ўсё». I ты пераплыў раку назад, узяў перавязаныя штаны ў левую руку, лёг правым бокам на ваду, а яна была цёплая, паплыў. Стараўся дыхаць роўна, правай рукой паболей зачэрпваць пад сябе вады, але рука левая пасярэдзіне ракі стала, як я ні тужыўся, апускацца — усё ніжэй і ніжэй. «Дрыгні левай рукой», — сказаў з берага Юра. Ты дрыгнуў рукой, штурхнуў яе ўгору, дыхнуў глыбока і сказаў сабе: даплыву. Так, ты тады перамог самога сябе, ты стаяў на беразе перад Юрам, трымаў у руцэ сухія штаны і радасна ўсміхнуўся Юравым палагаднелым вачам, але хутка Юра зрабіў свае вочы суровымі, сказаў: «Апранайся». Потым вы спяклі на вуголлі сала. Ах, і смачна ж паелі — як ніколі дома... У Пінску ноччу залезлі на задні вагон пасажырскага цягніка і, калі цягнік рушыў, вы ўчапіліся рукамі за нейкія металічныя цыліндры, прыніклі тварамі да вагоннага даху і разам з цягніком ляцелі, ляцелі... У Лунінцы з перона вам нехта грозна загадаў: «Злазьце!» — а вы ўжо й самі мерыліся злезці. Першым, між вагонаў, злазіў Юра. Яго ўжо нехта ўнізе трымаў за каўнер, чакаў цябе. Міліцыянер схапіў і цябе, і ў гэты момант Юра вырваўся з ягонай рукі і пабег па пероне ў цемру — з тваім ранцам на спіне. Цябе завялі ў міліцэйскую дзяжурку, дапыталі, пасадзілі на лаўку ў калідоры, а ля дзвярэй сядзеў міліцыянер, тоўсты, чырванашчокі, у ботах і сіняй форме, ногі працягнуў упоперак усяго вузкага калідора і спаў, і ты, нарэшце, падумаў: а што цяпер зрабіў бы Юра? I ты зрабіў: ціха-ціха пераступіў ногі міліцыянера, ціха адчыніў дзверы, ціха іх зачыніў і пайшоў далей ад вакзала, у скверыку залез пад лаўку. Потым цэлы дзень выглядаў з кустоў у скверыку, але ні на прывакзальнай плошчы, ні на пероне Юры не ўбачыў. А ноччу залез у таварняк — заехаў у Баранавічы, адтуль —да хаты, у свой гарадок... А Юра праз месяц вярнуўся — прынёс табе ранец, камсамольскі білет. Ён усёткі здолеў дабрацца да чарнігаўскай цёткі... Вы разам з ім прайшліся вуліцай, міма дома Тамары: на даху яе замест разбітага шыферу — новыя лісты. Вы стаялі на старым драўляным мосце, абаперліся локцямі на парэнчу, глядзелі ў ваду, там бачылі сябе, і Юра сказаў: «Кахаеш Тамару?» Ты зманіў: «Не!» Юра плюнуў у ваду і сказаў: «А я кахаю». I вы разышліся па сваіх хатах...