Цыганы і Вуліч пачулі далёкі гул у небе, задралі чорнавалосыя галовы ўгору і падумалі: добра, калі падаеш тут, унізе, а калі зверху?.. Цыганы яшчэ выпілі і спявалі: «По полю, по полю, по полю цыганская тройка летит...» Вуліч падпяваў і весела рагатаў: нарэшце, ён адчуваў сябе шчасліва і вольна...
На лясны валынскі хутар яны прыйшлі познім вечарам. Дзверы ў хату ім адчыніла жанчына, яна паставіла на белую, чыстую сурвэтку на стале, што ў куце пад абразамі, трохлітровы слоік самагонкі, паліваны тазік з напіханай каўбасой. Пілі, елі, спявалі. Раніцай Вуліч прачнуўся ў ложку і здзівіўся: побач ляжала голая жанчына і паглядала на яго збоку напаўрасплюшчаным вокам. Цыганы на кухні ўжо звінелі шклянкамі і спявалі. Потым яны сабраліся і пайшлі праз лес на дарогу.
Вуліч застаўся на хутары ў Любы, на працу ў школу яго не ўзялі, і ён уладкаваўся ў калгасную будаўнічую брыгаду. Пісаў мне, што жыве куды як добра, весела і вольна, яму там уежна і ўлежна, і запрашае мяне ў госці і ўвогуле на Валынь...
...За густым ельнікам-сасоннікам, на ўтравелым дварэ, ля калодзежа мяне сустрэла рыжавалосая, у гадах, жанчына, яна трымала ў руцэ поўнае вядро, сказала:
— Цэ вы — Мыкола?.. То заходьтэ ў хату, гостем будэтэ...
Вуліч спаў на канапе ў сенцах, ён быў п’яны. Люба разбудзіла яго, ён доўга лыпаў на мяне вачыма, потым спахапіўся, кінуўся з канапы да мяне — мы абняліся, пацалаваліся.
— Ой, як добра, Мікола, што ты прыехаў. Заўтра пойдзем на балота касіць... Пасля пачастунку за сталом пад старой шырокай грушай-дзічкай Вуліч павёў мяне вакол хутара. Блізка за лесам паказаў сваё з Любай поле, яшчэ бліжэй, ля двара, — грады, на іх буялі-зелянелі боб, гарох, гуркі, кроп, салата, морква, жаўцеў сланечнік. У полі, у барознах, на бульбе набіралі моцы жаўтабокія гарбузы. Ад хутара, праз лес, ішла вузкая, у калдобінах, поўных вады пасля нядаўняй навальніцы, дарога. Збоч яе густа раслі ажыннік, крушына, высокая папараць, пахла сырым мохам. За соснамі прагалак, жаўцеў пясок па краях шырокага і доўгага кар’ера — там быў школьны цір. Мы абышлі поле, бульба ўжо цвіла белым, ружова-сінім цветам, увайшлі ў малады бярэзнік-асіннік, там назбіралі ў кошык абабкаў і краснюкоў, павіталіся ля трухлявага пянька з вужакай, паслухалі птушынае шчабятанне, пасядзелі, хоць і макравата было, на беражку ляснога чыстага ручая, асвяжылі ў ім ногі, апаласнулі твары, вада пахла смалой і чарніцамі.
— Добра мне тут, — кажа Вуліч. — Ціха, спакойна, здарова... I Люба мая зацяжарала...
Яшчэ давідна Люба разбудзіла нас, дала напіцца свежае смятаны, Вуліч вынес з пуні накляпаныя з вечара косы, жонка дала яму ў рукі важкую торбу з ядой і парай бутэлек самагонкі.
— Ёванэ, — кінула наўздагон з парога Люба. — Ты ж дывысь, позаўтрі прібэжі дохаты.
Вуліч скасавурыўся на мяне, усміхнуўся, падміргнуў: маўляў, баба ёсць баба.
Мы абуліся ў гумовыя боты і пайшлі, са складзенымі косамі на плячах, сцежкай праз цёмны лес. Папараць і кустоўе палівалі нас расой, але ад яе не было холадна — было толькі свежа і нават па-ранішняму светла. У лесе ўжо прачыналіся птушкі і ўзляталі вышэй на яліны і бярозы.