Янко заплюшчыў вочы.
Я сядзеў на пні і думаў: Янко, Янко, а ці не сам ты, а ці не сам я ўжо даўно падбітыя? I ці не шукаюць нас, дый не толькі нас з табой, — ці не шукаюць нас людзі з ружжамі, дый не толькі з ружжамі — з лазерам, а мы хаваемся, хаваемся — хто дзе... Мой сёлетні адпачынак у палескай глушы, — дзякаваць Богу, яшчэ ёсць на зямлі глухія куткі Палесся, — гэта не проста адпачынак — гэта ўцёкі...
Я падышоў да Янка, паклаў яму на плячо руку, але ён не спаў, глядзеў прымружаным чорным вокам кудысьці ў неба між соснамі. I раптам паставіў рукі на дол, так крыху пасядзеў, потым падхапіўся, азірнуўся вакол, прыслухаўся, пабег на прасеку. Ружжо і кошык з грыбамі пакінуў тут. Я ж падумаў: а ці не прыйдзецца мне ўцякаць і ад цябе, дарагі Янко?..
Я сабраў усё з пня ў пакет, занёс у палатку, перанёс туды ружжо і кошык. Янко вярнуўся з невялікім чыстым мяшком за плячыма, дастаў з яго каструлю, невялікі трыножнік, лыжку, двухлітровы тэрмас з вадой, гліняную місачку, некалькі тоўстых аржаных бліноў у белым ручніку, дзве чаркі, сказаў, што памякчэла яго Ганна, памагла зладаваць мяшок і нацягнуць на ногі гумовыя боты, прасіла не дакучаць «чоловікові, учытэлю» і каб хутчэй ішоў дахаты — паспаць перад начным вартаваннем. Янко наліў сабе чарку гарэлкі, выпіў, яшчэ адну, крактануў, выцер рот рукавом, высыпаў з кошыка на мох грыбы, сказаў, каб я зварыў сабе грыбоў, а сам схапіў ружжо і пабег прасекай туды — на поплаў, за якім быў сад і ў садзе — хата...
...Недалёка ад палаткі, на прагалку між дрэвамі, я сарваў рукамі дзёран, аблажыў ім, зямлёю ўверх, пясчаны круг, паставіў трыножнік, знайшоў смалісты пянёк, адарваў ад яго лучыны, сабраў сухога голля, наліў у каструлю вады з тэрмаса, пачысціў грыбы, запаліў агонь... Калі грыбы зварыліся, я патушыў агонь, засыпаў вуголле зямлёй. Янко сёння ўжо, напэўна, не прыйдзе сюды. У лесе ціха, так ціха, што, здаецца, чутно, як варушыцца вялікі мурашнік пад елкай. Паўдзённая спёка і ў лесе, асабліва між соснамі, душна, птушкі сціхлі ў голлі дрэў, у кустах. Неба над лесам, над Бобрыкам, над нябачнай Ясельдай — яснае, светлае. Я абышоў лес наўкола, паглыбіўся ў густую глуш — думалася, што, можа, знойдзецца які след жураўля, але — нічога. Адно знайшоў, на доўгай невысокай градзе, зарослыя травой чорныя, старыя шпалы — рэшткі вузкакалейкі, якая йшла некалі на Целяханы, і на Лунінеччыну. Той чыгункай вывозіўся колісь тутэйшы лес у Еўропу. Рэйкі палешукі разабралі на бэлькі.
Пастаяўля жураўлёвай хваінкі. На ўсякі выпадак прынёс з палаткі і палажыў на мох яшчэ варанай рыбы, паставіў слоік з вадой. Пайшоў да свайго пня, сеў на тоўсты, — выходзіў з зямлі, — корань, прыхінуўся спінай да дубовай кары, глядзеў перад сабой і нічога не бачыў, заплюшчыў вочы. Толькі пачуў, як з яліны побач упала шышка...
Мабыць, я прыдрамаў, бо калі ачомаўся, то ў лесе стала ўжо вечарэць. Ад соснаў на ўсход ляглі доўгія ствалы ценяў. Я паціху ступаў па гэтых ствалах ад свайго пня ў бок палаткі, і раптам над галавой маёй нешта прайшло ў паветры — яно, паветра, ціха калыхнулася па твары, валасах. Я глянуў уверх: журавель! Ляцеў ён нізка, ужо між соснаў, паволі пакалыхваючы крыламі, і ўжо апусціў доўгія ногі, дрыгаючы імі — збіраўся апусціцца на зямлю ў сваім падлеску — і таму падняў крылы, узмахнуў імі і яшчэ ўзмахнуў над сабой, знайшоў свой прагалачак у гушчары і ўпаў ўніз, на зямлю. Я асцярожна, каб не трэснула пад нагой сухая галінка, падышоў да палаткі ззаду. Як жа ўвайсці ў яе, каб не спудзіць птушку? Яна, пэўна, глядзіць з-за вецця на ўваход. Хваінка не зварухнулася. Ці знайшла там птушка корм? Што б там ні было, а мне трэба паказацца — трэба ўвайсці ў палатку.
Збоку, блізка, затрашчала сухое голле. 3 прасекі сышоў і йдзе сюды Янко з ружжом у руцэ. I тады я рашуча ступіў з-за палаткі — настрэчу Янку. Ён крыкнуў:
— Го! Ну, як вітэ? Жывы-здаровы?
— Усё добра, — ціха сказаў я. — Хадзем у палатку.
Ён залез за мной у палатку, глянуў па кутках, спыніўся кароткім, прымружаным позіркам на пакеце ў кутку.
— А я во паспаў у дома. Зарэ — на свінарнік. Тут ныдалэчко, чэрэз міст... Ну, шчо? Жураўля ны чуваты? Як жывы шчэ — то обов’язково прылэтыць сюды, дэ стратыў жураўліху. А на Выгоновскому гозэры, подбытого, старого, ёго могуть задзюўбаты гінчы, здоровы жураўлі. Обов’язково, як зможэ пуднятыса, прылэтыць сюды... А я позбаўлю ёго од покутэў... Р-раз — і нэма!
Янко сядзеў на папаратніку і ўсё пазіраў на пакет, потым пачухаў патыліцу:
— Шось голова болыть...
Я падаў Янку пакет, там было ўсё: і гарэлка, і закуска. Ён выпіў адразу дзве чаркі, закусіў хлебам з цыбуляй, наліў яшчэ чарку, але выпіць не паспеў: з гушчару, з-пад хваінкі, пачулася слабое-слабое «курлы», такое слабое, быццам аднекуль здалёку і звысоку або як з-пад зямлі. Янко адгарнуў мох, паставіў чарку, але яна ўпала на бок. Янко вылаяўся, хацеў падняцца, упёрся рукамі ў зямлю, але плюхнуўся вобзем, пераваліўся на спіну, адчайна ўзмахнуў нагамі ў паветры і аціх, заплюшчыў вочы.