Выбрать главу

   —  Ёванэ-э! Нэсы горілку! Під столом у слоікові!..

   —  Гэта ж так хавае ад мяне — пад стол, у кутку, ды шчэ й анучамі закідае.

   —  Вуліч палез пад стол і адтуль, з-пад стала, казаў:

   —  Наталка... Бедная маладзічка... Двух мужыкоў змяніла — і ніяк не можа радзіць. А хоча радзіць. Дык калі пачула ад Любы, што ты прыехаў, — то, можа, сама сказала, каб ты... можа, з табой удасца...

   —  А каб на вас з Любай і з той Наталкай! — крыкнуў я Вулічу пад стол. Ён ужо вылазіў адтуль, і ад яго з рота несла самагонкай. — А каб на вас!.. Паеду! Сёння ж паеду!

   —  Нікуды ты не паедзеш, — спакойна сказаў Вуліч. — Пабудзь яшчэ...

Мы з Вулічам выйшлі пад грушу. Люба сказала, паказаўшы вачыма на хлеў:

   —  Хай робляць там шчо хочуть...

А ў хляве то рохкала, то вішчала, то сціхала.

Люба прынесла на стол закускі, пасадзіла мяне на ўслон ля Наталкі. Наталка пад сталом загаліла калена. Пасля першых чарак мы ўсе павесялелі, Люба з Наталкай заспявалі:

У суботу Янка Ехаў ля ракі.

На рацэ Алёна Мыла ручнікі, —

заспявалі гэтак высока і зладжана, што ажно кныр са свінкай сціхлі ў хляве. Кончылі спяваць. Люба падміргнула Вулічу, і яны пайшлі ў пуню — туды ўжо было ўкінута крыху свежага, накошанага вакол двара, сена. Наталка пад сталом падцягнула спадніцу вышэй, я зрабіў выгляд, што нічога не бачу, яна ўздыхнула, паднялася з-за стала, пайшла да хлява, адчыніла там вароты, ухапілася рукамі за вяроўчыну, вывалакла свінку ў двор, падняла з зямлі дубец, сцебанула ім свінку, пагнала яе з двара...

Сонца ўсе дні паліла спраўна, дождж ні разу не пырснуў, і мы — Вуліч, Люба, я — пайшлі павярнуць траву. У абед павярнулі, праз пару гадзін яшчэ паварушылі, але скласці сена ў капіцы не паспелі —звечарэла, выпала раса. Назаўтра пад поўдзень зноў пайшлі на балацявіну, паставілі капіцы і нават адзін ладны стажок — на даўні, счарнелы сценжар, з якога, калі Вуліч яго крыху падчапіў, выпаўзлі вужакі. Сценжар, можа, яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай або з «тых Саветаў». Але вужакі, напэўна ж, былі ўжо хрушчоўскія — шыпелі ды не кусаліся. Вуліч, калі мы кончылі з сенам ды йшлі з ім удвух да будана, сказаў:

— Аксана ад душы смяялася? Гэтым яна хацела сказаць незнаёмцу: во якія мы тут адкрытыя, няма чаго таіцца — таму і смяёмся ў адкрытую, ад душы... А потым яна стала сама сабой — сумнай, здзеклівай. Ну, а Казлючыха — тая ўжо нікога не баіцца, старая, хіба што асцярожнічае з-за ўнучкі... Хочаш застацца ў будане на суткі? Так і быць. Што з табой зробіш. Есці ў будане табе будзе што...

Вуліч з Любай пайшлі на свой хутар, расталі ў балотнай надвячоркавай імжы.

Была ціхая раніца. Птушкі падалі зверху ўніз, з галінкі на галінку, па-ранішняму бадзёра ціўкалі, на дзюбках у іх яшчэ стаяла раса. На падыходзе да Гары, скрозь рэдкае кустоўе, яснелася невялічкая палянка. Адтуль я пачуў шорганне касы. Я сышоў са сцежкі, развінуў вецце, раса ўпала мне на твар і на рукі. На тым баку палянкі касіла Аксана. Падзьмуў ветрык, светлая квятастая спаднічка ўстрапянулася на дзеўчыных нагах, загарнулася ўяе між каленяў. Аксана ўдарала рукой у падол спадніцы, нейкая птушка пада мной запела. Аксана паставіла касу, трымала кассё плячом, прыслухалася — птушка спявала ўжо бліжэй да яе. Я апусціў галінку алешыны, ступіў крок назад, Аксана нешта пачула, птушка сціхла, дзяўчына аглядзелася вакол, яшчэ раз ударыла рукой у падол — бо вецер крапчэй падзьмуў на яе. Аксана ўзняла руку далонню над вачыма, бо сонца свяціла ў твар. Вялікія вочы яе былі шырока раскрытыя. Я ведаў, што яны ў яе блакітныя. Вецер з боку кінуў светлыя, амаль жоўтыя, косы ёй на плячо. Яна стаяла прада мной і не бачыла мяне. «Так нядобра», — сказаў я сабе і рашуча выйшаў з-за алешыны на палянку.

Аксана не кранулася з месца, не зварухнулася, быццам нават ніколькі не здзівілася, толькі апусціла руку з-над вачэй. Я падышоў да яе, узяў касу ў рукі, сказаў:

   —  Аксана, вы, калі ласка, пасядзіце вунь на тым пні.

Яна паціснула плячамі, усміхнулася, але ўсміхнулася ветліва, не здзекліва, як тады ў сваёй хаце, моўчкі пайшла на край палянкі, села на стары шырокі пень, шчыльна паставіла ногі, нацягнуўшы на іх, колькі можна, спадніцу, глядзела спадылба ў мой бок.