Жанчыны ў двары сталі мыць, паласкаць. Я зірнуў на дах, шыфер на ім новенькі — бліскучы, чысты...
Дзеці вярнуліся і зноў, забыўшыся, прычапіліся да Паэта. I зноў шыракаклубая крыкнула:
— Я что вам сказала! Собака может быть заразной!
I што тут здарылася: Паэт як зразумеў, што яго ганяць, і кінуўся праз расчыненыя веснічкі ў двор Васільцавых, схапіў зубамі за халат жанчыны, пацягнуў на сябе, ірвануў. Я паклікаў:
— Паэт! Паэт!
Але той як не чуў мяне і ўсё скакаў вакол тоўстых ног, а жанчына цяжка махала нагамі на сабаку і яшчэ больш раз’юшвала яго.
— Уберите эту сволочь! — крыкнула яна мне праз вуліцу.
Я хуценька зайшоў у двор, злавіў Паэта за вуха, ён, як дзіця, заенчыў. Другая жанчына сцішана, спакойна сказала:
— Ой, што ж вы яго так...
А тая, мажная, вяла сваё:
— Еще и об землю его, об землю! Такую мразь...
I тут я аслупянеў: у гэтай жанчыны на твары, асабліва пад блакітнымі вачыма — вяснушкі, не — рабацінне, рабацінне на скуры рук, ног ніжэй халата, адно крысо якога разадранае Паэтам.
Я стаяў перад Тамарай, трымаў на руках сабаку, і мы ўсе маўчалі. Яна трымала ў руцэ мокрую кашулю, з якое падалі ў траву мыльныя кроплі, Васільцава ўважліва, хоць і збоку, паглядзела мне ў вочы і ўжо супакоена сказала:
— Сядьте на скамейку...
Я сеў і пасадзіў сабаку ля ног. Жанчыны выпаласкалі бялізну, выкруцілі яе. Тамара пайшла ў хату і вярнулася ў двор, села побач са мной, на каленях трымала разбухлы альбом у рудой, аксамітнай старой вокладцы.
— Не помню, кто, — сказала Васільцава, — но вы кто-то из моих бывших одноклассников. Сейчас...
Яна разгарнула альбом — і на вочы адразу трапіла вялікая фатаграфія нашага выпускнога дзесятага класа.
— Вот, это вы, — яна паказала пальцам на мой здымак — хлопчык з «боксам», каўнер белай кашулі паверх каўняра «футболкі». — Кухарев А. А. Имя забыла.
— Анатоль... Толя. А вы — Тамара. Наш камсамольскі сакратар. Вы мяне некалі за «адзінку» на камітэце...
Васільцава ўсміхнулася, усміхнулася вачыма так, як тады, даўно-даўно — гулліва і светла.
— Ах, мало ли кого я отчитывала в школе, в институте, и в райкоме, и в министерстве просвещения, и теперь вот снова в школе. Я директором в Минске... Ну, а ты — где и как?
Васільцава перайшла на ты. Я вельмі коратка сказаў пра сябе.
— А вот с Юрой, — сказала яна, — плохо. Совсем непутёвый оказался. Бывший диссидент, а теперь никто...
Я перавёў гутарку на зусім іншае:
— Помніш, Тамара, каменне па вашым даху?
— Помню, помню, Толя! А признайся — ты хотел меня провести? А может, и поцеловать?
Даўно ўжо ўсё тое было, як у тым стагоддзі, і я прызнаўся:
— Хацеў.
Тамара засмяялася, паклала мне руку на плячо:
— А надо было. Вот Юра однажды догнал меня вечером у дома, схватил за плечи и поцеловал, чёрт, да так, что у меня голова закружилась... Ах, была юность!.. А стихотворение твоё о Сталине потерялось...
Мой сабака гыркнуў ля нагі, я паківаў яму пальцам.
— Ну, что, бывший комсомолец Кухарев, прости — пойду развешивать бельё!
Яна загарнула альбом, кінула яго побач на лаўку, паднялася, пайшла да начовак.
Мы з Паэтам выйшлі на вуліцу, і тут я ўспомніў, што мы з Васільцавай нават не развіталіся.
А праз якую паўсотню метраў (ужо і Дом Саветаў блізка) — двухпавярховы, белацагляны будынак райаддзела міліцыі, і на яго высокім ганку стаяў той самы рыжавусы сяржант.
— Гражданін, — сказаў ён, — астанавіцеся.
Я прыпыніўся, Паэт гаўкнуў на міліцыянера, скокнуў у яго бок. Сяржант сышоў з ганка да мяне, Паэт памкнуўся схапіць яго зубамі за галіфэ, але той паспеў падчапіць Паэта ботам пад чэрава і адкінуць убок, сабака агрызнуўся, але канфлікт з міліцыяй вырашыў не працягваць, адбег да ліпы, зрабіў сваю справу, сеў пад дрэвам і назіраў за намі. Сяржант узяў мяне за руку вышэй локця.
— Гражданін, пройдземце ў аддзел.
Я сказаў:
— Няма калі, мне трэба ў райком.
— Нічаво. Скажаце — міліцыя задзяржала.
— Не, я гэтага не скажу.
— Пройдземце!
Я хацеў вырваць руку з яго ўчэпістых пальцаў, але мне гэта не ўдалося.
— Сапраціўленне аказваеце? Пройдземце!
Я спатыкнуўся аб верхнюю прыступку і, як ні трымаў мяне сяржант, ударыўся лбом аб шурпатую жалезабетонную калону. Сабака мой тут як тут, ён лізнуў мяне мокрым цёплым язычком у лоб і гаўкнуў на міліцыянера, памкнуўся зноў да яго калена, але перадумаў, адступіўся, я паказаў яму на дрэва, і ён пабег туды — маўляў, не буду ўскладняць сітуацыю.
Я прыклаў далонь да лба, паглядзеў: кроў.
— Дайце маю руку! — кажу міліцыянеру і тузануў рукою, другая — занятая сумкай. —Дастану насоўку з кішэні.