі поўных мяшкоў, а паверх іх — некалькі цяжкіх скрынак, падышоў да берага, ступіўна шырокі дашчаны трап, які захістаўся, прайшоў да баржы, скінуў за борт груз, потым узяў адной рукой ланцуг, вырваў з дна якар, закінуў яго за борт, штурхнуў нагой баржу, і тая паціху пайшла на сярэдзіну Дняпра і паплыла, паплыла ў Чорнае мора. Чалавек выйшаў з вады на бераг, зняў з сябе і выкруціў чорныя, у белую палоску шляхотныя штаны, надзеў іх зноў узяў у рукі вастраносыя чаравікі, засунуў у іх белыя шкарпэткі, паправіў на шырокіх грудзях, пад чорнай камізэлькай гальштук-«бабачку», падышоў да царквы, адной рукой прыўзняў яе за вугал, крыху патрос, з царквы на ганак выскачыў перапуджаны манах і, прасціраючы ў бок чалавека худыя рукі, залямантаваў: «Александр Иванович! Александр Иванович, дорогой! Вы снова с утра успели!.. Вас ждут на Чорном море листригоны, да и Мануйлиха с Олесей, говорят, вернулись в свою избушку у Перебродов. Ах, Александр Иванович!..»

На плошчу, з боку Крашчаціка, па Андрэеўскім спуску прыляцеў малады, стрункі белы конь з вершнікам, чалавек схапіў каня за грыву, спыніў твар вершніка быў пасечаны шабляй, чалавек махнуў камусьці на Уладзімірскай Горцы рукой, і ля мяне прайшоў слабымі нагамі, схуднелы, з пакутлівымі вачыма, з лагернай біркаю на грудзях: «Васіль Стус» — спатыкаючыся, спусціўся на плошчу, чалавек узяў яго на рукі, пасадзіў на каня за спіною вершніка, пацалаваў каня ў губы, пляснуў даланёй па белым азадку, і зранены ў баях з палякамі, туркамі і маскалямі, даўно ссівелы Дарашэнка нацягнуў павады, паставіў каня дыба, зняў з галавы аўчынную шапку, пакланіўся купалам і званам Андрэеўскай царквы, Стус абшчапіў рукамі яго паясніцу, чалавек сказаў: «В Запорожскую Сечь!» — і конь заднімі нагамі адштурхнуўся ад плошчы і паляцеў высокім, крутым берагам Дняпра на поўдзень. I данеслася сюды — на плошчу, да Андрэеўскай царквы, да Сафійскага сабора, да Уладзіміра Вялікага на Горцы — данеслася ўжо аднекуль здаля і звысоку, як з неба, песня: «Попэрэдзі Дорошэнко...» Чалавек з чаравікамі ў руках стаў падымацца сцежкай на Горку, убачыў мяне на траве ля Вялікага князя, сеў на лаўку паблізу, абуўся, паклікаў пальцам да сябе.

Ён доўга, з-пад нахмураных цёмных броваў глядзіць на мяне. Вузкі, як ва ўсходніх азіятаў, разрэз вачэй, кароткі, з шырокімі ноздрамі нос. Ад чалавека пахне старым, выпітым у пачатку стагоддзя віном.

— Господин Купреев! — Купрын палажыў мне на плячо руку. — Сегодня я таскал мешки и ящики так себе, шутя, вспомнив молодость, проверял — на что еще способен потомок татарских князей Кулунчаковых. А когда-то, в молодости, я здесь бегал в поисках бульварного материала для «Киевлянина» и был грузчиком в порту... А перед тем служил поручиком в полку на Подоле, но ушел в отставку от казарменной жизни и от казарменной любви. Потом из Киева убежал на волынское Полесье...

Я дастаў з-за пазухі« Олесю ». Ён бярэ ў мяне кнігу, нецярпліва разгортвае яе, чытае, голас яго ўсхваляваны:

   —  «Полесье... глушь... лоно природы... простые нравы... первобытные натуры...» Да, так писал я почти шестьдесят лет назад. — Ён палажыў кнігу сабе на калені, задумаўся, нешта далёкае ўспамінаючы, у вачах спынілася сляза. — Полгода здоровой жизни в глуши... Был лесным объездчиком, управляющим имением, лечил полешукам зубы, при этом... вот читайте... я писал: «В моем распоряжении были касторовое масло, карболка, борная кислота, йод...» И знал биографию каждого дерева в лесу... И так любил я там красиво... — Ён сціснуў рукамі пасівелыя скроні. — Ах, когда-то встретиля там чистое-чистое! Но испугался этого чистого светлого мгновения, испугался нашей с ней любви... Потому в повести и спрятался под другим именем... Дикая сила диких людей оказалась сильнее моей любви... Господин Купреев! Вот вам деныи, пойдете в магазин, возьмете водки. Что-то грустно стало...

Купрын узяў мяне пад руку, дапамог устаць з лаўкі, крыху правёў ля Уладзіміра Вялікага, злёгку штурхнуў у плячо, і я пайшоў.

...Я дастаю з чамаданчыка вінаград, і мы п'ём пакрыху з «горла». Я расказваю яму пра свае прыгоды ў Пірагове.