Выбрать главу

   —  Э, нет, гражданін. А вдруг там у вас нож?

   —  Няма нажа.

   —  А эта пасмотрым.

Ён увёў мяне ў калідор аддзела. Там, за бар’ерам, за сталом з тэлефонамі, сядзеў дзяжурны-міліцыянер.

   —  Вот, — сказаў «мой» сяржант, — болтаецца по уліцы ўзад-упярод, у сталовай з Юркай сашолся, дамой к няму хадзіл, оба шаталіся, пры задзяржанні аказаў супраціўленне, вот — упал, конечно — не трэзвый...

   —  Дакументы!

Я паказаў дакументы.

—Цэль прыезда ў наш горад?

Я сказаў.

   —  Вы пасматрыце! Учыцель! Вышшае абразаваніе! На работу ў рэдакцыю!

Міліцыянеры павялі мяне ў нейкі кабінет. Там рыжавусы даў мне дыхнуць у шклянку, панюхаў яе, сказаў:

   —  Сколька выпілі?

   —  Чарачку ў восем гадзін.

   —  3 самага вутра!..

Дзяжурны абшмыгаў усе мае кішэні, паставіў на стол маю сумку, дастаў з яе на стол усё: дзве газеты, ручнік, мыла, люстэрка, скарынку хлеба, брытву, свежую кашулю, шкарпэткі і — карабок з-пад запалак.

Дзяжурны склаў пратакол, даў мне прачытаць яго і падпісацца. Я адсунуў убок пратакол і сказаў:

   —  Падпісваць не буду. Тая чарачка гарэлкі даўно выйшла з галавы, супраціву не аказваў, Юра — мой школьны сябра, я дапамог яму зайсці дахаты. Усё. Вярніце мне дакументы. Мне трэба ў райком...

   —  Нам віднее, куда вам нада ілі, как вы гаварыце, трэба.

Рыжавусы ўзяў у рукі запалкавы карабок, адкрыў яго і ажно вылупіў вочы.

   —  Зубы? Чые зубы?

   —  Мае, — сказаў я.

Сяржант пайшоў з тым карабком некуды па калідоры, доўга яго не было, нарэшце вярнуўся.

   —  Пайдзёмце!

Ён вывеў мяне з калідора ў двор, там стаяў міліцэйскі «газік», адчыніў перада мной дзверцы, я сеў у машыну, рыжавусы за руль, і мы паехалі. Спынілася машына на ўскраіне горада, у двары паліклінікі.

Перад кабінетам з шыльдачкай «Стоматолог» стаяла, сядзела людская чарга, але міліцыянер са мной адразу ўвайшоў у кабінет. Сяржант падышоў да ўрача, нешта ціха сказаў яму, працягнуў карабок. Урач высыпаў на стол мае зубы, сказаў, каб я падышоў і адкрыў рот, паўглядаўся ў мае дзясны, у зубы, пералічыў іх, яшчэ паўглядаўся ў дзёсны і сказаў міліцыянеру:

   —  Его зубы.

Вярнуліся ў аддзяленне. Дзяжурны зрабіў вопіс «маёмасці» (у тым ліку — «спичечная коробка с зубами»), сумку маю паставіў у куток, узяў у шуфлядзе стала звязку ключоў і некуды павёў мяне — у канец калідора, потым — па прыступках уніз, у цемнаваты, сыры падвал, падвёў да жалезных дзвярэй з доўгай і тоўстай жалезнай клямкай і «вочкам», адамкнуў цяжкі замок, адчыніў дзверы і злёгку папіхнуў мяне ў спіну. Я апынуўся ў змрочным памяшканні, дзверы за мной бразнулі, замкнуліся, а я ўсё стаяў, пакуль не згледзеў уверсе, пад столлю закратаванае акенца. Калі вочы асвойталіся са змрокам, я ўбачыў: уздоўж доўгай сцяны — дашчаны «ляжак», пад самай сцяной — наўскос прыбітая дошка-«падушка», і нешта ў кутку варушыцца. Тры чалавекі, скурчыўшыся, нацягнуўшы на галовы каўняры адзежы, драмалі насупраць. 3 другога кутка цягнула смуродам, гэты смурод ішоў ад « парашы ». .

Та-ак, вось ты і ў камеры, як некалі тыя балыяавікі. Эх-эх, грамадзянін Кухараў, да чаго дажыўся!.. I сумна стала мне, і смешна. Я сеў на дошкі. Сыра, халаднавата — падлога ж бетонная.

Адзін з тых, траіх, падняў галаву, сеў, паглядзеў на мяне (быў я ў касцюме і пры гальштуку), выдаў на ўсю камеру гук, пстрыкнуў скрозь зубы слінай на падлогу, прахрыпеў:

   —  ....А, б..., і ты папаўся!

Селі ў кутку і астатнія двое — усе яны з нейкімі чорнымі, зарослымі шчаціннем тварамі, з ускудлачанымі, як даўно нечасанымі валасамі на галовах.

   —  Хадзі сюды, б...! — сказаў адзін з іх.

Я маўчаў. Тады той, хрыпаты, падняўся і, расшпільваючы прарэх, прайшоў міма мяне да парашы...

   —  Курыва забралі?

   —  Не было, хлопцы, курыва.

Гаварыў я спакойна. Можа, палагаднелі й яны, бо той, хрыпаты, спытаў:

   —  За што ўзялі?

Я не адказаў, і яны — не, не палагаднелі:

   —  Маўчыш культурна, б...?

Я падняўся з дошак, падышоў да дзвярэй, ціха пастукаў пальцамі ў бляху.

   —  Не бойся. Мы мірныя бамжы...

Я прыслухаўся — крокаў у калідоры не чуваць.

   —  Грымець, грымець трэба! — кажа бомж. — Дзяжурны далёка. Што? Прасіцца будзеш? Не-э, б..., не туды папаў, каб прасіцца.

I я грымнуў кулаком у дзверы і яшчэ раз грымнуў. Паслухаў: у калідоры ціха.

   —  Галавой, б..!

Я грымнуў зноў кулаком па жалезе. Недзе далёка ў калідоры бразнулі дзверы, пачуліся няспешныя, цяжкія крокі. 3 таго боку «маіх» дзвярэй сціхла, потым там бразнула ў замку, дзверы адчыніліся — перада мной стаяў маладзенькі міліцыянер — мусіць, новы дзяжурны, у яго былі шырокія плечы і кароткая крэпкая, як у быка, шыя.