Выбрать главу

Я сышоў з ганка, азірнуўся: сабачка, пераваліўшыся з прыступкі на прыступку, торкнуўся пыскай мне ў калашыну.

Шчаня, падумаў я, не паспела яшчэ здаволіцца ласкай маткі-сучкі, таму й горнецца да ўсяго жывога.

Калі я зрабіў крок, асцярожна, каб не наступіць яму на лапку, сабачка завішчаў так прарэзліва, што ажно варона ў паветры махнулася ўбок і ўверх, і я пачуў, як ён халодным носікам тыцнуўся мне ў скуру пад калашынай. Я стаяў нерухома. Ён апусціў мордачку, прыціснуў да цэментаванай дарожкі і знізу ўдумна глядзеў мне ў вочы. I тады я сказаў яму:

— Хто ж цябе, малое, падкінуў сюды? Ты ж сам не мог пакінуць сваю будку і свой двор. I матка твая цябе не праганяла. Нехта ж узяў цябе з будкі, запіхнуў у торбу, павесіў торбу на рулю ровара і вывез у людзі як лішняга ў тым двары. Так было, га? Та-ак, малое. Ну, што ж, пайшлі разам.

Рэчка была блізка, адразу за гасцініцай, і вуліца Маркса выходзіла проста на яе. Адно што вуліца не да самага берага, не да самага моста была заасфальтаваная, далей ішла гравійка. Мост і гасцініца былі новыя, мост — жалезабетонны, а гасцініца — мураваная і пабеленая, і дзверы яе, калі зачыняліся, грукалі так, што чутно было, мусіць, і на тым, дальнім, канцы вуліцы, што ўпіралася ў глухую і высокую сцяну Дома Саветаў. Вось і цяпер гасцінічныя дзверы грукнулі, і рэха таго стуку-груку адбілася ад сцяны Дома Саветаў, пранеслася ўгары нада мной і сабачкам у «наш» канец вуліцы Маркса, патанулаў тарфяніках за рэчкай. Але ж і там, на ганку Дома Саветаў, дзверы таксама грукнулі, ды так грукнулі, што рэха адтуль панеслася кудысьці над горадам — высока за аблокі.

Шчаня ззаду вуркатнула нясмела, потым пагрозліва. Я азірнуўся: сабачка крыху адстаў ад мяне і прыпаў мордачкай да асфальту і ўвесь напружыўся. Значыць, там у яго нешта сур'ёзнае. Я вярнуўся да яго і ўбачыў: з травы, ад краю дарогі, напялася на ножках, гатовая вось-вось скокнуць, лупатая, тоўстая жаба. Яны ўпарта глядзелі адно аднаму ў вочы, сабачка і жаба. Ён яшчэ раз вуркатнуў, яна надзьмула шчокі, і я схіліўся над імі. Жаба разявіла рот, сабачка адпіхнуўся пярэднімі лапамі назад і з надзеяй глянуў на мяне знізу, але я зноў выпрастаўся. Шчаня ўбачыла маю ненадзейнасць і папаўзло задам на асфальт, жаба яшчэ больш надзьмула шчокі, павярнулася і скокнула ў траву. Я павабіў сабачку ісці далей, але той не зварухнуўся з месца — пакрыўдзіўся. На мост уз’ехала і набліжалася да нас легкавушка. Я схапіў яго за шкірку, увапхнуў у сумку там ён сціх — мабыць, адчуў, што, нарэшце, у бяспецы, што ніхто ўжо яму там, у сумцы, не пагражае: ні жаба, ні машына, ні чалавек,

Я прайшоў па мосце, з’ехаў нагамі па сыпучым пяску з абочыны дарогі на ўтравелы бераг рэчкі, спыніўся ля высокага каменя-валуна. Тут ля берага цвёрдае дно — можна стаць і абліць сябе вадой з далоняў. Асцярожна, каб яшчэ чым не пакрыўдзіць, каб не ўдарыўся балюча, я перакуліў сумку — шчаня ўпала на спіну, заплюшчыла вочы, бо ў іх біла сонца; я паказытаў яму жывот, шчанюку стала добра і ад сонца, і казытання, і ён задраў угору ўсе чатыры лапы. Я распрануўся, узяў яго на рукі, сышоў у рэчку, акунуў яго з галавой у ваду, ён затрымцеў ад такой нечаканасці і, мабыць, ад першага ў сваім шчанячым жыцці знаёмства з вялікай вадой, захлынуўся, чмыхнуў падумаў і яшчэ чмыхнуў.

   —  Не, — сказаў я сабачку, — гэта не ўсё.

Узяў з берага мыла і добра-такі памыў немаўля. Але яно аказалася не такім ужо й бездапаможным: калі мыла зайшло яму ў вочы, сабачка так гаўкнуў на мяне, намерыўшыся нават укусіць за палец. Я спаласнуў яму вочы, і ён супакоіўся, лізнуў мне руку. Ага, а я ж дасюль не ведаю, хто ты: сабачка ці сучачка? Паглядзеў: ён. «Добра, хлопец, лезь на бераг». Я дапамог яму, даланёю пад хвост, ускараскацца з-пад навіслага над вадою беражка наверх, на траву. Ён шырока расставіў лапы, атросся ад вады, потым сеў і ўсё глядзеў, што я раблю: як мыюся, як плыву, як вынырваю. А калі я на беразе стаў махаць рукамі й нагамі, каб сагрэцца (а вада ж цякучая летняй раніцой золкая), сабачка здзіўлена завішчаў і мячыкам пайшоў скакаць вакол мяне. Босымі нагамі я чуў што трава яшчэ росная, халодная; апрануўся, абуўся, сеў на камені, дастаў з сумкі газету «Літаратура і мастацтва», разгарнуў яе там, дзе ажно на дзве старонкі стаяў загаловак з вялізных літараў. Сабачка забаўляўся — схаваўся пад газету і знізу драпаў яе кіпцюрамі.