Я дастаў кілбасу, палажыў яе ля Паэтавай пашчы, сабака адразу яе ўнюхаў, расплюшчыў вочы, схапіў кілбасу і пабег падалей ад каменя, лёг на жывот ля палыновага кусціка, узяў кілбасу ў лапы і кусаў яе маладымі зубамі, потым перавярнуўся на спіну, склаўлапы на жываце і, здаецца, зноў заснуў. Мусіць, ладна аслабеў за дні бадзяжніцтва. Ну, добра, спі, Паэт. А я ўспомню, сам з сабою пагавару — пра яшчэ дзве хаты па вуліцы Маркса.
У адной з іх, за сотню метраў ад Антонавай, жыў мой школьны сябра Юра. Ён некалі хацеў дапамагчы мне хутчэй стаць мужчынам — дужым целам і духам.
У другой хаце, за метраў дзвесце ад Юравай, жыла мая і Юрава аднакласніца Тамара. Гэта яна некалі хацела дапамагчы мне толькі ў адным: каб заўсёды быў сумленным — перад людзьмі, а найперш — перад самім сабой.
Таварыш Кухараў, ты, вядома, помніш: у апошні дзень вучобы ў дзевятым класе ты зайшоў у кабінет гісторыі і геаграфіі на другім паверсе, знайшоў на сцяне адміністрацыйную карту БССР з часткай Чарнігаўскай вобласці Украіны, адшчапіў зашчапкі ў акне, адарваў ад карты вузенькія драўляныя рэечкі, склаў карту ў некалькі столак і кінуў яе праз акно ў бэзавы зараснік пад сцяной школы; звінеў на калідоры званок з апошняга ўрока, ты зачыніў за сабой дзверы кабінета і адчуў, што ні кроку больш ступіць не зможаш, прыхінуўся спінай да сцяны — спіна дрыжэла, ты чуў, як па скуры цячэ халодны пот. Міма, у кабінет, прайшла наша добрая, старэнькая настаўніца Ірына Віктараўна, яна ласкава зірнула мне ў вочы, ціха сказала: «Віншую, Толя. Ты ўжо дзесяцікласнік. — Адчыняючы дзверы кабінета, яшчэ ласкава паўтарыла: — Віншую, дарагі хлопчык».
Ты кінуўся ўніз з другога паверха, выбег на школьны двор, пераскочыў праз невысокую агароджу ў агародчык, за вуглом школы ўбіўся з лёту ў бэзавы зараснік, але... Але перад табой стаяў Юра. Стаяў, маўчаў і сурова глядзеў у твае разгубленыя і вільготныя вочы. Клятчатая кашуля яго на грудзях была адтапыраная — там ён схаваў карту. Ён быў ніжэйшы ад цябе ростам, але крэпкаплечы, з мужчынскімі кулакамі і квадратнай сківіцай. Глядзеў на мяне спадылба, сказаў рашучым шэптам: «Толя, чаго ты сюды?.. Усё! Вечарам да мяне». Ён пераляцеў з кустоў праз агароджу на вуліцу. Ты ўскараскаўся на гэтую высакаватую агароджу, азірнуўся на вуліцу: тратуарам ішла Ірына Віктараўна. Ты скочыў назад, сцішыўся за агароджай і ведаў: парваў аб цвік белую святочную кашулю... Вечарам ты ўпотайкі ад бацькоў і сястры пакінуў свой дом, у садзе закінуў за спіну зладкаваны загадзя ранец — нямецкі, рудой цялячай поўсцю наверх, — у ім былі: паўбуханкі хлеба, з кілаграм жоўтага сала і дакумент — камсамольскі білет. Юра дома ўкраў (ці можна так казаць у той нашай сітуацыі?) з паўпуда мукі, прадаў яе некаму — каб былі ў нас хоць якія грошы. Ноччу вы дасталі з кішэняў штаноў па ладнаму каменю, падышлі да Тамарынай хаты. Вакол было ціха і цёмна, і таму трэск шыфернага даху пад ударамі камянёў гулка раздаўся над хатай, над вуліцай, а вы беглі, беглі і беглі ад таго трэску-грому, ад бразгату расчыненых дзвярэй той хаты, ад уключанага на ганку святла, ад грознага баса брата: «...