Расказаў Вулічу, дзе быў, што бачыў. Калі сказаў пра зямлянку, ён скрыгатнуў зубамі. Калі ж я загаварыў пра двор Казлючыхі, ён адразу было зарагатаў, але раптам сціх, як асекся, збоку глядзеў на мяне, потым голасам купрынскага Ярмолы — глуха-глуха, быццам з-пад зямлі — сказаў:
— Туды больш не хадзі... Скажу табе праўду... I Казлючыха была ў партызанах, і муж яе быў у партызанах, але мужаў брат быў бандэраўцам... I вось тая гісторыя з Быкавым і Фёдаравым... Гэта толькі здаецца, што ад яе адчапіліся... Адным вокам, але пільным вокам — назіраюць. То вады хто зойдзе напіцца ў хату, то яек купіць, то яшчэ чаго. То быццам жаніх — паглядзець на дзяўчыну... Ну, і прызнаюся табе... Толькі ты — нікому нідзе ні-ні... Бо й я паабяцаў, што — ні-ні... Летась, пасля сенакосу, прыязджаў на хутар да мяне... У цывільным, але з «корачкамі»... Ведае, што па вадухаджу да Казлючыхі... Атакі гаваркі, а так умее смяяцца, а такі анекдот расказаў і так спадабаўся маёй Любе, што яна й стол пад грушай вышываным абрусам заслала, і яешню і самагонку паставіла... Піў ён і не п’янеў, а я добра тады ўпіўся, — бо так мне Люба не дае... I пра ўсё распытваў у мяне —адкуль я, хто мой бацька, хто мой дзядзька... А я ўпіўся —дык ён падказвае мне, адкуль я і чаго я тут аказаўся на гэтым хутары, на Валыні... Я запяваю пра цыганку Азу — а ён мне пра дзядзьку майго... Во чаму я ўчора вечарам як пайшоў да Казлючыхі па ваду, дык знарок, у адкрытую, і вядром аб зямлю бразнуў і запаліў ля калодзежа, і ў хату не зайшоў падзякаваць за ваду... Хаця, праўда, чаго заходзіць, калі ў вокнах цёмна... Нацягаюцца абедзве за дзень... То ты, браце, не хадзі... не хадзі...
Але я пайшоў на тую Гару, да Казлючыхі, на другі ж дзень. Вуліч, калі ўжо добра прыпарыла, уторкнуў касільна між купінаў, сам сеў на купіну, сцягнуў гумовыя боты, паставіў ногі ў чорную ваду. А я касіў, касіў, абліваўся потам, адбіваўся рукамі ад аваднёў і слепакоў, але касіў. Вуліч выцягнуў з балота касу, падаўся да будана і клікаў мяне, здзіўлена азіраўся і клікаў...
Так я зарабіў перад Вулічам права на вольны надвячорак. Сказаў яму, што хай ён, браток, даруе мне, хай пакосіць адзін — а трава пад вечар, ужо з расічкай, мяккая, косіцца лёгка, — а я, кажу, прайдуся крышку па Валыні, пашукаю, каб дзе заснаваць сабе тут хутарок — на гэткай волі, у гэткай цішыні, убаку ад шумнага, тлумнага свету.
— Ах, — уздыхнуў Вуліч, — якая ўжо тут цішыня. Вунь, чуеш, як у сяле транзістары грымяць. Якая воля? Электрыкі прыходзілі, казалі: грушу трэба спілаваць, будуць праводзіць лінію — дык груша правадам будзе замінаць. Дый апошнія хутары будуць, чытаў я, выкарчоўваць, нават маленькія сёлы зносіць, бо яны, чытаўя, нейкія неперспектыўныя... Якая ж, братка, воля... Дык ты... тое самае... не йдзі туды... не йдзі на Гару...
Але я пайшоў.
Толькі-толькі пачало змяркацца. Цішыня на падворку. Пчолы ўжо не гудуць у ліпе. Гусі стаяць ля карыта, напіўшыся, выцягнуўшы шыі ў неба. Чырвоны певень ударыў быў шпорамі ля аднае курачкі, але перадумаў, абмяк, грэбень упаў на галаву, курачка нездаволена квахтанула, мерылася нават дзеўбануць яго, але таксама перадумала. Па той бок плота, блізка ад мяне, як з-пад ног, з густога лапушыння выскачыла і пабегла па надворку курыца. Я няўзнак глянуў уніз цераз плот і ўбачыў пад шырокай лапушынай, у пяску, белыя яйкі.
Нядоўга стаяў я перад веснічкамі. Недзе за пуняй бразнула клямка, і з-за вугла выйшла дзяўчына у светлым доўгім сарафане, адной рукой трымала граблі цераз плячо, другой — тапкі, паставіла граблі да сцяны пуні, пад страхой, ідзе да ганка і пакуль што не бачыць мяне. Але, во, яна рэзка ўскінула галавой — доўгія светлыя валасы ўпалі з грудзей на спіну, убачыла мяне ля веснічкаў узняла да вачэй руку — як бы дзівілася: ці не здань за веснічкамі, рашуча скінула руку ўніз, нахілілася, паставіла тапкі на ганку, бразнула клямкай, прыадчыніла дзверы ў сенцы, нешта некаму туды ціха сказала, сышла з ганка, пайшла сцежкай да веснічак, да мяне, спынілася за крокаў пяць-шэсць да плота, за акном у хаце прьгадсунулася фіранка, дзяўчына стаяла перада мной, прасторны светлы сарафан абвіваў яе маладыя, прыгожыя грудзі, яна глядзела на мяне вялікімі, бліскучымі вачамі, тонкія, цёмныя, падломаныя пасярэдзіне бровы незадаволена ўзварухнуліся і, нарэшце, дзяўчына ціха і нечакана ветліва, але чамусьці па-руску сказала:
— Добрый вечер. Что ж вы стоите? Заходите... Открывайте калитку, или... — яна падышла да плота. — Сама открою.
Я, калі яна з таго боку адсоўвала тонкай загарэлай рукой зашчапку, сказаў па-свойму — па-беларуску: