Вярнуўся да палаткі. Сонца ўжо грэла. Ад моху, ад лісця, ад брызенту падымалася пара. Па цёплым, мяккім імху босы пайшоў на ўзлесак, да свайго пня, сеў на ім, звесіў ногі, бачыў перад сабой разбіты асфальт, за ім — пажоўклую атаву, чорны бераг Бобрыка, а далей, скрозь туман — абрысы вясковых хат у садах, над імі — вярхушкі тэлеграфных і электрычных слупоў, адну пустую буслянку на шырокай бярозе з абрэзанай вершалінай. Далекавата, на небакраі, стаяла блакітнае сонца, блакітнае, мабыць, ад некранутай — месцамі — каўшамі экскаватараў Ясельды. Потым сонца пойдзе на Велясніцу, на Рудку, пастаіць над дваром Жэні Янішчыц. Потым павольна пакоціцца на Моталь, адкуль ужо чуецца ціхі, як з-пад зямлі звон нажніц — іх там востраць перад стрыжкай авечак. Перад тым сонца падсушыць парк графа Скірмунта каля Парэчча, адкуль лёгкі ветрык прынёс пах мокрага сукна з поплаву і пладова-ягаднага віна, — таму я пачуваю сябе на пні то маскоўскім царом, то польскім каралём, але раптам адчуваю, як з травінак — па нагах, пад штанамі — пайшлі мурашы, таму які ты тут цар ці кароль...
— Го! Здароў буў! — густы бас за маёй спінай. Я азірнуўся праз плячо: пад ялінай стаяў мужычок — худзенькі, чарнатвары, у куртузе, белай кашулі навыпуск, выцвілых картовых нагавіцах і белых жаночых басаножках. Ён глядзеў на мяне спадылба, у адной руцэ трымаў лазовы кошык з сыраежкамі і падбярозавікамі, у другой — паляўнічую аднастволку з абшарпаным, патрэсканым прыкладам.
— Добрай раніцы!
Ён насупіўся, паставіў ружжо прыкладам на зямлю.
— Го! Што ты мэні раніцаеш! Кажы «Здароў буў!», чы — «Здароўбыў!»
Я рассмяяўся, сказаў:
— Здароў быў! Здароў быў! Сто разоў — здароў быў, даражэнькі!
— А то — «Добрай раніцы, шаноўныя слухачы»! Ужэ й таварышамі былі, і спадарамі былі. А зарэ — на тобі: слухачы! Што за слухачы? Таўкачы!.. — Перастаўляючы ружжо, падышоў бліжэй.
— Гарэлка е?
Я ніколькі не здзівіўся паляшуцкай прастаце: даўно яе ведаў, —
таму па-свойму, па рагачоўску адказаў:
— Ё.
— Бо шось у чэрэпкові нэ тэе... А дэ?
— Збегай вунь туды, — я паказаў рукой, — там палатка, а ў кутку —рукзак... Знойдзеш.
Чалавек прысланіў ружжо да пня, паставіў кошык на мох, і трушком між соснаў... пасунуўся на край шырокага пня, даў яму месца, ён паставіў на пень між намі бутэльку «Белавежскай», ужо адкаркаваную ім, можа, яшчэ ў палатцы. Кажа:
— Оно панюхаў — і ўжэ захоцілось жыты. Ну, давай...
Ён выпіў з рыльца, даў бутэльку мне, выцер рукавом кашулі рот, нахіліўся з пня, узяў з моху ружовую яловую шышку, панюхаў, заплюшчыў адно вока, выдыхнуў:
— Го!
Кажу яму:
— Дык там жа й закуска ё. Збегай.
— Нашчо? На во! — ён узяў з кошыка белую, крамяную сыраежку. — Озьмы! Сыро-еж-ка...
I я выпіў крыху, узяў на зубы грыб, ён пах зямлёй, мохам, і, здаецца, туманам — і ўсё гэта было проста і добра.
— Го! — выдыхнуў чалавек яшчэ раз і зноў выпіў, але зусім мала, крактануў, усміхнуўся, і ўсмешка — доўгая, на ўвесь рот — у каторы раз пацвердзіла маё перакананне ў тым, што палешукі — народ не толькі просты, але й вельмі добры з тымі, каго, хоць і каротка, уведае. Зацятасці й злосці доўга не трымаюць. I — што праўда, то праўда — народ хітраваты, у лапці, як кажуць, яго не абуеш, як яшчэ кажуць цяпер, лапшу яму на вушы не павесіш.
Пытаюся:
— Як цябе зваць?
— Па-нашаму — Янко, па дакументах — Іван, Іван Іванавіч Янчук. Го! Атыхто?
Я назваўся.
— Васточнік?
— Гомельскі.
Янчук спагадліва схіліў галаву, памаўчаў.
— Я — зарэ.
Ён дастаў з кішэні ножык, — свежы драўляны чаранок, чорнае, даўно «з едзенае» пасярод лязо, — пайшоў да бярозы, адрэзаў ад яе стужку бяросты, адрэзаў ад галіны штырок, абчасаў яго, праткнуў наскрозь цесна скручаную бяросту, вярнуўся да пня, палажыў побач з бутэлькай гатовы посуд — карэц, як казаў некалі мой ямнаўскі, ля Дняпра, дзед.
— Збегай, Янко, у палатку, вазьмі там чым закусіць.