Выбрать главу

Я падоўгу стаяў ля расчыненага акна або на белай выспачцы на беразе ракі. Прыпяць тут, як нідзе вышэй і ніжэй, была неспакойная, пагойдвалася разам, здавалася, з берагамі, бо зусім блізка ў яе ўліваўся шматводны Стаход. Хвалі яго з недалёкай Валыні трывожылі мяне, мне хацелася адвярнуцца ад іх, пайсці назад у хату, зачыніцца ў ёй наглуха. Вада тая ішла з боку Гары... Я ступаў па белым, сыпучым пяску з берага, апускаў далоні ў ваду: яна ўжо халадала...

Што ж рабіць, мілая, што рабіць?..

Аднак дні яшчэ былі цёплыя, у канцы верасня лазняк на беразе Прыпяці спавіўся белым павуціннем, бабіна лета... Шматкі павуціны то падымаліся ўгору і стаялі ў паветры, то падалі на сінюю, хвалістую плынь ракі. У такія дні вёска высыпала на соткі па загуменнях ці па выспах сярод балотаў — капаць бульбу. I як толькі людзі і калгас выкапалі бульбу, звезлі з палеткаў сцірты саломы, а з балотаў—сена, тады неяк адразу, аднойчы з самае раніцы, ваколіцы былі ўзарваны грукатам бульдозераў, экскаватараў. Пачалася крамлёўска-хрушчоўская асушка Палесся, вялікая асушка стагоддзя. Дырэктар школы на педсавеце паставіў перад настаўнікамі задачу: кожны з нас на сваім уроку павінен дапамагаць асушцы — выхоўваць у вучняў пачуццё гонару за палітыку партыі ў сельскай гаспадарцы, у сацыялістычным пераўтварэнні Палесся. Біёлагу, географу, хіміку тут лягчэй... А моваведу? Аказваецца — вельмі проста: пішы на дошцы сказы пра асушку, чытай на ўроку з раённай газеты вершы пра асушку... Сачыненні на вольную тэму— пра асушэнне...

I я павёў свой пяты клас на экскурсію — за вёску, на балота. Стаім, глядзім: бульдозер угрызаецца цяжкім вострым нажом пад карэнне кустоў і дрэўцаў, напружваецца, агрызаецца дзікім зверам, уздрыгвае і прэ перад сабой чорную зямлю з вырванымі кустамі і дрэўцамі — уперад, у высокі валок. Тое самае робіць побач другі бульдозер, трэці... Потым бульдозеры разраўноўваюць чорную глебу. А ў поперак на ўчастку, з боку, ужо ўгрызаецца ў зямлю зубатым каўшом экскаватар — капае канаву, разам з чорнай, тарфяністай зямлёй дастае з глыбіняў белыя пясчаныя слаі. Канава хутка, услед за каўшом, набрыньвае, напаўняецца чорнай вадой. Тая вада канавай сплыве ў Прыпяць, у Дняпро, у Чорнае мора...

У класе я кажу дзецям: на асушаных балотах, як пішацца ў газетах і гаворыцца па радыё, будуць збірацца высокія ўраджаі пшаніцы, бульбы, цукровых буракоў... Хлопчык з пярэдняй парты падказвае: не будзе вужакаў, жабаў, аваднёў. Другі, з задняй, працягвае: і буслоў... Трэці супакойвае: нічога, буслам і ў Афрыцы месца хопіць... Я маўчу. Маўчу таму, што ведаю пра лёс Палесся больш, чым дзеці. Як і тысячы маіх суайчыннікаў, ведаю, чым кончыцца жалезная грызня чалавека з прыродай.

Але найбольш тады мяне трывожыла адно: як там Гара? Як там ёй сярод сваіх балотаў? I што там, што там будзе?..

Дырэктар школы, добры стары чалавек, пусціў мяне з работы на восеньскіх вакацыях, і я, дзе пяшком, дзе аўтобусам, дзе спадарожнай машынай хутка, як ашалелы, — праз Пінск, Янаў, Любяшоў — дабраўся на Вулічаў хутар. Я звярнуў з дарогі на сцежку, на Вулічаў двор. Хата была замкнутая. Я сеў за стол пад грушай. Зямля вакол дрэва была ўсыпана счарнелымі гнілушкамі, жоўтым лісцем — і вакол пахла ціхай позняй восенню. У хляве замыкала цяля. Вогненна-чырвоны певень прыйшоў пад грушу, стаў, кінуў набок грэбень і паглядзеў на мяне...

Я выйшаў з двара на дарожку праз лес. Дрэвы, кусты, паніклая долу жоўтая трава былі ціхія. Восень задумалася перад сваім вечарам. Але недзе далекавата, як у небе, натужна, з прыдыхам, раўлі маторы. Гэта мяне насцярожыла, бо штосьці падобнае я ўжо чуў. 3 лесу выйшаў да балота, і тут наляцеў вецер — з пахам тарфяніку, застоенай балотнай вады, прэлага альховага лісця. Вецер наблізіў роў матораў, бо наляцеў ён адтуль, з таго боку..

Там, дзесьці над нябачнай Гарой, стаяў высока чорны пыл — як чорнае воблака, і там раўлі маторы. У Вулічавым будане я крыху перавёў дых. Сядзеўна абярэмку сена, і прадчуванне нядобрага халадзіла мяне. Каму я цяпер там, на Гары, скажу тыя словы, якія трымаў у душы ўжо столькі часу? Гэтыя словы: «Аксана, паедзем да мяне».

Маю сцежку перарвала свежая канава. Праз яе хтосьці паклаў жэрдкі, і я ступіў на іх, прайшоў, раскінуўшы рукі, на той бок, выскачыў на топкае тарфянішча. Перад Гарой — града ссунутага балота з перавернутымі на ёй і па баках, карэннем уверх, кустамі і дрэўцамі...