в-ва-шу м-маць!» — беглі ад брэху сабаку дварах па ўсёй вуліцы, беглі на ўскраіну гарадка — да вузкакалейкі. Там на світанні залезлі на пустую платформу, і паравозік паціху, спакойна павёз вас праз Палессе ў Целяханы, там вы саскочылі з платформы і, ужо амаль апоўдні, ступілі на пінскую гравійку. Перад вамі вялікая дарога: пяшком і спадарожнымі машынамі да Пінска — адтуль цягніком да Лунінца — і далей — праз Сарны — у Чарнігаўскую вобласць, да Юравай цёткі... За Целяханамі вы выйшлі на драўляны мост праз Агінскі канал. Разгарнулі карту: канал вядзе на Ясельду. Рашылі: гэта вельмі цікава. Паелі хлеба з салам, запілі вадой з канала, а яе, вады той, — вузенькі, з пояс, раўчучок, затое яна празрыстая і смачная, бо цячэ між густой зялёнай травы і кветак белых, жоўтых, ружовых, і яны пахнуць мёдам. Берагам канала вяла вас белая, цвёрдая сцежка, і вы запіхнулі чаравікі ў ранец. Праз які кіламетр пачаўся густы забалочаны лес — высокія чорныя вольхі, елкі, бярозы, ля самай сцежкі кусты малін і ажын — з ягадамі буйнымі, чырвонымі і чорнымі. I пачалася вада ў канале, глыбокая і шырокая. Ля берага стаяла лодка, у ёй — мокрае вясло. Вы скокнулі ў лодку, адштурхнуліся ад берага, паплылі, а ззаду нехта крычаў: «...ну-у, су-кі!» Нехта бег за вамі, вы выскачылі з лодкі на бераг і пабеглі крэпкімі маладымі нагамі па сцежцы, крычаць ззаду перасталі... Ты рабіў тады ўсё, што рабіў Юра, ён ва ўсім быў вядучым. Ты збіў пальцы ног да крыві, Юра — не, бо ў яго скура на нагах была быццам свінячая, і ён табе сказаў: «Ступі ў балота, вымажы ногі гразёю», — ты стаяў на месцы, тады ён піхнуў цябе са сцежкі ў чорную гразь, потым вы пайшлі далей, гразь на нагах засохла, стала коркай, і пальцы не смылелі, і нагам было лёгка... Звечарэла, калі выйшлі на шырокую, у лузе, і сінюю Ясельду, за тым берагам ціха стаяла вёска, толькі недзе вуркатаў рухавічок кінаперасоўкі. Той бераг быў узгорысты — значыць, сухі, а гэты, ваш бераг, быў нізінны, упоравень з вадой, і тут начаваць не выпадала. Вы распрануліся, звязалі адзежыны тонкім лазовым веццем, Юра ўзяў ранец за рэмень разам з адзежынай сваёй у левую руку, ступіў у раку, падняў левую руку з грузам над галавой, лёг правым бокам на ваду і, фыркаючы, паплыў праз раку. Ты ўвайшоў у ваду следам. Юра ўжо скакаў, чакаў на беразе, а ты раптам не здужаў, не змог — і рука з адзежынай упала ў ваду... Юра сказаў мне на беразе: «Збірай сухі чарот», — а сам пабег да гародаў і прывалок адтуль сухіх альховых калкоў, збегаў яшчэ раз — прывалок дзве тоўстыя жэрдкі, потым ён хутка расклаў вогнішча, іскры паляцелі ў цёмнае неба, мы грэліся ля вясёлага агню, і Юра сказаў: «Сушы сваю адзежыну...» На золку ён разбудзіў цябе: «Твае сухія штаны засталіся на тым беразе, плыві па штаны, але сушыць іх ужо не будзе калі, дый згарэла