Выбрать главу

Потым Казлючыха разгаварылася — пра тое, як добра сёлета сохла сена, як добра ўладкаваліся з ім, адна бяда — той каларадскі жук на бульбе, але добра, што ляснік і абараў іхнюю бульбу, і даў нейкае атруты на таго жука, казала, што вось паспелі ўлесе чарніцы і што трэба паклікаць лесніка, каб паглядзеў мёд у вулеі, і што вось-вось пойдуць дажджы — чуюць яе ногі... Распытвала ў мяне пра маю школу, ці хочуць вучыцца ў нас дзеці, ці чытаюць нашыя дзеці кніжкі... Аксана глядзела на мяне з-пад далоні — глядзела не вачамі, а слязьмі з вачэй. I я зразумеў: большага, чым было сёння, шчасця ў нас не будзе, большага шчасця ніколі не будзе...

Я глянуў у акно. У дварэ, з цемры на кволае святло з хаты, лёгка, амаль не дакранаючыся нагамі да зямлі, наплываў прывід — дзяўчына з доўгімі цёмнымі косамі, у белай сукенцы, яна стала перад акном, перакінула рукой косы з грудзей за плячо, сумна ўсміхнулася і прашаптала — але не мне, а некаму, паўз мяне ці паверх мяне: «Сегодня наш день, и никто у нас его не отнимет...» Я яшчэ раз глянуў у акно — але прывід знік...

«...будешь обо мне думать... легко и радостно...»

3 трызнення вывела мяне Казлючыха — яна казала: што вы за беларусы такія — не можаце самі абараніць свайго Быкава? То ў Маскве за яго заступяцца, то ў валынскіх балотах... а самі не можаце...

Аксана ўстала з услончыка, пайшла ў змрок хаты да акна, перакінула рукой светлыя косы з грудзей за плячо, стаяла там, глядзела ў цёмны двор... Як мне хацелася, як хацелася падысці да яе, абняць за плечы, патануць тварам у той светлай хвалі!..

Я сказаў Казлючысе (голас мой, я гэта ведаў, быў усхваляваны):

   —  Ганна Маркаўна, а свайго Сасюру тут у вас абаранілі? А свайго Сіманенку тут у вас уратавалі?..

Старая маўчала, мне падалося, нават доўга маўчала. Я падняўся з-за стала, падзякаваў за вячэру і сказаў, што ўжо трэба ісці. Аксана ў змроку, ля акна, азірнулася на мяне — у вачах блішчэлі слёзы...

Яна выйшла за мной у сенцы. Казлючыха сказала з-за дзвярэй:

   —  Оксана! Іды ў хату!

Мы сустрэліся дыханнем — коратка, глыбока. Яна палажыла мне рукі на плечы і — блізка, горача — прашаптала-выдыхнула:

   —  Іды...

   —  Оксана! — зноў паклікала Казлючыха з хаты і бразнула клямкай.

Я выйшаў на ганак, зачыніў за сабой дзверы, ступіў у цёмны двор. Але дзверы сенцаў за мной расчыніліся насцеж, і Казлючыха гукнула мяне, я спыніўся на сцежцы пад ліпай, старая падышла, узяла маю руку, сціснула яе ў сваіх сухіх руках і сказала: «Дужа прашу вас, не прыходзьце болей да нас, выбачайтэ, але не прыходзьце болей, прашу вас, бувайтэ, добрій чоловічэ»...

Я пайшоў да веснічак, зашчапіў іх за сабой і пабег з Гары ўніз па сцежцы. Сцежка крыху віднелася пад чыстым месяцам. Ля кустоўя азірнуўся на Гару, і ў тое ж імгненне святло ў хаце патухла...

Яснай, сцішанай раніцай я прыйшоў з будана на Вулічаў двор, сеў на лаўку пад грушай і ўбачыў: перад варотцамі ў двор стаіць чорны матацыкл, і пачуў: Вуліч у хаце гучна некаму нешта даказваў. Раптам дзверы сенцаў з грукатам расчыніліся, Вуліч трымаўся за клямку, ён быў узбуджаны, па-цыганску раскудлачаны і некаму сказаў:

   —  Вон адсюль!

3 сенцаў на ганак ступіў і важна сышоў у двор мажны, шыракаплечы, лысы і кірпаносы чалавек у касцюме, пад галыятукам, лыпнуў на мяне злоснымі вачыма, пальцам паклікаў мяне ісці за ім — што ж, я пайшоў. За варотцамі ён азірнуўся на ўскудлачанага Вуліча, завёў матацыкл, насунуў на галаву чырвоны шлем і сказаў мне гучна на вуха — гучна, каб перакрычаць трэск матацыкла:

   —  Я тоже учитель! Но теперь я секретарь партийной организации! Здесь! Секретарь! А нам... мне стало известно, что вы, как гость Вулича, стали частым гостем в доме Козлюк Анны Марковны! Не советую, коллега! Не советую! Счастливой дороги домой!

Сакратар сеў на матацыкл. Я сказаў яму... Ён не пачуў з-за трэску матацыкла, прыўзняў шлем над вухам, і я ў тое вуха паўтарыў:

   —  Хай жыве дружба паміж савецкімі народамі!

Сакратар згодна кіўнуў галавой, паддаў газу—чамусьці няўпэўнена адштурхнуўся нагой ад зямлі.

Водпуск мой канчаўся, я пакінуў гасцінны хутар, паехаў, уладкаваўся на працу ў «глыбі Палесся» («палескай глушы» ўжо даўно няма), на Піншчыне, наняў кватэру — пакойчык — у хаце ў канцы вуліцы, якая цягнулася па доўгай выспе і амаль упіралася ў бераг Прыпяці, другім канцом вуліца сыходзіла ў балота — неабсяжнае, парослае кустоўем, бярозкамі і хвойкамі. Непадалёк акна гнуліся пад ветрам кусты лазы, а пад самым акном рыпела ўдзень і ўноч старая крывая вярба. Яшчэ стаяў жнівень, было цёпла, я расчыніў акно насцеж, і ў пакой з Прыпяці наплываў пах руды — з баржаў, якія павольна-цяжка цягнулі за сабой катэры, — лёгка праляталі белыя «Стрэлы», за дзвярмі або ў дварэ гучна гаварылі мае састарэлыя гаспадар і гаспадыня.