Выбрать главу

   —  Выходите, — сказаў ён спакойна.

Я выйшаў у калідор. Ён зачыніў дзверы камеры.

   —  Ни разу не имел дела с учителями, журналистами, — усё гэтак жа спакойна сказаў ён і раптам, без размаху, ударыў мяне кулаком у жывот. Я скурчыўся, схапіўся рукамі за жывот, але не ўпаў. Ён ударыў мяне яшчэ раз — па схіленай шыі, і я зваліўся на падлогу. I ён яшчэ ўдарыў — нагою ў бок.

   —  Што ж вы, няго!.. — я хацеў сказаць «нягоднік», але не сказаў. — Што ж вы робіце! — гэта я казаў знізу, з падлогі — яму, туды, уверх. — Што ж вы робіце!..

Я хацеў падняцца з падлогі, падняцца і — ад душы ўдарыць яго па чырвонай, укормленай мордзе. Я ўпёрся рукамі ў дошку падлогі, але падняцца не здужаў: гэтак балела ў жываце. Міліцыянер узяў мяне пад пахі, прыўзняў, і тады я стаў на ногі. I тут здарылася неверагоднае: праз прыадчыненыя дзверы дзяжуркі праціснуўся мой сабака! Ён падбег да міліцыянера ззаду, той не бачыў яго. Паэт учапіўся зубамі ў міліцэйскія штаны, напяўся, тузануўся, і штаны трэснулі. Мне нават стала смешна: такія моцныя штаны — а трэснулі. Але смешна мне стала толькі на нейкі момант і толькі ў душы — я не мог усміхнуцца, мне ўсё балела.

   —  Во гад! — крыкнуў міліцыянер.

Ён развярнуўся, схапіў Паэта рукамі за глотку, сціснуў, падняў сабаку высока над сабой і — з размаху ўдарыў ім па падлозе. Паэт ціха піскнуў, торгнуўся цельцам, выпрастаўся, сціх — на падлозе, паміж мной і міліцыянерам.

Я глянуў міліцыянеру ў вочы і сказаў:

   —  Што ж вы робіце...

Ён спакойна адказаў:

   —  Будете знать, как нарушать общественный порядок. Идите в камеру. — Ён адчыніў прада мной жалезныя дзверы.

   —  Я вазьму з сабой майго сабаку.

Міліцыянер павысіў голас:

   —  Идите в камеру!

I штурхнуў мяне рукамі і нагой за дзверы, у камеру, бразнуў з таго боку замком.

   —  Ну, што, б... пад галстукам? Яны б’юць так — без знакаў, умеюць...Ладна, ідзі да нас, пагладзім, пашкадуем...

Я сеў на дошкі, сашчапіў далонямі скроні: біліся, біліся там, у скронях, здавалася, ужо й не маіх скронях, — біліся жылкі...

Праз якое паўгадзіны адчыніліся дзверы камеры, і той жа міліцыянер паказаў мне пальцам: за мной. Я выйшаў у калідор, сабакі майго нідзе тут не было.

У дзяжурцы міліцыянер паказаў мне на крэсла — каб я сеў, падсунуў да мяне пратакол, даў ручку, сказаў:

   —  Подпишитесь.

Я адразу і легка падпісаўся: можа, падумаў я, на гэтым усё скончыцца, скончыцца гэтае пекла, і — абы хутчэй выйсці адсюль на вуліцу, на паветра... на вуліцу, на паветра, на волю...

Міліцыянер узяў пратакол, сказаў мне ісці за ім. Мы падняліся на другі паверх, прайшлі міма некалькіх кабінетаў, спыніліся ля дзвярэй са шкляной шыльдачкай «Начальник...»; міліцыянер паправіў на сабе фуражку, кіцель, штаны на ім былі другія, пастукаўся ў дзверы, прапусціў мяне ўперад, і мы ўвайшлі ў кабінет. Начальнікам быў даволі малады маёр, ён сядзеў за шырокім сталом, на якім стаяла некалькі тэлефонаў з кімсьці гаварыў па адным з іх, а другі прыціскаў плячом да вуха. Мы з міліцыянерам стаялі перад ім. Начальнік спадылба кінуў на нас позірк, сказаў у адзін з тэлефонаў:

   —  Поговорю в райкоме.

Потым адразу паклаў на апараты абедзве трубкі, утаропіўся вачыма спачатку ў мяне, потым у міліцыянера — маўляў, што? Міліцыянер падаў яму пратакол. Начальнік прабег вачыма, падпісаў нейкую паперчыну, сказаў:

   —  Штраф — десять рублей... И как вы до такой жизни дошли? Учитель. Журналист... Со всякой мразью пьете. Как вы дошли?

Я стаяў перад ім спакойна, стараўся трымацца як мага годна, глядзеў на яго адкрыта, цвёрда і сказаў:

   —  Нікуды я не дайшоў, таварыш начальнік...

   —  Гражданін начальнік, — паправіў мяне маёр.

   —  Грамадзянін начальнік...

   —  Гражданин начальник! — гыркнуў ён, але затым ужо спакойна працягваў: —Говорите человеческим языком.

   —  Я гавару з вамі на самай чалавечнай мове — на мове маёй маці. Яе забілі фашысты.

   —  Ну, ладно, ладно, — ужо зусім спакойна сказаў маёр.

   —  Дык вось, нікуды я не дайшоў... А былы дысідэнт — мой таварыш па школе. I не ён сам скалечыў сябе. Скалечылі яго.

   —  Ну, ладно, ладно, гражданин Кухарев... Так вы — в райком?

   —  Так. У райком.

   —  Хорошо. Вы свободны.

У дзяжурцы «мой» міліцыянер растлумачыў мне, што рабіць далей — пайсці на пошту, заплаціць штраф, прынесці квіток — ён аддасць дакументы і сумку...

Пошта была побач, і я хутка справіўся, выйшаў з аддзела на ганак, і толькі тут стукнула мне ў галаву: чагосьці не хапае, а чаго — ніяк не ўспомню. Стаю на ганку, нават вочы заплюшчыў, сціснуў далонню лоб — чаго, чаго ж не хапае?..