— Добры вечар. Прабачце, што стаю няпрошаны ля вашых веснічак. — Яна шырока адкрытымі вачыма, то на імгненне даверліва, то на якое імгненне з нейкай бояззю глядзела мне ў вочы — з-за адшчэпленых, але пакуль што не адчыненых веснічак. — Прабачце... Во тут у вас у лапушынні кура яйкі знесла.
Яна з таго боку плота рассмяялася. Фіранку ў хаце нябачная рука зашмаргнула. Дзяўчына хацела ўжо ўстрымацца ад смеху, нават рот далонню прыкрыла, але і з-пад далоні смех прарываўся, ажно вочы яе сталі мокрымі, блішчэлі вясёлай слязой.
А калі нарэшце сціхла, то выцерла далонню вочы і ўжо сказала павалынску:
— Дзе? Вы сказалі — у лапушынні?.. Вы беларус?..
— Во там, пад тым лістом... — паказваю рукой цераз плот. — Тры яйкі...
Яна зноўледзь не рассмяялася, але стрымалася:
— Ой, ой! Аж тры!.. Заходзьце ж. — Дзяўчына расчыніла насцеж веснічкі, я ступіў на падворак, зачыніў і зашчапіў іх за сабой — быццам іду надоўга. Дзяўчына пайшла паперадзе, азірнулася, матнула галавой — белыя косы паляцелі са спіны цераз плячо, яна злавіла іх рукой на грудзях, каб не рассыпаліся, усміхнулася мне, павярнулася, пайшла да ганка. А яйкі? — успомніў я. I што я рабіў потым — помніцца, бачыцца нібы скрозь туман. Як магія якая, як насланнё! Так, як насланнё, бо я вярнуўся да плота, узяў з пяску пад лапушынай тыя тры яйкі. Дзяўчына стаяла на ганку. У прыцемку, на дварэ ўжо змерклася, а пад ліпай і зусім сцямнела, — яна чакала мяне. Я падышоў да ганка, не ведаючы, што рабіць з тымі чортавымі яйкамі, потым працягнуў руку з імі, кажу:
— Вазьміце.
Яна (трымаючыся рукой за клямку і — нібы здзекуючыся з мяне):
— Нясіце ў хату... заходзьце ж.
Пераступаю парог... Мільганула думка: пакуль што ўсё нечакана добра і таямніча-прыгожа, але — як сустрэне мяне ў хаце Казлючыха? Няўжо, як Мануйліха?.. Як Мануйліха, потым скажа: «...Иди, иди... Иди, молодец, своей дорогой. Нечего тут тебе делать...»
Дзяўчына адчыніла дзверы ў хату, прапусціла мяне. Я ступіў на высокі парог і плячом праз тонкую тканіну кашулі на імгненне даткнуўся да пруткіх і цёплых грудзей. Яна, здаецца, торгнулася ўсім целам, хіснулася назад — спінай да дзвярэй. А ўжо другая мая нага пераступіла парог, і дзяўчына з сенцаў сказала ў хату:
— Бабуся! Сустракай чалавека! Ён нам будзе яйкі ад нашых курэй збіраць.
Голас — аднекуль з цёмнага кутка:
— Не гавары дурное! Праходзьце, праходзьце, чалавеча, госцем будзеце...
...«Около печки что-то зашевелилось... все черты бабы-яги, как ее изображает народный эпос...»
3 кутка, з-за печы выйшла мне насустрач старая Казлючыха. Калі б не была крыху прыгорбленая — была б высокая, як унучка. З-пад белай хусціны выбіліся на скронях сівыя валасы, і бровы ў Казлючыхі былі сівьм, яна, ідучы, выцірала рукі аб квятасты фартух, стала ля комінка.
Дзяўчына працягнула ў мой бок руку, вывернула яе далонню ўверх — на згібе ў локці, вышэй і ніжэй локця скура была белая, не загарэлая, а на самім згібе, бачыў я, торгнулася ружовая, тоненькая жылка. Яна, мусіць, заўважыла мой позірк, бо апусціла руку, паказала вачыма на стол, сказала:
— Палажыце... толькі каб не пакаціліся... а, давайце я сама.
Я аддаў ёй яйкі. Гэтыя чортавыя! Але ў душы, унутрана ўстрапянуўся, сабраўся сам з сабою і сказаў Казлючысе:
— Добры вечар.
— Здравствуйте. — Казлючыха села на крэсла каля печы, палажыла сухія, зморшчаныя рукі на калені. — 3 чім добрім до нас, чоловічэ?
— Ды проста ішоў, ішоў, бачу — хата... Я тут блізка з Вулічам кашу...
— Білорус прііхаў до білоруса... Цэ добрэ. Людям трэба знатыся адно з адным. Можэ, молока поп’етэ?
— Не, бабуля. Дзякуй.
— Ну, як хочетэ.
Дзяўчына паднесла мне крэсла, запрасіла сесці. I сама села наўслончык ля стала. Сядзім і ўсе маўчым. Я акінуў позіркам хату: яна з аднаго вялікага пакоя, во тут, побач, печ, у кутку ля дзвярэй — вёдры, цабэркі, акно на ліпу ў дварэ, стол, за якім сядзіць дзяўчына (яна паставіла локаць на стол, палажыла шчаку на далонь, задуменна глядзіць на сваю бабусю, я здзівіўся: нядаўна ж так ад душы ў дварэ смяялася і хітравата, як шчырая паляшучка, жартавала...), за сталом, уздоўж сцяны, абклеенай ружаватымі шпалерамі, канапа, засланая зялёнай капай, зноў акно, столік у кутку, у тарцовай сцяне — два акны на палісаднік і ля бакавой сцяны, за печчу, — два высокія ложкі, адзін металічны, другі драўляны, акуратна засланыя, і на іх — раскошна ўзбітьм падушкі, падлога не пафарбаваная — вымытая, вышараваная, да жоўтага, ды яшчэ між канапай і столікам — этажэрка з кнігамі, а над канапай — зашклёная рамачка з фотаздымкамі, са столі, на сярэдзіну хаты, вісіць лямпа-газнічка з круглай, пабеленай бляхай.