Выбрать главу

Я й не заўважыў, успамінаючы сваё, калі Паэт прыйшоў да каменя. Ён ціха сядзеў перада мной і глядзеў мне ў вочы. Мусіць, быў здзіўлены мною такім — маўклівым, з апушчанай галавой, са скрыжаванымі на грудзях рукамі, са слязой у вачах. Калі я падняў голаў, ён падпоўз на жываце да маёй нагі, лізнуў яе, зноў паглядзеў у вочы, потым пайшоў да берага, сеў там і глядзеў у ваду, а вада тая ціха цякла, цякла, цякла... Глядзі, Паэт, глядзі ў ваду і не вяртайся да каменя, таму што сёння я пакажу табе Тамарыну хату, а можа, і ў двор зойдзем, а цяпер пакуль што я ўспомню на камені і тое, тое... Таму ты не вяртайся да каменя, каб не бачыць маіх слёз...

...Тамара выйшла з-за сваёй, пярэдняй, парты, павярнулася тварам да класа і лёгка, светла ўсміхнулася. Усміхнулася яна і маладому настаўніку матэматыкі, маладому і нейкаму нягегламу. Ён стаіць ля стала, упарта глядзіць у журнал і не ўласцівым яму басам просіць запісаць на дошцы формулы сінуса, косінуса, тангенса і катангенса. Тамара крутанулася на месцы так хораша, што ажно яе паркалёвая, квятастая сукенка двойчы ахінула стрункія ногі — а ногі ў простых чорных чаравіках са шнуркамі, жоўтая доўгая каса са спіны цераз плячо ўпала на грудзі — на вострую, пад сукенкай, цыцачку, (Юра, я бачыў, адным вокам, лавіў спадылба гэты момант — палёт Тамарынай касы, ды й усе хлопцы, і я, таксама спадылба, зіркалі туды); яна брала крэйду і пісала на дошцы няспешна, упэўнена, акуратна. Паварочвалася да класа, зноў усміхалася ў бок аднаму настаўніку, а той, не адрываючы вачэй ад журнала, нават скоса не глянуўшы на дошку, казаў: «Пяць, Васільцава. Сядайце».

...Вечарам я йшоў нашай вуліцай — проста, каб прайсціся ля Тамарынай хаты, а перад хатай, у святле яе вокнаў, ціха стаялі ў агародчыку кусты вяргіняў — жоўтых, чырвоных, белых, пунсовых, понізу бялелі астры, бялелі па-восеньску самотна-вечарова, і тады плойма ясных зорак у небе здавалася мне вяснушкамі, якія нанач пакінулі Тамарын твар — навошта яны ёй ноччу?

...У школьным калідоры вісіць аб’ява: «После уроков состоится заседание комитета комсомола школы с повесткой дня...» Юра, самы здольны ў класе да вучобы, быў выкліканы на камітэт ужо не раз — з-за «двоек». Ён сказаў мне: «Атрымай «двойку» — патрапіш на камітэт, убачыш дзіўную Тамару». Мы сядзелі з ім за адной, задняй, партай, і ён бачыў, што я, як і ён, паглядваю на Тамарыну касу. Я атрымаў не тое што «двойку» — «адзінку» (хаця й вывучыў дома на памяць верш, але на ўроку, калі мяне настаўніца рускай літаратуры выклікала да дошкі, сказаў, што забыўся), і ў канцы ўрокаў Тамара строга сказала мне: «Сёння — на камітэт».

Я стаяў з апушчанай галавой перад сталом, пакрытым чырвонай тканінай. За сталом сядзеў камітэт, мудра падпёршы рукамі галовы. Пасярэдзіне стаяла Васільцава, упершыся кулачкамі ў стол, і казала: «Комсомолец Кухарев, как тебе не стыдно! Редко «тройку» получал. А тут — на тебе: «единица»! Позор всему классу! Какой позор! Видите: он опустил голову. Подними голову! Посмотри всем нам в глаза!»

Я падняў галаву, паглядзеў у Тамарыны суровыя, нават злыя, але такія прыгожыя сінія вочы — і мне стала смешна, і я ўсміхнуўся на ўвесь свой рот. Тамара не вытрымала і таксама ўсміхнулася. Потым села і сказала: «Ладно, комсомолец Кухарев, иди домой и впредь смотри...»

Юра чакаў мяне на школьным двары: «Ну, як?» — «А нічога, цікава». — «Яшчэ пойдзеш на камітэт?» — «Пагляджу». — «Ну, ты глядзі ў мяне». — Юра паказаў мне кулак.

...Мы ўсе ў класе плакалі тым сакавіцкім ранкам. Дырэктар школы прыйшла да нас на ўрок, села на крэсла, паклала далоні на журнал, на далоні апусціла сівавалосую галаву і зарыдала так, што трэслася яе галава, трэсліся плечы, тросся стол. На момант сціхла і, захлынаючыся, слязамі, прашаптала, не падымаючы галавы з далоняў: «Умер!..умер... Сталин». I зноў плакала, трэслася. Тут за пярэдняй партай, перад сталом настаўніцы, роспачна крыкнула Тамара — «Ой!» — і ўпала галавой на свае рукі, голасна заплакала. За Тамарай расплакаліся ўсе дзяўчаты. Хлопцы паапускалі галовы, выціснулі слязу. Тамара падышла да мяне на перапынку, сказала, каб я склаў верш на смерць Сталіна ў насценгазету. Я напісаў. На другі дзень школа чытала ў насценгазеце: «Мир слёз сдержать не может. Умер наш великий вождь. Сердца нам горе гложет. Слёзы льются, словно дождь».