Паэт, здаецца, заснуў. Але — не: калі я злёгку піхнуў яго нагою, ён адразу расплюшчыў вочы — значыць, слухаў уважліва.
— Дык от, той акардэон... А чаму сёння я не чую яго? Няўжо?.. Няўжо дзядзька Антон?.. Ой, не! Ой, неба ўпала на мяне! Добрае, чыстае неба! Чуеш, сабака? Чуеш музыку? Гэта той акардэон! Гэта дзядзька Антон!
3 двара дзядзькі Антона вылілася й пацякла па вуліцы Карла Маркса мелодыя песні «Широка страна моя родная»...
— Гаў-гаў!
— Маўчы, Паэт. Такая мелодыя!.. Маўчы, сабака!
I я расказаў Паэту-шчанюку гісторыю дзядзькавага акардэона.
...Лета 1938 года. Малады Антон з бацькам скасілі свой лужок за рэчкай ля Азярца. Антон прывязаў да ровара клуначак з хлебам, салам і цыбуляй, разагнаўся з двара на вуліцу праз расчыненыя вароты, адштурхнуўся ад зямлі, закінуў нагу цераз сядло і выехаў з вёскі на гасцінец — на Дубітава, на Косаў, на Ражану, Беласток — і паехаў проста ў Еўропу; руля — канцамі ўперад, як рогі ў барана. У Варшаве на злотыя, што збіраў тры гады, купіў акардэон. На рынку ў Старыя Мясце. Выехаў з Варшавы на беластоцкі тракт-брукаванку, збочыў з дарогі, паставіў ровар пад старой вярбой, з’еў хлеба з салам, развязаў мяшок, дастаў акардэон — з бардовым мехам, з беленькімі бліскучымі клавішамі, і толькі ўзяў першыя акорды роднай азярцоўскай песні (а вучыў Антона йграць на старым, ужо даволі дзіравым акардэончыку бацька — выменяў на кілбасу ў германцаў, што йшлі вайною на Расію і спыніліся ў Косаве), — так, толькі ўзяў першыя акорды роднай песні, як на бруку, проста перад ім, спынілася чорная легкавушка і з яе вылезлі два паліцыянты. I тады Антон расцягнуў мех акардэона на ўсю шырыню і зайграў «Ешчэ Польска не згінела», паліцыянты сталі на месцы, як укапаныя. Калі Антон скончыў іграць, яны сышлі з дарогі пад вярбу, селі на траву, Антон адразу ж пачаставаў іх хлебам-салам з цыбуляй, тыя ахвотна падсілкаваліся, сказалі «дзенькуе», пайшлі да машыны і паехалі ў бок Беластока, а Антон усё-такі падняў у польскае неба родную песню. Ужо добра звечарэла, калі ён угледзеў у баку ад дарогі стажок і хацеў ужо збочыць да яго, каб пераначаваць, а тут раптам з-за павароту яго асляпілі фары машыны. Яна спынілася перад роварам, і з яе зноў выйшлі два паліцыянты, падышлі ўшчыльную да хлопца і запатрабавалі паказаць ім дакуманты. Гэта былі тыя самыя паліцыянты. Антон паказаў дакуманты. Адзін з паліцыянтаў сказаў, што дакумантаў не хапае, другі даў Антону па шыі, яны селі ў машыну і як нічога і не было паехалі, а Антон павёў ровар з дарогі да стажка. Усё-ткі польскае сена пахне не гэтак смачна, як беларускае, азярцоўскае, — падумалася ноччу ў стажку, дый калолася сена ў шыю балюча.
У Гайнаўцы пад Беластокам Антон іграў местачковым беларусам — у канцы вуліцы на зялёным выгане, на беразе вузенькай чыстай рачулкі — полечку-трасуху, «Лявоніху», «Мяцеліцу» і абэрак. Але і тут атрымаў па шыі ад паліцыянта. Сеў на ровар і — хутчэй дахаты, праз Ціхаволю, Ражану, Косаў...
Восенню Антон пабраўся з суседкай Любай, белакосай прыгажуняй. Бацька перад сватаннем сказаў яму: «Хопіць дзерці штаны аб плот па начах, гарод у суседа ўвесь стаптаў». У верасні трыццаць дзевятага азярцоўскай вуліцай прайшла запыленая Чырвоная кавалерыя, дзіравыя абмоткі матляліся па бакаху коней. Двое коннікаў спешыліся ля новай Антонавай хаты ў канцы вуліцы, зайшлі, павіталіся, папрасілі вады, а Люба дала ім малака. «Спасибо, — сказалі яны, і тут адзін з іх угледзеў акардэон: — Подарите нам аккордеон!» — «Не, -—сказаў Антон. — Дужа цяжка дастаўся ён мне». — «Ну, как же так? Мы ваши братья, мы ваши освободители». — «Не, хлопцы, не дам».
— «Ну, так мы сами возьмём как подарок». — «Не!..» Яны ўзялі акардэон і пайшлі з хаты. На ганку Антон учапіўся за акардэон. «Родной брат» даў Антону па шыі, але ён не выпускаў акардэон са сваіх учэпістых рук і разам з ім упаў з ганка на зямлю. Люба выбегла з хаты ў двор, з двара на вуліцу і залямантавала. Кавалерысты пабеглі з двара да сваіх коней. Яшчэ два дні йшлі праз вёску чырвоныя. Антон намерыўся быў схаваць акардэон, але перадумаў — выходзіў на вуліцу, сядаў на лаўку пад вішняй і йграў «Інтэрнацыянал» — чырвоныя бадзёра падскоквалі на сёдлах, казыралі Антону. У час вайны Антон, каб болей не рызыкаваць акардэонам, аблажыў яго маладой сухой саломай, абгарнуў у некалькі столак радном ды брызентам і закапаў у сухой клуні. Антона забралі служыць у паліцыі, але ён праз тыдзень, разам з Любай і нямецкай вінтоўкай, уцёк у партызаны, у слонімскія лясы. Калі я пытаўся ў дзядзькі Антона, чаму ён уцёк з паліцыі, ён адказваў: «Зразумеў, што немцы і паліцаі па шыі не даюць, а расстрэльваюць і вешаюць». Малых сына і дачку аддалі сваякам у Быцень, але сюды, у мястэчка, неўзабаве прыйшла і Люба, бо зацяжарала. Пасля вайны Антон перацягнуў хату з Азярца ў гарадок. Чацвёрты раз па шыі Антон атрымаў у КДБ — за тое, што тыдзень праслужыў у паліцыі. Дзядзька Антон шмат гадоў працаваў загадчыкам гаспадаркі сярэдняй школы. Вуліца разраслася, ёй далі імя Карла Маркса. На школьных вечарах Антон Іванавіч іграў дзецям на акардэоне польга, вальсы, танга, факстроты, а то, бывала, і сам ляцеў па зале ў вальсе пад патэфон ці спаважна — у ботах бліскучых, чорных галіфэ і кіцелі — ішоў у паланезе з маладзенькай настаўніцай Сабінай Францаўнай — за гэта дзядзька Антон аднойчы атрымаў пяты і апошні раз у сваім жыцці па шыі — ад цёткі Любы, але ўдар той быў слабы, бо даланя жончына мяккая, цёплая... Дзядзька Антон, мусіць, даўно ўжо на пеней... Ну, што, Паэт, пойдзем у двор да дзядзькі Антона і цёткі Любы — адтуль ужо чуецца голас акардэона... Э-э, Паэт, ды ты, бачу, спіш. Ах і сабака ж ты! Ну, добра, спі. Э-э, пастой, пастой — у мяне ж кілбасы яшчэ крыху ёсць.