Выбрать главу

Паэт падняўся з травы, сцепануўся, пазяхнуў, спусціўся з берага, глытнуў вады, чмыхнуў, узняў галаву і раптам завыў, як ваўчаня.

   —  Пацярпі. Сталоўка адчыняецца ў восем, яна блізка. Давай пройдземся берагам.

Я ўжо заўважыў што Паэт мой — сабака непаслухмяны. Паказаў яму пальцам, каб бег уперадзе, а ён валюхаўся ззаду — як я, паэт з маленькай літары, апошнія гады таптаўся ззаду грамадства з пяццю-шасцю самотнымі верлібрамі.

Я наступіў на нейкую даўнюю, патрэсканую костку, узяў яе, паказаў сабачку і кінуў у перад:

   —  Паэт, на!

Паэт пабег за косткай, схапіў яе зубамі і, радасна віхляючы хвастом, кінуўся назад да мяне, паклаў костку ля маёй нагі, прыпаў мордачкай да зямлі і вернападдана глядзеў мне ў вочы. Тады я шпурнуў костку ў раку. На маё здзіўленне, Паэт скокнуў з берага ў ваду і паплыў, весела фыркаючы, да таго месца, куды ўпала костка, спыніўся, азірнуўся, пакрыўджана заскуголіў і паплыў назад да берага, выскачыў на траву, падбег да мяне і схапіў зубамі калашыну маіх штаноў, злосна вуркатнуў. Я адпіхнуў яго ўбок. Паэт перакуліўся, сеў на заднія лапы і радасна гаўкнуў — мусіць, падумаў, што я з ім гуляю. Але я пагрозліва паківаў яму пальцам і паказаў на месца, ззаду за сабой. Паэт зразумеў, і калі, ідучы далей берагам, я азірнуўся, — убачыў: ён паціху, стомлены гэткай цяжкой для яго ўзросту нечаканай ранішняй муштрай, валюхаецца за мной. Я прыпыніўся.

   —  Паэт, падыдзі да былога паэта. Працягнуў да яго руку, Паэт лізнуў яе.

   —  Далей не пойдзем. Далей рэчка стала канавай, бачыш — зусім прамой, смярдзючай — з таго боку ў яе сцякае раўчук з усякімі брыдотамі з двара спіртзавода. Добра табе. Падрасцеш — ні піць, ні курыць не будзеш. А мы, чалавекі, у гэтым жыцці ўсякае атруты

зведаем. Так нам трэба — грэшныя мы. А завошта прырода — трава, дрэва, вада — пакутуе? Завошта чалавек здзекуецца з яе? Тысячу разоў грэшны... Хадзем адсюль. Хадзем назад.

Паэт бег паперадзе мяне, да нашага каменя. Дыхнуў збоку свежы ветрык, кінуў сабаку пад ногі нейкую паперчыну: ён схапі ўяе зубамі, вярнуўся да мяне, паклаў паперчыну на траву. Я ўгледзеўся: гэта быў аркуш са школьнай хрэстаматыі — з вершам Петруся Броўкі «Пахне чабор».

Мы селі — я на камень, сабака побач. Я перакуліў яго на спіну, паказытаў жывот, Паэт задраў лапы ўверх і шчасліва глядзеў у неба.

   —  Паэт!

   —  Гаў!

   —  Устань!

Сабака падняўся.

—Глядзі, — я паказаў рукой за раку, за мост. — Перад намі вуліца Карла Маркса. Глядзі: у канцы вуліцы, упоперак яе — чатырохпавярховы гмах, гэта Дом Саветаў. Нам з табой сёння трэба туды. Там сёння вырашыцца мой далейшы лёс.

   —  Гаў-гаў!

   —  Маўчы, Паэт, і слухай. У нас з табой да прыёму яшчэ даволі часу, і мы зойдзем у тры хаты. Першая — адразу за гасцініцай. У ёй жылі дзядзька Антон і цётка Люба. Цяпер яны дзед і баба. Калі жывуць... Не ведаю... Прайшло дваццаць тры гады, як мы з’ехалі ў іншы раён, і я сюды болей не прыязджаў... Дык от — не ведаю, што яно і як у гэтай хаце і ў іншых хатах...

Паэт падпоўз да маіх ног, схіліў галаву набок і слухаў.

   —  Двор дзядзькі Антона... Чырвоная дашчаная агароджа, у двары — старая яблыня, пад ёй — невялічкая альтанка. За ёй — калодзеж з адзіным на ўсю вуліцу жураўлём. А пад сценамі, пад агароджай — буйналістае лапушынне. Кожнай раніцы вясной, летам і восенню да халадоў дзядзька Антон выходзіў з акардэонам у двор ды іграў мелодыі вядомых песень... Музыку чулі па ўсёй,вуліцы. Мы, ужо ладныя хлопцы, схілялі галовы на чырвоную Антонаву агароджу і слухалі, а я дык іншы раз ішоў да дзядзькі ў двор, садзіўся побач з ім, браў у рукі барабан — маленькі, з жоўтай ільсністай скуры з бомамі і меднымі круглымі бляшкамі. I барабаніў, чырванеючы ад заўсёднай сваёй сарамлівасці перад хлопцамі: што вось я ўмею барабаніць, ды так, што дзядзька Антон ажно падміргвае мне. Ён схіляўся вухам да меха акардэона, прытопваў нагой пад музыку і ціха ўсміхаўся. 3 коміна ішоў дым: цётка Люба варыла свінням і цяляці. 3 хаты праз насцеж адчыненыя дзверы пахла смажанай цыбуляй і скваркай, весела вішчала патэльня — пякліся дранікі ці аржаныя блінцы. Вялікія блакітныя вочы выглядвалі з ганка. Цётка Люба сыходзіла ў двор з місаю ў руцэ, ішла да агароджы і частавала хлопцаў а дзядзьку і мне давала па чарцы вішнёвае настойкі. Пітво салодкае, але мы з дзядзькам, як заведзена ў мужыкоў, кракталі, выціралі рукавамі губы, закусвалі дранікам ці блінцом і — зноў пайшло; дзядзька йграў, я барабаніў. «Ну, Толя, усё, — казаў дзядзька і апошні раз сціскаў мех акардэона, — Трэба й за справу брацца». Мы адыходзілі ад агароджы, я азіраўся на двор: дзядзька тэпаў з сенцаў ужо з сякераю...