— Господин Купреев! — Купрын зноў кладзе мне на плячо руку. — Прошу вас: едьте на Полесье. Там вы, возможно, встретите то, что я когда-то... Ах, когда-то было встретил!..
На Горку, на Уладзіміра Вялікага, на нас з Купрыным ужо сышоў вечар. Вялае лісце кустоў, трава, спіна князя заблішчэлі сіняй расой. Купалы Андрэеўскай царквы адбіліся золатам на дне ракі.
Нехта ў лёгкім светлым плашчы сцяжынай узышоў на Горку, убачыў нас, падышоў, сеў ля Купрына на лаўку. У яго былі густыя, чорныя, як не расчасаныя валасы, ссівелыя на скронях. Худы, маршчакаваты твар з даўгаватым, крыху падобным на яўрэйскі, носам, з глыбокімі блакітнымі вачамі. I вочы тыя былі тужлівыя-тужлівыя. Ён маўчаў. Купрын даў яму гарэлкі. Чалавек крыху адпіў, закашляўся, дастаў з кішэні плашча пачак «Беламорканала», запаліў.
Купрын глядзеў, глядзеў на чалавека, а потым рашуча падняўся з лаўкі, бутэлька ўпала на зямлю, з яе пралілася бліскучым цурком гарэлка, Купрын стаў перад чалавекам, той таксама падняўся з лаўкі, і Купрын ціха, але цвёрда сказаў яму:
— Господин Некрасов! Русская классическая литература не даст вас обидеть. У нее сильные руки. Держитесь. — Потым павярнуўся да мяне. — А вы едьте на Полесье. Но мою Олесю не ищите...
I яны пайшлі ўдвух, побач, па сцяжыне ўніз, па Андрэеўскім спуску, па плошчы ля высокай царквы, у бок Крашчаціка. Я пайшоў следам за імі... Яны звярнулі з Крашчаціка ў завулак, потым яшчэ ў адзін завулак. Някрасаў спыніўся перад домам, паказаў рукой на акно ў доме, сказаў:
— Мое окно.
Насупраць таго дома, таго акна, на другім баку завулка спынілася пяцёра-шасцёра чалавек у аднолькавых чорных плашчах і чорных капелюшах, адзін з іх дастаў з кішэні плашча камень і кінуў у акно Някрасава, разбітае шкло звонка ўпала на тратуар пад сцяной, і ўсе яны пабеглі назад, па завулку, у цемру.
Купрын і Някрасаў доўга стаялі пад разбітым акном, потым пайшлі і пайшлі... Адзін з іх навечна вярнуўся з Парыжа, другі — навечна паедзе ў Парыж...
Я расплюшчыў вочы. Была ўжо ноч. На лаўцы мне стала холадна. Я падняўся і пайшоў пад ногі Уладзіміра Вялікага, — можа там будзе цяплей. Трэба дачакацца раніцы, каб неяк паехаць, паехаць...
А ўглыб Палесся закінуў мяне лёс толькі праз шэсць гадоў.
Частка другая
...Восенню збіраўся чарговы з’езд КПСС, і наша школа да дня адкрыцця з'езда павінна была выбраць цукровыя буракі з поля, на якім іх вырошчвала звяно дэлегаткі з’езда...
Імжыць халодны дождж. Зямля гліністая, каляная, рукі ў дзяцей і настаўнікаў зябнуць, сінеюць. Пасярод поля стаяць брыгадзір і звеннявая. Звеннявая ў час з’езда ці пасля павінна стаць Героем Сацыялістычнай Працы. Заўтра яна едзе ў Маскву, а ўбіраць буракоў яшчэ нямала. Адна за адной ідуць полем машыны, трактары з прычэпамі. Шасцёра, што вярнуліся з буракапрыёмнага пункта, паціху кажуць нам, настаўнікам, што гектар дае па дваццаць тры — дваццаць пяць цэнтнераў буракоў. А прэса — раённая, абласная, рэспубліканская — і радыё ўрачыста паведамляюць, што звяно атрымала па пяцьдзесят цэнтнераў буракоў з гектара. Што ж, у раёне, па разнарадцы зверху, не хапае Героя. Мы, настаўнікі, гэта разумеем і маўчым. Але вось падышоў да нас адзінаццацікласнік і пытаецца ў дырэктара школы:
— Васіль Іванавіч! Як гэта разумець: дваццаць пяць і пяцьдзесят?..
Іван Васільевіч, стараваты ўжо, сівавалосы, былы сакратар ЦК камсамола Заходняй Беларусі і былы лесаруб у Молатаўскай вобласці, кажа хлопцу:
— Валя! Ты сакратар камсамольскай арганізацыі школы — таму не задавай такіх пытанняў...
— Добра, Іван Васільевіч, не буду...
Юны сакратар падышоў да аднакласнікаў, нешта сказаў ім, і яны ўсе яшчэ дружней узяліся за буракі.
Я падышоў да брыгадзіра, кажу яму:
— Дземчанка на Украіне бярэ па трыццаць — трыццаць пяць цэнтнераў, а ў вас ажно пяцьдзесят... Ды тут можна адразу даць двойчы Героя...
Брыгадзір змаўчаў, нядобра глянуў на мяне спадылба.
Па абедзе на поле прыехаў першы сакратар райкома партыі Падлескі, агледзеў пад халодным дожджыкам поле, па ім дзеці дзе-нідзе параскідалі бацвінне. Сакратар падышоў да нас, настаўнікаў, што стаялі купкай. Быў ён ружовашчокі, маларослы і поўненькі, як лепшы бурачок з гэтага поля, кажа нам (старшакласнікі працуюць блізка — і ўсё чуюць, я стаю блізка да сакратара, таму пырскі яго сліны ўпалі мне на нос):
— Усё поле ў бацвінні! Абзавяліся свіннямі, каровамі! Нічога не чытаеце! Вучэбна-выхаваўчую работу ў школе запусцілі! Паразганяць вас трэба! Мы праверым вас!
I важна, хоць і малы, сакратар пайшоў на край поля, да чорнай «Волгі».
Старшакласнікі спачувальна пазіраюць на нас...