Выбрать главу

Пад вечар, ідучы з поля, змучаныя, як ніколі да гэтага, адной небяспекай, мы, настаўнікі, дамовіліся: ідзём усе разам у школу і пішам Хрушчову — усё роўна губляць нам ужо няма чаго.

Я пішу ліст Хрушчову — спачатку прашу прабачэння за тое, што тур буем, потым расказваю пра буракі дэлегаткі з’езда і першага сакратара райкома, якія вырасцілі гэткі нечуваны ўраджай, у канцы зноў прашу прабачэння, жадаю дарагому Мікіту Сяргеевічу здароўя, і мы ўсе падпісваемся. Толькі дырэктар школы, якому даліся ў косці за пятнаццаць гадоў маразы ў лясах Молатаўскай вобласці, з поля адразу пайшоў дахаты, але нам нічога не казаў, зрабіў выгляд, што нічога не ведае...

Падпісалася і мая суседка, маладая настаўніца з цёмнымі валасамі і чорнымі брывамі, ужо з год, як мы з ёй пяшчотна паглядаем адзін аднаму ў вочы.

Ноччу з настаўнікам фізкультуры месім керзавымі ботамі гразь да чыгуначнага прыпынку, едзем у суседні раён у Баранавічы, здаём там раніцай на пошце заказны ліст з паведамленнем...

Праз тры-чатыры дні — з’езд ужо йшоў — у кантору калгаса прыязджаў другі сакратар Шосцік, нешта там, у канторы, уладкоўваў з «бураковымі» дакументамі. Напрыканцы з'езда газеты яшчэ паспелі даць канчатковую лічбу: трыццаць дзевяць цэнтнераў з гектара...

Нас, школу, восенню і зімой ніхто не трывожыў, а ў красавіку наехала камісія — з райкома і райана. Хадзілі на ўрокі, на класныя гадзіны, глядзелі нашыя планы, задавалі пытанні вучням і настаўнікам па палітыцы партыі, у маім восьмым класе далі дыктоўку па рускай мове, але прысутнічала на ўроку ў мяне інспектар райана — добрая, спагадлівая жанчына, якая, правяраючы ў вучнёўскіх сшытках дыктоўку, дала толькі трох двоечнікаў з дваццаці пяці ў класе вучняў.

Пасля ўрокаў настаўнікаў сабралі на сход, на якім інструктар райкома і загадчык райана ў ветлівай форме даводзілі нам, што трэба пастаянна займацца палітычнай самаадукацыяй, але ў канцы сваіх выступленняў намякалі нам: маўляў, можа быць і горш з намі...

Летам дырэктара школы знялі з пасады — «за развал вучэбна-выхаваўчай работы ў школе», мяне перавялі ў другую школу, ажно за сто кіламетраў, на Палессе, але не ў самую яго глыбінку — з берагоў Шчары на берагі Лані. Праз год я адчуў: трэба мне і адсюль, ужо самому, падавацца далей, далей — можа ўглыб Палесся. Тым больш, што мая чорнавалосая і чарнабровая не захацела быць жонкай новаспечанага «дзекабрыста»...

На берагах Лані я атрымаў ліст ад свайго інстытуцкага таварыша Вуліча Івана. Ён пісаў мне... Вось як я ўявіў сабе ягоную гісторыю.

...Вуліч у чэрвені павёў свой пяты клас у двухдзённы паход з начоўкай у адной з пінскіх школ. Раніцай другога дня ён павінен быў завесці дзяцей у Пінскі краязнаўчы музей. Але ні ў Пінску ні ў музеі Вуліч з дзецьмі не быў. У першы ж дзень паходу ён ля моста праз Ясельду звярнуў са сваімі вучнямі з шашы на бераг ракі. Вада была такая цёплая, з блакітным небам у ёй і белымі аблокамі, трава на беразе была такая зялёная мяккая, так ціха шапацелі чараты ля нізкага берага, ружавелі гонкія ракіты, бялелі ствалы маладзенькіх бярозак, маўчалі кусты крушыны, так пахла мёдам ад плоймы, ў траве жоўтых дзьмухаўцоў, белага па ўзгорачках дзяцельніку і сіняга чабору, пахла прывялым свежым сенам у капіцах, так лёгка скакалі ў паветры матылькі — белыя, чырвоныя, жоўтыя, трымцелі пазалочанымі крылцамі стракозы, і так задуменна стаяў на адной назе бусел ля капіцы, і ва ўсім гэтым і над усім гэтым ціўкала, спявала птаства, і было тут так прыгожа, хороша і здорава, як, ведаў Вуліч, нідзе ў свеце, — што ён спыніўся на беразе Ясельды, спыніліся дзеці, і ён сказаў:

— Нікуды адсюль далей не пойдзем...

