Выбрать главу

Ён збегаў, разлажыў на пні хлеб, нарэзаў сыру, цыбулі, салёнага агурка, адкрыў «Шпроты», і, каб не скаціліся з пня, палажыў сабе на прарэх два апельсіны.

   —  То давай яшчэ вып’ем. За здароўе тваіх землякоў.

Ён наліў карэц гарэлкі, выпіў. Мне ўжо не было чаго выпіць, і таму ён сказаў:

   —  Я — зарэ. Оно загляну дахаты.

Не паспеў я туды-сюды на сваім пні павярнуцца, як ён прыбег. Найперш праверыў, ці цэлае яго ружжо, панюхаў рулю, палажыў ружжо на мох ля нагі, сказаў:

   —  Здэцца, усё ўмію, а стрэляты ны ўмію. У сорак чацвёртым булы ўзялы ў войско, то ў Прусіі хлопцы завязвалі мні гонучою лівэ гоко — ны міг прыжмурыты...

   —  А сёння навошта з ружжом?

   —  Трэ жураўля одного застрэліты.

Гэта ён сказаў так спакойна, што я ледзь не ўпаў з пня.

   —  Жураўля?

   —  Так, Хвэдоровіч. Жураўля.

Я прыўзняўся з пня.

   —  Як так? Жураўля?!

   —  А от так. Жураўля!

   —  Янко Іванавіч!..

   —  А от так! Жураўля....

больш мы не пілі, не елі. Янко ўзяў ружжо, пайшоў на ўзгорачак між соснаў. Там было светла, грэла сонца, мох, напэўна, зусім прасох. Янко палажыў ружжо на зямлю, зняў басаножкі, лёг тварам уверх, насунуў картуз на вочы, залажыў рукі пад патыліцу, маўчаў. Я падышоў да яго, прысеў побач. I тады ён расказаў пра сваю бяду.

Учора, перад навальніцай, прыехаў з Пінска сын, у сваім «Аўдзі» прывёз чалавека з чорнымі валасамі ніжэй лапаткаў. Чалавек гэты рабіў чучалы птушак і дробных звяроў для школьных краязнаўчых музеяў, пачуў, што на лугавіны ля Бобрыка калі-нікалі садзяцца жураўлі. Так яно ўчора і было. Зусім блізка ад саду, ля сажалкі, бераг якой густа зарос лазняком, села жураўліная пара. Відаць, птушкі былі ўжо старыя: апускаліся да зямлі цяжкавата, узмах крыла быў рэдкі, задоўжаны. Звесіўшы дзюбы, нерухома стаялі між высокімі купінамі. Калі грымнуў гром, яны трывожна пераступілі з нагі на нагу, падскочылі — хацелі ляцець на алешнік, перад лесам. Але тут па іх стрэлілі. Адзін журавель адразу ўпаў на купіну, нават не торгнуўся ні крылом, ні нагой. Другі журавель быў ужо ў нізкім лёце, але апусціў крылле, стаў на зямлю, глядзеў на суродзіча, што нерухома ляжаў на купіне, і вецер кінуў у бок ад яго шэры пух і пярынкі. А ў садзе валасаты нерваваўся: хлопнуў па кішэнях — патронаў не было, забыўся ў хаце. Ён разгублена замітусіўся, знайшоў пад нагой камень, моцна кінуў яго ў жураўля. Янко сам з двара бачыў — камень трапіў-такі ў бок жураўля. Птушка падскочыла, забіла ў паветры крыллем, паднялася вышэй, зрабіла над забітым жураўлём круг, паляцела ў бок лесу, павольна, цяжка, нізка, хіснулася над алешнікам, і тады ўпала на дрэва... Янко сказаў, што старыя, нямоглыя жураўлі або падранкі лятуць паміраць на хмызняковыя балоты на Выганаўскае возера, некалі, яшчэ пры Сталіне, жураўлі збіраліся між возерам і Свяціцай — вёскай, але потым на тым, паўночным беразе людзі зрабілі бетонныя пляцоўкі, з якіх узляталі верталёты, паставілі катэджы... Адтуль звычайна налятаў Машэраў, верталётам на калгасныя палі Палесся... На супрацьлеглым баку возера — канал з рыбалавецкімі маторамі, дачы высокіх асоб з Мінска і Масквы, дык жураўлям засталіся прынаднымі прьгазёрныя балотцы, у густых хмызах, — на ўсход ад вады, у бок Раздзялавічаў. Жураўлі ведалі надзейны нябесны шлях ад Гарыні, Прыпяці, Стыра, Стадола — над Ясельдай, Бобрыкам — на Выганошчы. Туды, напэўна ж, маецца ляцець, калі здужае, падбіты журавель. Янко ведае, бачыў з двара: птушка ўпала на дрэва, і сёння раненька ён абышоў узлесак, бачыў маю палатку і знайшоў у гушчары мясціну — там, кажа Янко, ласаваліся вароны, ці сарока, ці шуляк, бо толькі іхнія дзюбы могуць гэтак лёгка дастаць корм з ракавінкі.

Трэба знайсці яго, казаў Янко. Развялося гэтых спекулянтаў, камерсантаў. На птушак ужо абрынуліся... Анатоль Хведаравіч, дужа шкада старога, слабога, падбітага жураўля. Ён не выжыве ўжо. Сёлетні вырай ужо не для яго. I трэба схаваць птушку ў зямлі. Бо як памрэ — знюхаюць труп, нахлынуць сюды ўсе пацукі. Жудасць бярэ, як пацукі расцягаюць птушку, да перыйка. Не, жураўля трэба схаваць у зямлі. Але яго трэба знайсці і застрэліць. Каб не пакутаваў.

   —  Не! — рашуча сказаў Янко з зямлі. Пацукам жураўля ён не дасць. Пацукі — «найгідкае» стварэнне, яны першымі збеглі з Ноева каўчэга, калі карабель з божымі стварэннямі натыкнуўся на скалу...

Гэта Янко сказаў, засынаючы. Праз колькі хвілін ён расплюшчыў адно вока, міргнуў мне і дадаў:

   —  Я, Толя, галоўны калгасны вартаўнік. На свінарніку ноччу старажую, днём лаюся са сваей Янковіхай. Чаравікі мае хавае, кажэ: вон, стары валацуга — басаножкі свае»не дае, то я — нышком, нышком, р-раз — і басаножкі ў кішэнях... Кажэ: пры Ельцыну надто дорогімі сталі чаравікі. Усі на его, бідного, — і махія, і чачэнцы, і бабы... Разбудыш мэнэ, Толя, праз годыну. Збігаю дохаты, прынэсу каструлю і шчэ чого...