Выбрать главу

Я выйшаў з палаткі, кінуў у падлесак варанай марской рыбы і зноў хлеба. Ці будзе журавель гэта есці? Калі сілы яшчэ ёсць, з’есць. Спачатку, як толькі кінуў, там, у нізкім гушчары, было ўсё ціха. Але счакаўшы, я ўбачыў у вячэрнім змроку, там слаба здрыгануліся малыя хваінкі, потым варухнуліся мацней, нахілілі<!я ў бакі, і ўрэшце сціхлі. Я пайшоў у палатку, лёг на сена. Яно пахла святаяннікам і папараццю. 3 лесу наплываў пах жывіцы.

Доўга не мог заснуць, ляжаў з расплюшчанымі вачыма, але ўсё-ткі ненадоўга заснуў. Прачнуўся ўстрывожаны: нехта стаяў перад уваходам у палатку і глядзеў на мяне, і вочы яго блішчэлі, мусіць, святлом месяца, а тое святло ішло зверху між соснаў...

Калі журавель ціха знік у сваім гушчары, я захінуў уваход — каб да раніцы мы больш не трывожылі адзін аднаго. Не спалася ўсю ноч. Ведаў, што й журавель там, можа, толькі прымружыў вочы.

I мне яшчэ раз успомніўся той дзень перад Бобрыкам. Сястра Галя запрасіла мяне лістом заехаць да яе ў Верхнюю Гаць. Па дарозе да яе і сюды, на Бобрык, я спыніўся ў райцэнтры на шашы Мінск — Брэст. Сышоў з цягніка на перон, а потым — на прывакзальную плошчу. Па той бок плошчы на месцы ўтульнага скверыка са старымі таполямі і ясенямі цяпер стаяла адно: чалавечы гармідар між прылаўкамі, пад доўгімі чорнымі павецямі, на залітым, запляваным, з растаптанымі бананавымі скуркамі асфальце. Цёткі панура сядзелі на ўслончыках перад мяшкамі з семкамі, стаялі за прылаўкамі, на якіх ляжалі бананы, апельсіны, лімоны, грыбы, маладая бульба, гранаты... I над усім гэтым зверху звісалі спадніцы, штаны, трусы і ўсялякае еўрапейскае і турэцкае рыззё. Хлопцы і дзяўчаты ў стракатым адзенні (у некаторых дзяўчатак трусікі з-пад кароценькіх спаднічак віднеюцца, у хлопцаў на джынсах ззаду, жоўтай дратвай вышыта «115 АКМІ») крычалі, рагаталі, лаяліся, пілі, жавалі, смакталі, брыкаліся, цалаваліся проста на плошчы, перад машынамі (тут мне і горка, і светла ўспомнілася: ужо на світанні, у скверыку, на лаўцы пад зацішным густым ясенем я, нарэшце, асмеліўся пацалаваць маладзейшую на клас дзяўчынку-дзевяцікласніцу, — яна тады ўраніла мне на далонь слязу, нешта ціха прашаптала і пабегла дахаты...) Сівы ветэран у сінім, яшчэ «тым» бастонавым касцюме з ордэнскімі калодкамі на грудзях, і «біч» — няголены, у падраных тапцях — стаялі ля металічнай агароджы рынку, і «біч» шаптаў ветэрану на вуха, а той піў піва з бутэлькі: «Пакіньце трохі». Ветэран пакідаў пену на дне бутэлькі, ішоў у іншы куток рынку — там смажыўся шашлык і наліваліся сто грамаў гарэлкі, «біч» і тут шаптаў: «Пакіньце во столечкі...» — і паказваў пальцамі «во столечкі» — ветэран і тут нешта пакідаў яму, ішоў да варотцаў, там браў у знаёмай кабеціны бутэльку гарэлкі (з падпольнага ўкраінскага спірту, які заліў ужо ўсё Палессе), азіраўся на «біча», а той сачыў за ім, ныраў у натоўп спекулянтаў якія называліся чамусьці камерсантамі, паказваў «бічу» кукіш і знікаў у блізкім кафэ, туды бомж не палезе.

Сярод спекулянтаў ля вакзала я пазнаў былога інструктара райкома партыі: ён быў нягледзячы на спякоту апрануты ў чорную скураную куртку, адхінаў яе крысо, нешта паказваў мужчынам, казаў: «Толькі што з завода...» Шыракаплечы, ружовашчокі. Пазнаў мяне, паманіў пальцам, азірнуўся па баках — міліцыі не было, дастаў з нагруднай кішэні бутэльку, адкаркаваў, і мы выпілі «з гарла» — пад пгум навокал, за сустрэчу. Як сустрэліся, так — нечакана — і рассталіся...