I тут, нарэшце, аднекуль збоку і не зусім далёка я пачуў ціхае, жаласлівае скуголенне. Я збег з ганка — туды, на голас, за кусты. Паэт ляжаў у крапіве, трымцеў усім сваім цельцам. Белая плямка над вокам была ў засохлай крыві. Ён дыхаў — цяжка, але ж дыхаў, і знізу, ад зямлі, неяк зусім бяздумна глянуў мне ў вочы сваімі вачанятамі і адвярнуў іх убок ад мяне.
Я паставіў сумку на зямлю, асцярожна ўзяў Паэта на рукі, ён злітаваўся нада мной: слаба лізнуў мне пальцы. Язычок яго быў сіні і не такі ўжо цёплы, як раней. Яму, мусіць, стала балюча ад дотыку маёй рукі, і ён ціха-ціха скавытнуў. Я палажыў яго ў сумку, расшырыў па баках шчыліны — каб даволі было там паветра. Нас ніхто не бачыў за кустамі, ніхто не чуў — Паэт маўчаў.
Я зірнуў на гадзіннік: заставалася з паўгадзіны да аўдыенцыі ў райкоме. Узяў сумку, ступіў з-за кустоў на тратуар, і — мы пайшлі. Мне балела ныла ў жываце. Няўжо, падумаў я, іх вучаць біць па пячонцы, па нырках, што й знакаў ніякіх? I нікому не паскардзішся, сорамна: здаровага мужчыну гэтак збіў малады міліцыянер, які па ўзросце яму ў сыны гадзіцца. Та-ак, сапраўды: калі дадуць міліцыі дубінкі, ох і будуць барабаніць па спінах, асабліва калі надарыцца дзе якая заварушка. А заварушкі маюцца быць — без гэтага грамадскі лад доўга не трывае...
Ішоў я тратуарам да Дома Саветаў, нёс у сумцы Паэта, які паміраў, і мне ўсё балела. I раптам стала смешна, і я засмяяўся, хаця й не надта голасна: я ўявіў, што вось гэтак, як я — сабаку, нехта фантастычна вялізны й дужы паклаў мяне самога ў агромністую валізу і нясе, нясе, і я там дыхаю сабе паціху, і мне там добра й лёгка, бо я спакойна бяздумна паміраю, закалыхваюся ў той прасторнай валізе...
Але Паэт, нарэшце, азваўся, ціха гаўкнуў з сумкі. Ага-а, жывы жэўжык! Вось зараз мы з табой увойдзем у партыйна-савецкі храм, толькі прашу цябе: не гаўкай там і не пісяйся.
Ззаду, хаця й здаля ўжо, данеслася лаянка. Я азірнуўся: з ганка сталоўкі падаў на вуліцу Юра, нехта моцна штурхнуў яго там. Юра ляжаў на зямлі, хапаў рукой паветра — хацеў падняцца й не мог. Крык і рогат стаялі там. Я памкнуўся пайсці, пабегчы да сталоўкі, але здарылася зусім нечаканае: ад хаты Васільцавых подбегам ішла Тамара, завязвала на хаду паясок халата. Яна нахілілася над Юрам, потым махнула некаму рукой, і той нехта памог ёй паставіць Юру на ногі. Тамара паклала Юрыну руку сабе на плечы, абняла яго пад пахі і павяла на тратуар. Юра паслухмяна перастаўляў ногі, так і дайшлі яны да яго хаты... А мне, калі я стаяў і глядзеў ім услед, чамусьці ўспомніліся Тамарыны словы: «Схватил меня за плечи и поцеловал, чёрт, да так, что у меня голова закружилась...»
Мы з Паэтам пайшлі далей. Пад маладой ліпай ля тыльнай сцяны Дома Саветаў стаяла драўляная, пафарбаванаяў блакітны колер, лаўка. Я паставіў на яе сумку, дастаў люстэрка, паглядзеўся: на лбе быў сіняк з чырвонай драпінай. Наслініў насоўку, пацёр ранку, люстэрка паказала: крыві няма. Паэт скурчыўся ў сумцы, сумна глядзеў на мяне. Насупраць Дома Саветаў, з другога боку шырокай вуліцы-шашы, на двух ці трох металічных слупах прымацаваная доўгая і вузкая бляха, па яе чырвоным полі — вялікія жоўтыя літары: «Вперёд — к победе коммунизма!» Правы слуп моцна пахіліўся назад — мабыць, грунт пад ім быў плыткі, мяккі, і таму канец бляхі, услед за слупам, быў скурожаны, а разам з бляхай было скурожана і апошняе слова лозунга, толькі клічнік стаяў цвёрда і непахісна.
Мы з Паэтам абагнулі Дом, падышлі да высокіх прыступак фасада. I тут, раптам, парасчыняліся ўсе дзверы Дома, і ўніз па прыступках на плошчу рушыў натоўп па-святочнаму апранутых жанчын — і старых ужо, і сярэдняга веку, і маладых. Над дзвярамі Дома вісеў свежы лозунг: «Привет участникам районного совещания передовиков животноводства!» Следам за жанчынамі йшла купка мужчын, адзін з іх — я пачуў —сказаў: «Па рублю, мужыкі».
Я ўвайшоў у вестыбюль. Сухенькая, з загарэлым, дужа маршчакаватым тварам кабеціна ціха, як чаго саромеючыся ці баючыся, спыталася ў мяне:
— А дзе тут, чалавеча, кілбаса прадаецца? Кажуць, па дзяшоўцы?Я ж за паўгода па дзве тысячы літраў надаіла...
Я адказаў, што не ведаю, дзе. Нейкая раскошная, расфарбаваная дама праходзіла міма, трымала ў руцэ вялізную гаспадарчую сумку, зверху якой звісаў тлусты канец кілбасы. Кабеціна — да яе:
— А дзе тут, даражэнькая, кілбаса прадаецца? Кажуць, па дзяшоўцы? Я ж за паўгода па дзве тысячы літраў надаіла...
Дама мімаходзь азірнулася на перадавую даярку, махнула некуды ўбок вялай рукой: маўляў, там... Тады я павёў кабеціну па калідоры, паказаў ёй на дзверы буфета. Яна хутка выйшла адтуль, сказала, што кілбасы ўжо няма. I я рашыўся: паставіў сумку ў калідоры, сказаў даярцы, каб пачакала, зайшоў у буфет, там было ўсяго трое-чацвёра чалавек — яны пілі за столікамі каву. Я рашуча падышоў да прылаўка, дастаў з кішэні грошы, даў іх буфетчыцы, сказаў важна: «Тры кілаграмы кілбасы. I загарніце, калі ласка».