Вечарам дзеці з настаўнікам развярнулі капіцы і соладка заснулі на цёплым свежым сене, прыкрыўшыся ім. Раніцай сабралі сена ў капіцы, нават начапілі на іх звязанага вецця, памыліся ў чыстай Ясельдзе, паснедалі і пайшлі, пайшлі далёка берагам... Другім вечарам вярнуліся дадому. Дырэктар школы, ажно ўспацелы ад перажыванняў, спаткаў іх перад вёскай і сказаў Вулічу:

—Сваім загадам па школе я вынес вам вымову за зрыў краязнаўчай работы. А заўтра паедзеце ў райана.

У райана гарачы Вуліч пасварыўся з загадчыкам, забраў сваю працоўную кніжку, пайшоў у буфет ля прыстані, напіўся таннага « Днепро-Бугского» віна, свайго, здавалася б, самага роднага віна — бо Днепра-Бугскі канал пралягае бліз яго вёскі і ўваходзіць у Піну, тут жа ў буфеце, а потым і на беразе Піны цалаваўся з давыд-гарадоцкімі прыгажунямі. I тыя давыд-гарадоцкія цыганы вывезлі чорнавалосага і смуглявага, як самі, п’янага настаўніка геаграфіі аўтобусам за горад, на шашы злавілі спадарожную машыну, закінулі Вуліча ў кузаў і самі туды перакуліліся цераз борт. Ім пашанцавала: машына ішла на Валынь, за Любяшоў, куды ім усім і трэба. Цыганы і Вуліч таўкліся ў кузаве, адрываліся ад бартоў і падалі на дно кузава, калі машына скакала па выбоінах на дарозе або крута паварочвала ўлева-ўправа. У кузаве было ветрана і свежа ад хуткасці, але ўсё-такі пах разагрэтай смалы набягаў на іх з прыдарожных бароў, асабліва за Махром і Каленам — бліжэй да Украіны. Вуліч пляснуўся на дно кузава, калі машына рэзка тармазнула — дарогу павольна, лена пераходзіў статак кароў. Цыганы зарагаталі, паднялі Вуліча і пасадзілі ў пярэднім кутку, далі яму яшчэ выпіць «з горла» і яшчэ далі яму ў руку лівернай каўбасы. Ён спаў, прачынаўся, лыпаў вачыма, зноў засынаў, але за Стаходам бадзёра ўстаў у кузаве і далей ужо цвёрда стаяў ля кабіны, больш не піў, хоць цыганы і пхалі яму пляшку ў рот, — уперадзе Вуліча чакала важная падзея ў яго жыцці: цыганы везлі яго на адзін валынскі хутар жаніцца, у прымы. Над імі, над машынай высока ў небе, за аблокамі праляцеў у французскай «Каравеле» ў бок Масквы прэзідэнт Алжыра Герой Савецкага Саюза Бэн Бэла. Памочнік прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі глянуў у ілюмінатар, убачыў глыбока ўнізе, скрозь разрыў у аблоках, стужку дарогі, на ёй чорную кропку машыны, за машынай — хвост белага пылу і шапнуў на вуха прэзідэнту, што ён, пан прэзідэнт, пралятае над тымі лясамі і балотамі, дзе ў Другую сусветную вайну дзейнічала партызанская армія двойчы Героя Савецкага Саюза Фёдарава. Бэн Бэла глянуў у ілюмінатар, незадаволена пацмокаў языком і сказаў: што, Масква можа даць не толькі Героя, але й двойчы Героя? Памочнік заўважыў: не толькі двойчы, але й тройчы і нават пяць разоў. Прэзідэнт сказаў: добра ім...